Спакон веку песня суправаджала чалавека ва ўсіх яго справах. Вы можаце сказаць, што нічога не змянілася. Але ёсць адзін нюанс. Сучасны чалавек часцяком робіцца слухачом, але не выканаўцам. Разам з нашымі суразмоўцамі, Народнай артысткай Беларусі, актрысай тэатра і кіно Таццянай Мархель і музыкам, радыёвядоўцам і педагогам Алегам Хаменкам мы пастараліся разабрацца, ці можа чалавек навучыцца або, наадварот, адвыкнуць спяваць, ці садзейнічае песня збліжэнню людзей, ці трэба спяваць калыханкі маленькім дзецям і што нам можа расказаць беларуская песня.
Таццяна Мархель: Спевы былі са мной заўсёды. У юнацтве я вучылася ў Мінскім медыцынскім вучылішчы №2, студэнты якога прыязджалі ў асноўным з вёсак. На вёсцы кожнаму вядома: прыйшоў вечар — усе спяваюць. І вось мы сярод гарадской мітусні і напружанага навучання з надыходам змяркання рассаджваліся на вокнах і заводзілі звыклыя і дарагія сэрцу песні. Без гэтай традыцыі мы, як і без паветра, не маглі жыць.
Таццяна Мархель: Пасля, калі я вучылася ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, ведання народных песень не спатрэбілася. Педагогі не надалі ўвагі майму навыку, а я была захопленая засваеннем новых здольнасцяў. Але апынуўшыся ў віцебскім тэатры Якуба Коласа, прасякнутым пачуццём беларускай мовы, дзе рабілі акцэнт на творах нацыянальных аўтараў, у якім артысты аднаўлялі народную культуру па крупінках, я нібы зноўку раскрылася. Калі мы ставілі «Сымона-музыку», рэжысёр Валерый Мазынскі прапанаваў мне ўспомніць песні, якія спявала мая мама. Я і цяпер ярка памятаю здзіўленне ад таго, як лёгка і натуральна ў мяне атрымалася спяваць. Аказалася, што забыць гэтыя песні папросту немагчыма.
Таццяна Мархель: Калі ў Віцебск прыехаў кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў, я, як і многія артысты, пайшла на прагляд. І каб спадабацца яму, раскрыць сябе з нетыповага боку, прапанавала: «Давайце я вам паспяваю». Так я атрымала ролю, а песня, выкананая на адборы акцёраў, стала загалоўнай ў фільме. У Дабралюбава мяне ўбачыў Віктар Тураў і прапанаваў выкарыстоўваць мой вакал у яго кінематаграфічным праекце «Палеская хроніка». Была напісаная сімфанічная музыка, і ў яе суправаджэнні я праспявала народныя песні. Можна сказаць, што спеў праклаў мой акцёрскі шлях. Амаль у кожным спектаклі або фільме з маім удзелам можна пачуць той ці іншы фальклорны напеў.
Алег Хаменка: Многія архіўныя запісы песень вясковых бабулек зробленыя без акампанементу. Не ўсім бабулям лёгка трапляць у танальнасць інструмента. А вось ўдваіх ці ўтрох ім спяваць прасцей: яны нібы «падцягваюць» адна адну, больш-менш трымаюцца ў зададзеных рамках.
Таццяна Мархель: Я таксама не арыентуюся на ноты. Падчас навучання ў тэатральна-мастацкім інстытуце мы, вядома, вывучалі музычную грамату, гралі на фартэпіяна. Але падчас спеваў я спадзяюся на ўнутранае музычнае пачуццё. Да прыкладу, падчас працы з хорам, сімфанічным аркестрам я чакаю свайго сола і спяваю так, як льецца песня. І ўсё атрымліваецца. Я своечасова ўступаю з пачаткам сола, вытрымліваю танальнасць і ў час заканчваю.
Алег Хаменка: Так, варта адзначыць, што ноты ты спяваеш вельмі чыста, нібы на інструменце сыграна. Да таго ж у цябе ёсць унікальная дынаміка вядзення мелодыі. Цікава, што ў традыцыйнай песні далёка не заўсёды ёсць нюансы. Часцей за ўсё бывае так: бабулькі заспявалі на адной гучнасці і трымаюць яе да канца.
Таццяна Мархель: Я думаю, гэтая асаблівасць выканання выпрацавалася ў працэсе маёй акцёрскай працы. Я па-свойму пражываю кожную песню і напаўняю яе інтанацыямі, адценнямі, надзяляю індывідуальным характарам.
Таццяна Мархель: Што да народнай песні, то дынамічныя характарыстыкі можна пачуць у калыханках, якія маці спявалі сваім дзецям. Песня, якая спяваецца ў поўнай цішыні, вонкавай і ўнутранай, робіцца багатай на нюансы.
