Кінакрытык Уладзімір Аладзьін робіць кароткі агляд серыялаў, што паспелі з’явіцца ў гэтым годзе.
Аплявуха / The Slap
Рэмейк аўстралійскага міні-серыяла 2011 года, які будаваўся на аўстралійскай навеле 2008-га. У вачах цёмна ад зорак у акцёрскім складзе: Ума Турман, Закары Куінта, Пітэр Сарсгаард, Тэндзі Ньютан — амаль кожны твар у кадры ў чым-небудзь добрым ды засвяціўся.
На сямейна-сяброўскім свяце адзін з дзяцей пачынае буяніць, за што атрымлівае аплявуху ад дарослага госця. Навакольныя бянтэжацца, маўляў, чужых дзяцей біць па твары крыху па-за парадыгмай амерыканскай сістэмы каштоўнасцяў. Хтосьці спрабуе замяць інцыдэнт. Але мама пацярпелага тонка адчувае культуру сучаснасці і спрабуе выплюхнуць усе істэрычныя перажыванні і нездаволенасць жыццём праз тое, што здарылася, абазначыўшы аплявуху сыну як характараўтваральную дзіцячую траўму, а агрэсара аддаўшы пад суд.
Напэўна, гледачоў, якім этычна роднасныя духоўныя скрэпы і ўласная дарога (але з улікам міжнароднага вопыту, вядома) Расіі, гэты серыял наогул не закране. У сэнсе, калі ў Расіі зробяць рэмейк гэтай гісторыі, дзіцяці, што атрымала ад госця аплявуху, дадасць па карку бацька — і канец, тытры.
У The Slap жа дзеянне набывае актыўнае развіццё — аплявуха робіцца каталізатарам канфліктаў, вентылятарам, на які ўкінулі міжкультурныя недаказанасці. Бацькі дзіцяці любяць дзіця і не бачаць няшчасця ў тым, што сын паводзіць сябе як навязлівы прыдурак, які захлынаецца ў беспакаранасці. Госць, які ўдарыў яго, родам з Грэцыі — ён наогул ледзь-ледзь улоўлівае, навошта з аплявухі рабіць сенсацыю. Сведкі таго, што здарылася, самі са сваімі праблемамі, сакрэтамі аб праблемах чужых і марамі пра тое, як свае праблемы перакласці ў тую кучу, дзе чужыя.
Паколькі гісторыя ў сваім развіцці вельмі абмежаваная (запланавана 8 серый, з якіх выйшла пакуль 6), то вялікая спакуса рабіць высновы ўжо па заканчэнні серыяла. Але пакуль усё вельмі цікава. Ад гэтай аплявухі застанецца след.
7/10
Агент Картэр / Marvel’s Agent Carter
Калі напісаць, што марвелаўцы збіраюцца заваяваць свет, чытач можа глянуць на каляндар — ці сапраўды 2015-ы на двары. У сэнсе ўсе гэта ўжо шмат гадоў як заўважылі, пачалі адмаўляць, гандлявацца, занурыліся ў дэпрэсію — а цяпер, відаць, усё ж такі прынялі. Яны, Марвел, таксама адчуваюць перспектыву свайго панавання як непазбежнае, а таму ўзяліся і за серыялы, без якіх у поўнай меры людцаў не заняволіць.
Яшчэ ў 2013-м яны, Марвел, далі старт Marvel’s Agents of S.H.I.E.L.D. пра агента Колсана з “Мсціўцаў” і яго каманду. Па стане на канец другога сезона — вельмі дрэнны, штампаарыентаваны, дурны, але больш-менш займальны серыял. У 2015-м яны, Марвел, запусцілі Agent Carter. Пра сяброўку Капітана Амерыкі, якая, калі яе каханы затрымаўся на дзесяцігоддзі ў льдах і не бярэ трубу, працягнула актыўна змагацца з нацысцкімі суперсакрэтнымі агентамі, працаваць у спецслужбе, раскрываць змовы і ўсё вось гэтае тупое гаўно.
