Амаль незаўважна прайшоў у Беларусі чарговы юбілей – 130 гадоў з дня нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага, беларускага педагога, публіцыста, грамадскага і палітычнага дзеяча.
Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся 14 красавіка 1885 году ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Максімаўка, непадалёк ад Радашковічаў. З-за ранняй смерці бацькі быў вымушаны з малога ўзросту цяжка працаваць. Зімой, калі не было працы, наведваў пачатковую школу.
У 15-гадовым узросце Сымон паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, якую паспяхова скончыў у 1904 годзе. Пад час настаўніцкай працы ў вёсках і мястэчках Свянцянскага і Вілейскага паветаў пачаў цікавіцца беларускім фальклёрам, музыкай і этнаграфіяй. Таксама малады Сымон вельмі добра граў на скрыпцы.
У гэты ж час ён праявіў цікавасць да палітычнага жыцця краіны, быў абраны хадаком ад сялян Радашковіцкай воласці у Дзяржаўную Думу. Вярнуўшыся з Пецярбургу,Рак-Міхайлоўскі пачаў распаўсюджваць прывезеныя з сабой рэвалюцыйныя матэр’ялы, за што быў арыштаваны на тры месяцы. У гэты перыяд пачынае афармляцца яго беларуская ідэнтычнасць. Ён чытае газету “Наша Ніва і знаёміцца з яе выдаўцамі, нягледзячы на тое, што настаўнікам забаронена былочытаць і выпісваць падобныя выданні.
З 1909 года Сымон Рак-Міхайлоўскі пражывае ў Крыме, дзе вучыцца ў педагагічным інстытуце ў Феадосіі. Пасля сканчэння ўстановы працуе выкладчыкам ў горадзе Карасубазар. Там жа ён пабраўся шлюбам з настаўніцай Надзеяй Мусолавай, а потым у іх з’яўляюцца дзеці – Рагвалод і Рагнеда.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Рак-Міхайлоўскага мабілізуюць і адпраўляюць на Румынскі фронт працаваць штабным пісарам. Досвед працы ў вайсковай канцэлярыі вельмі добра прыдасца будучаму дзеячу. Найперш пры спробах стварэння ўласных беларускіх вайсковых адзінак.
Рэвалюцыйныя падзеі пераломнага 1917 года кардынальным чынам змяняюць жыццё народаў былой Расейскай імперыі. З сусветнай карты 1918 года знікаюць адны дзяржавы і ў хуткім часе на іх месцы з’яўляюцца ўжо новыя.
У гэты перыядСымон Рак-Міхайлоўскі пераязджае ў Мінск, дзе пачынае займацца стварэннембеларускіх нацыянальных арганізацыяў, як вайсковага, гэтак і грамадскіхага напрамкаў. Таксама ён актыўна удзельнічае ў з’ездах, у тым ліку і працы Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года.
Рэвалюцыйны віхор зацягвае Рак-Міхайлоўскага ў самую гушчу падзеяў – пехам ён дабіраецца на нямецка-бальшавісцкія перамовы ў Брэсце, дзе спрабуе давесці перамоўшчыкам беларускую пазіцыю, але, як вядома, меркаванне нашай нацыі на тых перамовах улічваць ніхто не збіраўся.
Пасля Берасця Сымон Рак-Міхайлоўскі выпраўляецца ў красавіку 1918 года з чарговай дыпламатычнай місіяй ў Кіеў, на перамовы з урадам УНР. З Кіева ён дашле ліст, у якім падвергне крытыцы вядомую тэлеграму нямецкаму кайзеру Вільгельму. Нібы забягаючы наперад, Сымон Рак-Міхайлоўскі ў тым лісце адзначае: “Грамада сябе гэтай тэлеграмай пахавала”.
Акрамя дыпламатычнай працы і палітычнай барацьбы Сымон Рак Міхайлоўскі займаецца больш спакойнай адукацыйнай справай. Пасля бальшавісцка-польскай вайны ён застаецца на тэррыторыі Заходняй Беларусі, якая апынулася ў межах Другой Рэчы Паспалітай. Тут у мястэчку Баруны ў 1921 годзе ён арганізуе Беларускую настаўніцкую семінарыю, якая праіснуе некалькі месяцаў, а пасля будзе зачынена польскімі ўладамі. У выніку закрыцця семінарыі Рак-Міхайлоўскі перабіраецца ў Вільню, дзе зноў пачынае займацца палітыкай, выдавецкай і асветніцкай дзейнасцю.
