Прэзэнтацыя новага і першага студыйнага альбому гурта “Серебряная Свадьба” з назвай “Сердечная мускулатура” адбылася ў клубе “Мулен Руж” 30-га студзея. Кабарэ-бэнд цудоўна ўпісаўся ў атмасфэру клуба, і наўрадці знойдзецца ў сталіцы месца, што лепш адпавядала б такой падзеі. У залі па прыблізных падліках арганізатараў прысутнічала звыш васьмісот чалавек. “Мы вельмі рады, што можам парадаваць сваей творчасцю людзей; асабліва прыемна, што людзей шмат,” – прызналася вакаліста гурта Святлана Бень.
Канцэрт складаўся з двух частак. Першая частка больш выкарыстоўвала тэатральныя элементы: пераапрананне, мініяцюры, выкарыстоўванне лялек. Другая ж — больш ілюстравала кабарэ-бок гурта.
Танцпляц пад некаторыя кампазыцыі, кшталту “Я і Францыя”, пераўтвараўся ў вялізную колькасць “звар’яцелых” – яны спявалі, проста нешта крычалі, танчылі, альбо гулялі ў “Броўнаўскіх малекул”, носячыся па зале. Настрой змяняўся ў залежнасці ад песні ад меланхалічнай эйфарыі да шалёнага экстаза.
Пасля канцэрта Бенька дала інтэрвію для budzma.org
Як вам канцэрт?
Мне было камфортна, цікава. Паколькі праграма новая, мне ў чымсьці было складана, страшна. Новая пляцоўка, складаная сцэна, мы шмат гадзін аддалі проста на тое, каб на ёй паспяхова размясціцца.
У чым будуць адрозненні паміж канцэртамі?
Праграма будзе тая ж, але, безумоўна, мне будзе лягчэй выступаць.
Якую ролю ў жыцці гурта грае альбом?
Гэта вялізная падзея ў нашым жыцці, можа быць самая вялізная з таго, што адбывалася з “Свадьбой”. Мы запісалі пранізлівыя, лірычныя песні . Ён невясёлы, не хвацкі-заліхвацкі, ён тэатральны, вельмі тонкі, вельмі эстэтны. Мне падаецца, што ён мае дзве функцыі: парадаваць “тонкіх” людзей і адсекчы “нятонкіх”. Адначасова стваральны і разбуральны, гэта вельмі правільна, я думаю, што без разбурэння нельга рухацца далей. Ён этапны і першы ў нас паўнавартасны, у яго ўкладзена шмат працы, сілаў і эксперыменту.
Чым будзеце займацца на вакацыях?
Мы будзем рыхтаваць новую програму і запісываць альбом. Гастролі перашкаджаюць нам у тым сэнсе, што мы не можам засесці за старанную работу. Без яе складана прасунуцца, крочыць наперад. Мы заўжды ў паездках, заўжды з валізамі, кудысьці нясемся… Гэта адбірае вельмі шмат энэргіі і мала творча падсілкоўвае, нам трэба натхніцца і падрыхтаваць што-небудзь новае.
Чаго пажадаеце слухачам да наступнай сустрэчы?
Я не ведаю, што пажадаць людзям: проста гэта вельмі небяспечна… Бо я пажадаю, а яно можа і… здзейсніцца. Няхай усе жывуць ярка – вось маё пажаданне!