У Agents of S.H.I.E.L.D. быў жудасна абаяльны Кларк Грэг (які агент Колсан) і набор мілых мордачак на перыферыі. І тое, лічы, не пацягнулі — неяк ад бяды ды папалам. У Agent Carter ёсць толькі нейкая вечна напружаная баба пасярод кадра, чые прыгоды ў поўнаметражных карцінах Марвел не запомніў ніхто. Як магчымасць па датычнай згуляць на заслугах поўнага метра часам на экран урываецца Говард Старк, бацька Жалезнага Чалавека і выток звычак ды схільнасцяў апошняга. Але і выканаўца ролі Говарда Дамінік Купер — абсалютна гарантавана не Даўні-малодшы, і за Старка-старэйшага ў серыяле ўсё больш адказвае яго тужлівы дварэцкі.
Усё гэта прашытае немудрагелістымі спробамі знайсці энергію для аповеду ў барацьбе Картэр з сэксісцкімі выпадамі і падколкамі калегаў. Падчас гэтых сцэн вельмі нязручна ўсім задзейнічаным акцёрам. Асвятляльніку, аператару, усёй здымачнай пляцоўцы, а галоўнае — гледачу.
Наогул незразумела, на які ляд усё гэта было ім, Марвелу, ладзіць — у коміксах ёсць процьма не горшых сюжэтаў. “BECAUSE FUCK YOU THAT’S WHY”, — яны, Марвел, растлумачаць.
2/10
Звышздольнасці / Powers
Варыяцыя на тэму горада, у якім у вялікай колькасці і больш-менш будзённа жывуць супергероі. Тэма выдатная: як мінімум адзін геніяльны серыял у яе рамках зняты быў — брытанская камедыя на 6 разоў па 22 хвіліны No Heroics 2008 года. У якой дзеянне амаль не выходзіць за межы супергеройскага паба, дзе супергероі-аўтсайдары глядзяць навіны, п’юць, размаўляюць, п’юць, скардзяцца на праблемы і п’юць, пасля чаго п’юць.
У Powers адкрытага гумарыстычна-здзеклівага тону няма, але так, каб зусім без яго, вядома, не дазволіць жанр. Тым не менш гэта хутчэй драма і дэтэктыў. Пра былога супервядомага супергероя, які страціў свой дар і цяпер працуе копам у аддзеле па злачынствах з выкарыстаннем суперздольнасцяў.
Наогул, першымі серыямі Powers не ўносіць у жанр нічога новага. І, мяркуючы па ўсім, не ставіць сабе такіх мэтаў — тут задача без рызыкі зрабіць добры серыял, а не спрабаваць зладзіць прарыў, увязаўшыся ў латарэю «атрымаецца ці не».
На шчасце, гэта не касцюміраванае алігафрэнічна-прыгодніцкае дзейства (тыпу Arrow ці той жа Agent Carter). Бліжэйшае да леташняга Gotham, у якім акцэнт на паліцэйскай дэтэктыўна-расследвальніцкай дзейнасці, але за вылікам патугаў на змрочнасць. Powers не вельмі сур’ёзны, з не надта моцным сюжэтам, але сімпатычны, з наборам яркіх персанажаў і з добрым патэнцыялам для таго, каб разагнацца і ўцягнуць. Сочым за развіццём падзей.
6/10
12 малпаў / 12 Monkeys
— Давайце здымем серыял па класічнай фантастыцы Гіліяма 95-га года.
— Ідзіце ў сраку. Спыніцеся, гэта непрымальна.
— Тыпу завязку з арыгінальных “12 малпаў” возьмем, а далей — на што сумлення хопіць.
— Ідзіце ў сраку, няма ў вас сумлення.
— Бруса Уіліса і Брэда Піта, вядома, не прыцягнем, але дзяўчат як мага больш прыгажэйшых пашукаем.
— Ідзіце ў сраку. Пачвары. Ідзіце ў сраку…
Не, не ўсё так дрэнна. Усё пасрэдна — фантастычны калятрылер кшталту добрага The Lost Room 2006-га (дарэчы, зноў пра супергерояў) або такі сабе Paradox 2009-га.
Ну і не было яшчэ ў свеце сцэнару аб падарожжах у часе, які б не выклікаў пытанняў да гільдыі сцэнарыстаў і наглядных органаў, што правяраюць іх дзейнасць.
З выбітнага — толькі памеры расчаравання фанатаў арыгінальных «12 малпаў». Бо ні атмасфера, ні стыль зыходніка не захаваныя. А калі глядзець, забыўшыся пра фільм 95-га, — ну так. Ну больш-менш. Ну, тыпу ідзіце ў сраку.
5/10
Лепш тэлефануйце Солу / Better Call Soul
Спін-оф, пра які ўжо шмат усяго напісана, дзіка папулярнага Breaking Bad. Пра які ўжо занадта шмат усяго напісана.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі, але так ужо атрымалася: Breaking Bad — фенаменальна, проста за межамі рэальнага, пераацэнены серыял. З афігеннай завязкай і бадзёрым фінальным шоў на паўсотні гадзін, большую частку з якіх хочацца спісаць у катэгорыю “правісае сярэдзіна”. Пяць сезонаў, з якіх па-сапраўднаму класнымі можна назваць толькі два. Можна зняць касмічную сагу аб тым, як крытыкі выпраўляюцца ў глыбіні Сусвету шукаць астранамічныя аб’екты, памеры якіх маглі б быць супастаўныя з тым, наколькі перахвалілі Breaking Bad.
А тут яшчэ і спін-оф. А прыстойных спін-офаў гісторыя серыялаў памятае нешта каля аднаго — толькі, калі памяць не хлусіць, Boston Legal.
На цяперашні момант Better Call Saul — вельмі тужлівае відовішча з не прыцягальным, а нават крыху наадварот, галоўным героем. Было б не лішнім трымаць у галаве, што і Breaking Bad разганяўся дастаткова доўга, але аматары простых, элегантных, правільных спосабаў вырашэння пытанняў прапануюць проста забіць.
Драма вакол нервовага, дурнога і несумленнага адваката — нешта вельмі далёкае ад абаяння Breaking Bad. Рэйтынгі Saul ад рэйтынгаў зыходніка павінныя быць яшчэ далейшыя.
Зрэшты, пра гэты серыял яшчэ будзе столькі бурлівых абмеркаванняў, што пакуль няма куды спяшацца.
5/10
Апошні чалавек на Зямлі / The Last Man On Earth
З неагучаных прычынаў з твару Зямлі знікаюць усе людзі. Акрамя аднаго. Дэбіла.
Той праводзіць свае сто гадоў адзіноты, гуляючы ў боўлінг дарагімі аўтамабілямі, у боўлінг з акварыумамі замест кегляў і ў яшчэ некалькі варыяцый боўлінга. Увогуле, увасабляючы імгненныя дэструктыўныя позывы, якія рэгулярна наведваюць адзінаццацігадовых. Герою больш разы ў тры.
У канцы першай серыі ён, дэбіл, выяўляе, што на Зямлі засталася яшчэ і адна дзяўчына — далёкая ад ідэалу вонкава і недалёкая інтэлектуальна мадам, якая працягвае арыентавацца на святлафоры пры яздзе па цалкам апусцелых дарогах. Якая не лічыць, што, загадзіўшы адзін з мільёнаў пустых дамоў, можна проста перайсці ў іншы — не, трэба прыборачку. І ўсё ў такім духу. Потым з’явяцца яшчэ персанажы, але даглядзяць да таго моманту толькі бацькі і сябры стваральнікаў серыяла. Ну, можа, яшчэ некалькі мільёнаў чалавек. Але яны не будуць мець рацыі.
У адной са сцэн герой глядзіць “Ізгоя” з Томам Хэнксам. У агульным і цэлым, на “Ізгоя” аўтары The Last Man і бяруць вектар — зрабіць аповед настолькі лёгкім, наколькі гэта магчыма для персанажа, які апынуўся ў поўнай ізаляцыі ад людзей. І ніхера не спраўляюцца.
У “Ізгоі” пратаганіст быў у неспрыяльных умовах, але не журыўся, у Last Man On Earth герой пры поўных смачнасцяў супермаркетах, але сумны. У сэнсе весяліцца як можа, але глядзець на гэта — як той ладзіць бяззубае перайманне “Дзівакоў” — бязрадасна.
Пазней падзеі ператвараюцца ў камедыю пра двух непрыемных людзей супрацьлеглага полу, але апісаннем гэтага хай зоймуцца бацькі і сябры стваральнікаў серыяла. Ну, ці хто-небудзь яшчэ з мільёнаў чалавек.
3/10
Я — зомбі / iZombie
Чарго-о-о-овы серыял пра дэтэктыва з выбітнымі здольнасцямі. Гэтым разам — пра дзяўчыну-доктарку, якая стала зомбі і ўладкавалася патолагаанатам, каб мець магчымасць вячэраць чалавечымі мазгамі. Ядучы іх, яна атрымлівае доступ да ўспамінаў і звычак памерлых, чым і дапамагае следству.
Сумесь Dead Like Me 2003-га і Forever мінулага года. І тое, і другое — не шэдэўры.
За гумар адказваюць агульныя чарнушныя сітуацыі і нежаданне гераіні раскрываць свету, што яна мёртвая. Дакладней, пералічанае адказвае за пэўную ненулявую імавернасць, інфінітэзімаль у полі выпадку, што гумар прарэжацца ў далейшым (пакуль выйшаў толькі пілот).
За адрынанне гледачом убачанага адказныя невыносныя тупіцы ў героях і вось гэтыя пастаянныя “Як шкада, што я не магу адкрыць родным сваю таямніцу. Я не магу кахаць…” — тая бадзяга, якая нават добрыя, выдатныя шоў можа ператварыць у пакуту на сорак хвілін раз на тыдзень.
Задумка нашмат лепшая за выкананне. Проста яшчэ-э-э адзін такі серыял. Сабраны з шаблонаў і клішэ монстр. Глядзець настолькі другаснае відовішча — як жэрці лайно за ўсіх, быць апошнім у чалавечай шматножцы. Ці трэба гэта нам, пры такім каларытным апісанні, дзеці? Не, не трэба.
4/10
Мужчына шукае жанчыну / Man Seeking Woman
Надзвычайная ў сваёй прастаце задума. Узяць усе абсурдныя, немагчымыя, нелагічныя моманты ў зносінах з дзяўчатамі і зняць іх літаральна.
“Ды мая былая сустракаецца, блін, з Гітлерам!” — можа прагучаць як гіпербала незадаволенасці яе цяперашнім хлопцам. У Man Seeking Woman былая героя сапраўды сыходзіцца з Гітлерам. Яму 127, з вайны ён адседжваўся ў бункеры. Усе навакольныя кажуць, што ён нядрэнны хлопец — так, нарабіў спраў, але цяпер выправіўся.
Сястра хоча звесці цябе са сваёй сяброўкай, але на спатканні высвятляецца, што тая — нейкая дзяўбаная троліха. У серыяле героя сапраўды прыводзяць на сустрэчу з троліхай — метр росту, каменная скура, пачварны фэйс. Ну хоць вячэрнюю сукенку надзела.
І гэта толькі першая серыя.
Некаму такія жарты “ў лоб” могуць здацца занадта простымі і другаснымі. Рэйтынг IMDB, напрыклад, досыць невысокі — 6,7, г.зн. многім зусім не спадабалася. Што з гэтым рабіць? Знаходзіць кожнага і тлумачыць, што стваральнікі Man Seeking Woman знайшлі ідэальную (сапраўды, лепшай не было ніколі, наогул нідзе) мову апісання адносін полаў. Стабільна раз у серыю-дзве ад таго, што адбываецца на экране, хочацца гарлапаніць — проста вельмі гучна крычаць на экран, на сцены і ў прастору як такую. Зрэшты, не спадабаўся серыял амаль гарантавана, дзяўчатам. А ім — і пра гэта таксама шмат у Man Seeking Woman — хер чаго патлумачыш.
Гіпатэтычна, шоу можа не спадабацца і хлопцам, у якіх усё ў жыцці з дзяўчатамі было добра. Але гэй, навошта ты чытаеш гэты артыкул, ты ж не глядзіш серыялы.
9/10