Юбілейны фестываль мастацтваў “Музы Нясвіжа” збярэ меламанаў 22-23 мая, паведамілі БЕЛТА арганізатары мерапрыемства.
Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа” ўпершыню прайшло ў старадаўнім горадзе 20 гадоў таму. З таго моманту мерапрыемства займае асаблівае месца ў мастацкіх падзеях і творчых здзяйсненнях, якія дзесяцігоддзямі ўпрыгожваюць беларускую культуру. Менавіта з Нясвіжа пачаўся вялікі праект Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, накіраваны на духоўнае і эстэтычнае выхаванне насельніцтва малых гарадоў краіны, якія вылучаюцца сваім яркім гістарычным і культурным мінулым.
22 і 23 мая Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі запросіць усіх жадаючых на разнастайную, цікавую, пазнавальную праграму, прысвечаную юбілею свята. Мерапрыемствы пройдуць у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, гарадской ратушы, Нясвіжскім цэнтры культуры і адпачынку, Палацавым ансамблі.
Мастацкім кіраўніком фестывалю з’яўляецца народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Нясвіжа, прафесар Міхаіл Фінберг. Свята арганізавана пры падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта і Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.