Алег Хаменка: Сучасны чалавек ужо не памятае пра гэтую ўнутраную цішыню. Мне здаецца, што гэта адзін з фактараў, якія паўплывалі на тое, што калыханкі цяпер не з’яўляюцца такой неабходнасцю, скарбніцай перадачы інфармацыі ад аднаго з бацькоў маленькаму дзіцяці. Раней без калыханкі не магла абысціся ні адна маці, бо гэтыя напевы стваралі пэўную вібрацыю, дзякуючы якой малы супакойваўся, засынаў. Сёння фонавая вібрацыя ствараецца ўключаным тэлевізарам, магнітафонам, электроннымі цацкамі, пральнай машынай, аўтамабілямі за акном.
Таццяна Мархель: Згодная з табой і адзначу, што нават песні для старэйшых дзяцей пазбаўленыя тонкасці нюансаў. Цяпер у аснову кладзецца рытм, часцяком не заспакаяльны, а наадварот, узбуджальны. Вядома, што многім гарадскім дарослым і малым не так і проста заснуць у цішыні вёскі. Адсутнасць пастаянных фонавых гукаў стварае некамфортнае становішча. Людзям цяжка перастаць слухаць староннія шумы і прыслухацца да сябе.
Таццяна Мархель: У нашыя дні часта можна пачуць фразу: «Я не ўмею спяваць». Нават святы ўсё радзей і радзей суправаджаюцца песняй. Часцей за ўсё ўключаецца аўдыёзапіс, які служыць фонам для гутарак або танцаў. А спяваць можа навучыцца кожны, проста трэба пачаць.
Алег Хаменка: Жывая мелодыя, праспяваная тут і цяпер, — гэта і нараджэнне, і сталенне, і радасць, і сум, і ап’яненне, і лячэнне. У песні, у наўпростым сэнсе слова, — само жыццё.
Таццяна Мархель: Жаданне спяваць можа паўстаць цалкам спантанна, у самым нечаканым месцы. Мне запомнілася падарожжа ў Венецыю, у якім мы на гандоле плылі па канале, і раптам я як запяю — не ўтрымалася і «разлілася» песняй па італьянскіх водах. А яшчэ спевы дапамагаюць досыць хутка зблізіцца з навакольнымі людзьмі. Гэтая дапамога мне бывае патрэбная, напрыклад, на міжнародных фестывалях. Калі вакол так шмат людзей, частка з якіх знакамітая на ўвесь свет, неабходна знайсці спосаб заявіць пра сябе, прадставіцца. І беларуская народная песня робіць сваю працу: яна настолькі цікавая людзям, якія нават не бывалі ў Беларусі, што ў нас адразу з’яўляюцца агульныя тэмы для займальнай гутаркі.
Таццяна Мархель: Пра беларускія песні можна казаць доўга. У іх — гісторыя нашага народа.
Алег Хаменка: Многія песні — нібы малітвы. Звярніце ўвагу, што малітва не можа быць напоўненая агрэсіяй. Яна можа прасіць, чакаць, верыць, але не выказваць актыўны пратэст.
Таццяна Мархель: Так, гэтыя характарыстыкі — нібы адлюстраванне псіхалогіі беларуса. Але ў пэўны момант наш чалавек усё ж можа выказаць упэўнены супраціў. Мая мама расказвала мне, як у вайну ў нашай сям’і патрабавалі нейкую маёмасць, вось ужо прыехалі ў двор, хочуць забраць і вывезці. Мой бацька папрасіў: «Вера, скажы ты ім, дзе закапана, хай яны задушацца». Але мама проста сказала: «А скулля?!» І нічога не аддала.
Алег Хаменка: Я думаю, што гэта карэнная рыса беларуса: ён трывае-трывае, але ў знакавы момант кажа: «А скулля?!»
Таццяна Мархель: Каб чалавек пачаў спяваць сам, спачатку неабходна спяваць для яго. Тут усё проста, як з чытаннем. Чытаючы дзецям казкі, мы прывучаем іх да ўспрымання гульні словаў і сэнсаў, развіваем іх фантазію і дапытлівасць. І надыходзіць дзень, калі дзіця хоча і можа чытаць само, каб адкрываць для сябе ўсё новыя і новыя гісторыі. І калі бацькі будуць спяваць свайму дзіцяці калыханку кожны дзень, малы прывыкне да плыні мелодыі, рытмікі складоў. Ён будзе ўспамінаць песню як нешта ласкавае і напоўненае дыханнем роднага чалавека. А праз некаторы час заспявае сам. І тут нашая задача — не перашкаджаць яму, спыніцца, перш чым запяеш: «Цішэй-цішэй!» Тады мы, магчыма, зноў пачуем песні ў коле сям’і і сяброў, падчас сустрэчы і развітання з любімымі. Песня зноў стане сродкам зносінаў.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч