Як традыцыі выхавання ўплываюць на прававую культуру грамадства? Куды звярнуцца, калі вашыя правы парушаныя? Якая сувязь паміж нясмачнай, неэфектыўнай сацыяльнай рэкламай і фармаваннем прававой культуры ў краіне? Што можа прымусіць беларусаў мірыцца з парушэннем іх правоў? Як даказаць маральныя страты і ўціхамірыць “цётак”, якія крычаць і хамяць? Да якіх тыповых беларускіх сітуацый з прававога пункту гледжання трэба ставіцца асабліва ўважліва? Ці звязаная культура вырашэння канфлікту і павага да сябе? Гутарым з адвакатам Таццянай Ігнатоўскай. Чарговае інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё!».
— Сёння ў Беларусі ў прынцыпе не сфармаваная прававая культура: права як канструкцыя, сістэма далёка не заўсёды выступае рэгулятарам адносін паміж людзьмі. Мы паўсюль бачым прыклады, калі з работнікам не заключаюць працоўнай дамовы, а партнёры па бізнэсе лічаць дастатковым дамовіцца на словах, не падпісваючы ніякіх дакументаў. Відавочна, што калі ў такой сітуацыі паміж бакамі ўзнікае канфлікт, ён не будзе вырашацца з пазіцыі прававых нормаў. Корань праблем беларусаў у сферы абароны ўласных правоў — непавага да сябе ў першую чаргу. Нас не вучылі ў дзяцінстве рэфлексаваць з прычыны адсутнасці камфорту і ацэньваць сітуацыю, калі нас у чым-небудзь уціскаюць, з прававога пункту гледжання. Вельмі многія беларусы не ўмеюць ідэнтыфікаваць свае правы і не ўспрымаюць як належнае тое, што ў выпадку іх парушэння павінная наступіць адказнасць. Да таго ж у нашым грамадстве ёсць устойлівы недавер да судовай сістэмы.
— Ці правільна я разумею, што нам яшчэ трэба будзе вучыцца адстойваць свае правы сістэмна, паслядоўна і культурна?
— Па вялікім рахунку, так, і прычыны, на маю думку, трэба шукаць у нашым савецкім мінулым. Людзі прывыклі шматлікія выгоды атрымліваць пасіўна, а не дамагацца іх актыўнымі дзеяннямі. За савецкім часам казалі пра ўсеагульную роўнасць, аднолькавы доступ да рэсурсаў і магчымасцяў, мы памятаем тэзіс «кожнаму паводле патрэбаў». Сёння з тэлеэкрана расказваюць, якую сярэднюю заработную плату нам хтосьці зверху забяспечыць праз год. Іншая справа, што дабрабыт і рэальныя ўмовы жыцця многіх беларусаў, асабліва ў глыбінцы, мякка кажучы, не дацягваюць да агучаных паказчыкаў. А людзі мірацца з абставінамі або хутчэй за ўсё проста не ведаюць, якія прававыя механізмы дазваляюць ім самім нешта мяняць.
Шмат у чым такая жыццёвая пазіцыя — «заслуга» нашай сістэмы адукацыі, якая адпачатку не паважае індывідуальнасць. Ужо на першых этапах сацыялізацыі — у дзіцячым садку і школе — мяркуецца, што дзіця ў калектыве павіннае падпарадкоўвацца і быць як усе, нават калі яго ў чымсьці ўціскаюць або яму, да прыкладу, не падабаецца песня, якую развучвае група. Калі педагог кажа, што дзіця не мае рацыі, ён не чакае нават спробы запярэчыць. Сістэма не дае дзецям магчымасці выказацца, а бацькі не тлумачаць, што можна не скандаліць, не замыкацца ў сабе, а спакойна казаць пра тое, што не задавальняе. У выніку чалавек вырастае без усведамлення ўласнай індывідуальнасці і без паняцця аб тым, як адстойваць сваю пазіцыю.
— Адкуль жа нам тады ўзяць вопыт абароны сваіх правоў і веды аб парадку дзеянняў у выпадку іх парушэння?
— Ёсць нямала выпадкаў, калі людзі ідуць да канца, адстойваючы свае правы. Гэта добры прыклад для астатніх. Вось нядаўна ў Мінску суд прыцягнуў да адказнасці дырэктара ЖЭСа за тое, што ён, у парушэнне Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, адказаў па-руску на ліст грамадзяніна, напісаны на беларускай мове. Прэцэдэнт створаны, ён атрымаў вялікі рэзананс і цалкам можа служыць прыкладам дзеянняў на выпадак такіх парушэнняў.
Праўда, часцей людзі пачынаюць змагацца з тым, што не ёсць парушэннем іх правоў з пункту гледжання закона. Напрыклад, некаторыя лічаць сваім абавязкам супрацьстаяць рэкламе піва або банкаў. Ёсць у нас такая катэгорыя людзей, гатовых пісаць скаргі і пратэсты з нагоды любой з’явы, якая асабіста ім не падабаецца. Так, гэта людзі з актыўнай пазіцыяй у нейкім сэнсе, але іх паводзіны часцяком непрадказальныя і маюць мала агульнага з прававой культурай. Ёсць і іншая скрайнасць: людзі, якія заўсёды ўсім незадаволеныя, але не гатовыя ні да якіх актыўных дзеянняў. Мне іх складана зразумець, але яны заўсёды былі, ёсць і будуць.
— А адкуль сёння беларусы чэрпаюць прававую інфармацыю?
— Маючы доступ у інтэрнэт, можна знайсці практычна любую прававую інфармацыю: у сеціве публікуюцца нарматыўна-прававыя дакументы, людзі на форумах абмяркоўваюць свой вопыт вырашэння канфліктных сітуацый законным шляхам. Але ў нас усё ж такі ёсць значная колькасць дарослых грамадзян, якія не карыстаюцца інтэрнэтам і чэрпаюць веды ў асноўным з дзяржаўных СМІ, дзе прававая інфармацыя з’яўляецца ад выпадку да выпадку. Гэтыя людзі не настроеныя на актыўны пошук інфармацыі і наўрад ці змогуць самастойна разабрацца, куды ісці і што рабіць, каб пакараць нядобрасумленнага прадаўца або супрацоўнікаў ЖЭСа.
— Ці зацікаўленая нашая дзяржава ў прававой асвеце сваіх грамадзян?
— Прававая сацыяльная дзяржава для народа, якой пазіцыянуецца Беларусь, не можа быць не зацікаўленая ў тым, каб яе грамадзяне былі задаволеныя і шчаслівыя. Грамадзянін і яго інтарэсы для дзяржавы павінныя быць вышэйшыя за ўсё, таму вельмі важна правільна арганізаваць для людзей доступ да прававой інфармацыі. Зразумела, што простаму чалавеку немагчыма трымаць у галаве мноства законаў і нейкіх дакументаў — яму гэта і не трэба ў паўсядзённым жыцці. Але калі ў яго ў нейкі момант пацячэ з столі і сусед заліе яго кватэру, ён задумаецца, што рабіць. І на такі выпадак нам неабходная спецыяльная служба, якая дае хоць бы першасную юрыдычную кансультацыю. Мала таго, трэба, каб кожны грамадзянін Беларусі — незалежна ад таго, жыве ён у Мінску або аддаленай вёсцы — ведаў, што ён можа, напрыклад, набраць кароткі нумар кол-цэнтра і спытаць спецыяліста, як правільна зрабіць у той ці іншай сітуацыі.
— Ці ёсць у Беларусі пазітыўныя прыклады працы па павышэнні прававой культуры?
— Так, сустракаюцца. Ёсць цікавы інтэрнэт-рэсурс Міністэрства абароны «Дзецям пра армію», таксама важныя праекты па супрацьдзеянні хатняму гвалту праводзяцца пры падтрымцы ЮНІСЕФ. У нас ужо даўно працуе служба «Адно акно» — таксама добрая ідэя, хоць і рэалізацыя часам пакідае жадаць лепшага. Акрамя таго, існуюць юрыдычныя клінікі пры юрыдычных ВНУ, яны якраз скіраваныя на аказанне грамадзянам бясплатнай дапамогі. Гэта, вядома, не тая кваліфікаваная дапамога, якую вам за грошы акажа адвакат, але ў юрыдычнай клініцы прынамсі можна атрымаць пісьменную першасную кансультацыю, што ўжо нямала. У кожным рэгіёне Беларусі ёсць таварыства абароны правоў спажыўцоў, і яны таксама дапамагаюць у вырашэнні многіх праблем, іх паслугі вельмі запатрабаваныя.