У 1922 годзе Сымона Рак-Міхайлоўскага выбіраюць у Польскі сейм, у якім ён спрабуе абараняць сацыяльныя і нацыянальныя правы беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі. Імаверна, менавіта ў гэты час адбываецца эвалюцыя яго поглядаў адносна Савецкай Беларусі і збліжэнне з пракамуністычным падпольлем, з якога пасля ўтворыцца КПЗБ. Для чалавека, які ўсё жыццё прытрымліваўся ідэалістычных сацыялістычных поглядаў, іншага шляху і не магло быць.
Разам з Браніславам Тарашкевічам і шэрагам іншых беларускіх дзеячоў Сымон Рак-Міхайлоўскі заснаваў у 1925 годзе Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, якая стане адной з найбуйнейшых легальных палітычных партый ў міжваеннай Польшчы.
У 1927 годзе па ўсёй Заходняй Беларусі пракацілася хваля арыштаў сябраў Грамады. За кратамі апынуўся і сам Сымон Рак-Міхайлоўскі. Усяго было арыштавана каля дзвюх тысяч чалавек, а ў Вільні пачаўся знакаміты працэс “56-ці”.
На гэтым сфабрыкаваным судзілішчы ў сваім апошнім слове Сымон Рак-Міхайлоўскі не толькі не адрокся ад сваіх сяброў і ўласных ідэяў, але і падкрэсліў, што ганарыцца зробленым:
“… Ад сваёй працы я не адракаюся, насупраць, ганаруся ўсёй сваёй 20-гадовай працай і ў ваенных арганізацыях, і ў справах школьных і палітычных. Не было ні воднай галіны ў беларускай працы, у працы беларускага адраджэння, дзе б я не прымаў самы актыўны ўдзел. Усёй сваёй папярэдняй працай, як і працай у Грамадзе скалыхнула наш народ і гэта – яе вялікая заслуга.
Грамада пяройдзе ў гісторыю, і гэта дае нам сілу выносіць турэмнае зняволенне”.
Нагадвае іншую вядомую прамову – “Гісторыя мяне апраўдае” Фідэля Кастра, якаяпрагучыць з вуснаў будучага кубінскага лідэра 16 кастрычніка 1953 года.
Віленскі акруговы суд прыгаварыў Сымона Рак-Міхайлоўскага да 12 год пазбаўлення волі, пасля срок усё ж паменшылі да 6 год. Па выніку ў 1930 годзе былы грамадовец ужо быў на волі. Пасля выхаду з турмы Сымон Рак-Міхайлоўскі перабіраецца ў Мінск, дзе займае пасадудырэктара Беларускага дзяржаўнага гістарычнага музея.
Але спакою не было і тут. У 1933 годзе Рак-Міхайлоўскі разам з таварышамі з Заходняй Беларусі будзе арыштаваны па сфабрыкаванай справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. На допытах ён, як і ягоныя сябры, цалкам прызнае сваю віну і нават раскажа пра мэты, структуру і дзейнасць неіснуючай арганізацыі. Гэта ўказвае на тыя жудасныя катаванні, якія давялося перажыць арыштаваным.
У студзені 1934 года Сымон Рак-Міхайлоўскі быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў на Салаўках, з якіх толькі вызваліўся іншы заходнебеларускі дзеяч – Францішак Аляхновіч, які ў сваёй кнізе “У капцюрох ГПУ” першым распавёў свету пра бальшавісцкія лагеры. А Сымон Рак-Міхайлоўскі будзе паўторна арыштаваны ў 1937 годзе, этапаваны ў Мінск і праз год расстраляны за шпіянаж на карысць Польшчы. У 1956 годзе ён будзе рэабілітаваны па ўсіх крымінальных справах.
Такім быў 48-гадовы шлях беларуса, які на працягу ўсяго жыцця быў цалкам адданы беларускай справе, не здрадзіў інтарэсам Бацькаўшчыны і свайго народу, за што заплаціў уласным жаццём.
Канстанцін Касяк