Сёння, 13 лютага, свой 39 дзень народзінаў адзначае вядомы паэт і перакладчык, старшыня беларускага Пэн-Цэнтра Андрэй Хадановіч.
За апошняе дзесяцігоддзе Андрэй Хадановіч стаў адной з самых заўважных фігур у беларускім вершаскладанні і перакладзе на беларускую мову. Цяпер цяжка ўявіць літаратурны працэс без гэтага выбітнага творцы і педагога.
У сваёй творчасці Андрэй Хадановіч узводзіць беларускую паэзію на новыя вяршыні. Ён аднолькава добра валодае як сілаба-танічным вершаскладаннем, так і тэхнікай верлібра. Апроч таго, творчасць спадара Хадановіча вызначаецца надзвычайна шырокай тэматыкай і жанравай разнастайнасцю. Ён радуе чытачоў як глыбока лірычнымі вершамі, так і жартаўлівымі лімерыкамі, дзіцячымі тэкстамі.
Апроч уласных вершаў Андрэй Хадановіч надзвычай шмат зрабіў на ніве перакладу на беларускую мову як паэзіі (ад Катула да сучасных паэтаў), так і прозы з розных моваў (славянскіх, раманскіх, ангельскай).
Таксама заўважная роля Андрэя Хадановіча ў працы з маладымі аўтарамі. Так, спадар Андрэй шмат гадоў узначальвае журы конкурсаў маладых літаратараў, якія ладзіць беларускі Пэн-Цэнтр. Дзякуючы руплівай дапамозе, якую аказвае спадар Хадановіч маладым пісьменнікам, беларуская літаратура атрымала цэлы шэраг новых яскравых імёнаў.
Андрэй Хадановіч — адзін са слупоў, якія падтрымліваюць будынак беларускай літаратуры.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” высока ацэньвае творчыя дасягненні Андрэя Хадановіча і з вялікай радасцю віншуе яго з днём народзінаў. Усе мы разам зычым Вам, Андрэю, доўгіх гадоў шчаслівага творчага жыцця. Мы шчыра спадзяемся, што будзем мець радасць чытаць яшчэ шмат і шмат Вашых новых тэкстаў, што стануць вяршынямі нашай літаратуры.
Калектыў ГКК “Будзьма беларусамі!”
фота – Таццяна Давыдзенка