— Нельга быць гатовым да ўсяго, але, можа, ёсць у спецыфіцы жыцця нашай краіны нейкія сітуацыі, да якіх трэба (з прававога пункту гледжання) ставіцца асабліва ўважліва?
— Ледзь не кожны з нас сутыкаўся з сітуацыямі, калі парушаюцца правы грамадзяніна як спажыўца. Зразумела, трэба ведаць і адстойваць свае правы, калі вам прадалі недабраякасны тавар або несвоечасова аказалі замоўленую паслугу. Але гэта толькі адзін з аспектаў.
Вельмі важна ведаць заканадаўчую аснову маёмасных адносін. Нярэдкія выпадкі, калі грамадзянін лічыць, напрыклад, жыллё сваёй законнай уласнасцю, а потым раптам высвятляецца, што кватэра службовая і ўпушчаныя тэрміны, калі трэба было змяніць статус жылога памяшкання. У нас таксама любяць вусна «аформіць спадчыну». Бацькі кажуць дзецям: «Мы вам усё адпісваем», — а калі надыходзіць момант, высвятляюцца нейкія дадатковыя акалічнасці, і ўсё аказваецца не так проста, як на словах. Вельмі шмат, асабліва ў сельскай мясцовасці, наогул ніяк не аформленай нерухомасці. Набываючы хатку ў вёсцы, пакупнікі вымушаныя падымаць радавод былых уладальнікаў, зноўку рабіць дакументы на маёмасць, выклікаць спецыялістаў, каб аформіць сваё права ўласнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое змянілася за апошнія гады.
У беларускім бізнэсе прынята лічыць, што першая прыкмета добрых узаемаадносін з партнёрам — гэта калі бакі пра ўсё дамовіліся на словах. Тыповы дыялог: «Ну, дык мы дамовіліся?» — «А пакажыце, як гэта аформлена». — «А мы так, на словах усё вырашылі». А калі справа даходзіць да выканання вусных дамоўленасцяў, высвятляецца, што кожны зрабіў свае суб’ектыўныя высновы і трактуе вусную дамову так, як ён разумее, ці так, як яму зручней. І самая вялікая праблема — калі сумесная праца не склалася і трэба разыходзіцца. Абавязкова ўзнікае спрэчка пра тое, хто больш сродкаў або эмоцый уклаў у справу, як дзяліць маёмасць і так далей. Калі ўзаемаадносіны партнёраў не аформленыя дакументальна, складана вырашыць сітуацыю з пункту гледжання закона. У такім выпадку самы лагічны выхад — сесці за стол перамоваў і весці дыялог, спрабаваць прыняць агульнае рашэнне, якое задаволіла б усіх, але культуры такога дыялогу ў нас, на жаль, таксама пакуль няма.
Вельмі важна ведаць свае правы і абавязкі ў працоўных ўзаемаадносінах, прычым як наймальніку, так і найманаму работніку. Мяне як юрыста здзіўляюць аповеды пра тое, што чалавека бяруць на выпрабавальны тэрмін без працоўнай кніжкі, матывуючы гэта тым, што афармляюць яе толькі ў выпадку прыёму на пастаянную працу. Па законе працоўная кніжка ў такім выпадку павінная быць аформленая (у выпадку яе адсутнасці ў работніка) не пазней за 5 дзён з моманту працаўладкавання, а ўмовы выпрабавальнага тэрміну агаворваюцца ў працоўнай дамове. Дзіўна, але часцяком нашыя грамадзяне нават не знаходзяць часу ўдакладніць, што без працоўнай дамовы паміж работнікам і працадаўцам наогул не можа быць ніякіх прававых адносін.
— А ці часта ў нас работнік і наймальнік вось так дамаўляюцца на словах?
— Так, такія парушэнні сустракаюцца часта. Бывае, работнік пры гэтым усведамляе ступень рызыкі і сваю прававую неабароненасць, але ўсё роўна згаджаецца на такія ўмовы, таму што трэба хоць неяк зарабляць, утрымліваць сябе і сям’ю. Калі ў вялікіх гарадах рынак працы досыць шырокі і шматслаёвы, то жыхарам глыбінкі часцяком і выбіраць не даводзіцца — яны вымушаныя мірыцца з парушэннямі, каб не страціць тое, што ёсць.
— Чаму сярод беларусаў найбольш частай мадэллю паводзінаў у абароне сваіх правоў ёсць праява агрэсіі?
— Рэакцыя кожнага чалавека залежыць ад яго псіхалагічных асаблівасцяў: хтосьці скандаліць, нехта пачынае плакаць, хтосьці замыкаецца ў сабе і наогул не можа разумна ацаніць сітуацыю. Але я з уласнага досведу ведаю, што вельмі часта на апанента дзейнічае здольнасць ціха і спакойна выказваць свой пункт гледжання. Каму з нас не даводзілася сутыкацца з праявамі хамства, з крыклівымі цёткамі. Часта прычына такіх паводзінаў людзей — у нейкіх асабістых непрыемнасцях, бытавых ці іншых праблемах. Але чаму яны павінныя датычыць мяне? Калі я звярнулася, напрыклад, у падатковую інспекцыю па падатковых пытаннях, а не па заварное пірожнае, і не патрабую нічога супрацьзаконнага, ніхто не мае права павышаць на мяне голас, нават калі я, дапусцім, зайшла не ў той кабінет. Кожны, да каго я звяртаюся, абавязаны размаўляць са мной спакойна. Я перакананая, што грамадзяне, якія крычаць і хамяць, не паважаюць не мяне, а саміх сябе.
— Некаторыя людзі не прамінулі б заўважыць, што на Захадзе ў такім выпадку кампенсавалі б маральную шкоду. А ў нас?
— Беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць спагнання кампенсацыі маральнай шкоды, але пацярпелы ў такім выпадку павінен даказаць суду ступень, глыбіню і працягласць сваіх маральных пакут. Самы дзейсны аргумент, вядома, — медыцынскае пацверджанне факту страты псіхічнага здароўя, але гэта скрайнасць. А ў цэлым даводзіцца даказваць глыбіню маральных пакут салёнасцю апісальнай слязы: як ты начэй не спіш, страціў павагу ў грамадстве, суседзі з цябе смяюцца (а яшчэ лепш прыкласці фатаграфіі, як яны пальцам на цябе паказваюць). Наогул у нас не распаўсюджаная практыка кампенсацыі маральнай шкоды, ёсць толькі асобныя выпадкі, ды і сумы кампенсацыі звычайна смешныя: мільён рублёў, напрыклад. Ці варта дзеля гэтага марнаваць сілы і час на судовае разбіральніцтва? Асабіста я не стала б. Але і маўчаць не трэба: у выпадку абразлівага стаўлення да сябе я пакіну запіс у кнізе скаргаў або звярнуся ў вышэйшую інстанцыю, магчыма, дазволю сабе публічны каментар у інтэрнэце, калі гэта не супярэчыць маёй прафесійнай этыцы.
— З чаго ў нашым грамадстве ў перспектыве магла б скласціся культура адстойвання сваіх правоў?
— Фармаванне прававой культуры — вельмі працяглы працэс, яе нельга прышчапіць грамадству сілком. Каб у нас стала папулярна, даступна і магчыма рэалізоўваць свае правы, з аднаго боку, павіннае змяніцца асяроддзе, у якім мы жывем. Да прыкладу, у нас у якасці сацыяльнай рэкламы паўсюль вісяць білборды з дрэнна знятымі палямі і надпісамі накшталт «Мы — беларусы». Ці не лепш было б замест іх размясціць на вачах ва ўсіх адрас сайта або тэлефон, праз які можна звярнуцца па прававую кансультацыю? Чаму б не напісаць: «Ведайце свае правы» або «Не давайце сябе ў крыўду»? Пэўны час таму ўсюды гаварылі і пісалі пра тое, што трэба патрабаваць чэк пры пакупцы, і гэта падзейнічала; значыць, актыўная інфармацыйная палітыка працуе. З іншага боку, жаданне і ўменне адстойваць свае правы — паказчык культурнага ўзроўню чалавека і грамадства ў цэлым, які немагчыма павысіць у адзін момант, але над якім трэба пастаянна працаваць. Ён складаецца з выхавання, з таго самаадчування, з якім кожны з нас вырас. Калі чалавек з дзяцінства адчувае сябе самастойным, калі бацькі і навакольныя цэняць індывідуальнасць дзіцяці і разам з тым прышчапляюць яму павагу да правоў і свабодаў іншых людзей, значыць, мы на шляху да высокай прававой культуры ў будучыні.
Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)