Аднойчы мы ўтраіх — я, Толік і Пецечка — чакалі цягніка на польска-беларускім памежжы. Ехалі мы з нейкага грамадска-карыснага семінара, цэлы тыдзень разам правялі ў Беластоку. Пасябравалі за гэты час, і толькі нам справы і было, што жартаваць ды рагатаць. Такая вось кампанія вясёлая. І ў памежнай карчме (бо інакш не назавеш утульную хату з бярвення з простай драўлянай мэбляй і хатнімі пахамі) мы таксама працягвалі звыкла адпускаць шпількі ў адрас нешматлікіх наведнікаў харчовай установы. Але змоўклі адначасова, калі рыпнулі дзверы, і раптам, як у казцы, запусціўшы з двара марозную пару, у карчму зайшоў ЁН. Мы адразу зразумелі — гэта незвычайная істота. Мініяцюрны, нібы статуэтка. Элегантны, як з рэкламнага плаката “от куцюр”. Нават не ведаю, з кім параўнаць, каб ягоная постаць выглядала больш рэальнай. Хіба з графам Лешкам Чыньскім — героем сэрцараздзіральнай драмы Ежы Гофмана “Знахар”. Упэўненая, што ўсе бачылі, то і ўявіць няцяжка.
Кароткае ладнае паліто з натуральным, можа, і шыншылавым нават каўняром. Ідэальныя стрэлкі на портках. Бездакорна наваксаваныя пантофлі. Мяккія скураныя пальчаткі скульптурна аблеплівалі даўгія пальцы. Усё адзенне з ног да галавы вугальна чорнае, амаль антрацытавае, з глыбінным, ледзь прыкметным мігаценнем, якое робіць колер ужо не чорным, а нейкім празрыстым.
Рухаўся ён нібы ў вадзе.
— Няйначай польскага старажытнага роду…
— Шляхціц! Далібог шляхціц.
— Вось не думала, што такія дагэтуль дажылі.
Мы наперабой гучным шэптам абмяркоўвалі дзіўнага незнаёмца, а ён нават і не зірнуў у наш бок. Нібы мы мухі якія ці вошы. Але без кроплі фанабэрыстасці.
Ён не расчараваў нас не ні хвіліну бездакорнасцю паводзін. Па-польску ціха замовіў адно толькі кавы. А да цягніка прорва часу. І увесь гэты час нерухома сядзеў з неверагодна прамой выправай. Нагу за нагу акуратна закінуўшы. Паступова, палец за пальцам, сцягнуўшы пальчаткі, ідэальна іх склаў і ручкі свае паклаў адна на адну. Ды так і застыў, сузіраючы асабісты ўнутраны сусвет. Неверагодна далёкі і заманлівы. Толькі аднойчы змяніў стан — яму патэлефанавалі на мабільнік, і белая рука матыльком узнялася з калена на кароткі час і зноў апала на звыклае месца…
У цягніку мы трапілі ў адзін вагон, і цёткі-тарбэшніцы таксама адчулі павеў іншых краін ад нашага спадарожніка. Бо калі ён толькі нахіліўся па сваю элеганцкую валізу, каб пакласці на паліцу, адна з іх падхапілася і закінула багаж наверх.
— Нашто вам ТАКОМУ ручкі дарма псаваць!
Ён не здзівіўся ані, ціха падзякаваў і, прыняўшы сваю ідэальную позу, пачаў глядзець у акно, ні разу не адцягнуўшыся.
Мы за ім сачылі няспынна, і нават на мяжы, калі правяралі торбы, цікаўнаму Толіку давялося зазірнуць у ягоныя рэчы.
— Толік, Толік, ну што там? Кажы, не марудзь. Якія такія чароўныя рэчы вязе ён у сваёй аграмаднай валізе?
Толік урачыстым голасам павольна паведаміў:
— Белыя кашулі!
— І ўсё?
— Адны толькі снежна-белыя кашулі..
На станцыі нас сустракаў агульны сябар. Я прашу Толіка — найлепшага сярод нас апавядальніка:
— Толік, а раскажы, як на польскай мяжы мы сустрэлі анёла.
Сябар пытаецца:
— Чалавека ў анёльскім касцюме?
Я удакладняю:
— Не. Менавіта анёла!
Толік дадае:
— У касцюме чалавека.
Ноччу мне не спалася: усё думала пра дзіўнага спадарожніка і пад раніцу напісала верш, які нікому дагэтуль не паказвала. Ледзьве адшукала яго спецыяльна, каб удакладніць даўнюю гісторыю:
Он сидел сложив перчатки
аккуратно-аккуратно
пальчик к пальчику
и слушал свой мобильный телефон
все кто был там понимали
что он ангельского чину
мы кривлялись бесновались
чтоб привлечь его вниманье
ангел бровью не повел
только вдруг нам показалось
из глубин его лица
на поверхность позолота
пробивается.
А між іншым неўзабаве мне анёл прысніўся. Толькі не залацісты, а серабрысты. Нават не анёл, а, як бы гэта сказаць, “анёліца”. Як у Чэслава Мілаша:
Мой анёл вартаўнік прыбіраецца ў сне, на манер жанчыны.
Не заўсёды адной і той. Ведае, што я цялесны,
Любоўнага патрабую дакранання.
Мы не звязаныя ніводнай часткай цела,
Але ёсць паміж намі ўзаемаразуменне.
Я не верыў існаванню анёлаў, але сны недавер мой адмянілі.
І калі неяк раз апынуўся ў пячоры са скарбамі,
Разам да мяне пасунуліся поўныя мяхі, а я прасіў —
Дайце хоць яшчэ хвіліну сну, што нясе заспакаенне.
Але ў мяне быў не вартаўнік, а правадыр. Бо ў сне я нібыта памерла і над свінцовымі аблокамі шпацырую за нейкай асобай у серабрыстым камбінезоне. І хоць яна амаль не рухаецца, ледзь паспяваю за ёй. У твар спрабую зазірнуць і не магу. Цяпер, прачытаўшы кнігу “Пра нябёсы, пра свет духаў і пра пекла” шведскага багаслова Эмануэля Сведэнборга (паслядоўнікам якога быў не толькі паэт Мілаш, але і Уільям Блэйк, і Уістан Х’ю Одэн), я ведаю, што тварамі анёлы заўсёды павернутыя да Бога, а тады вялікія намаганні прыкладала, каб разгледзець яе. І вядомая справа — дарма…
І вось лячу за ёй, шчабячу-шчабячу пра свае адкрыцці, якія наваліліся лавінай. Таму што, аказваецца, мёртвыя ведаюць усе. Гэтае веданне прыходзіць цалкам і адразу. Мне так радасна, напрыклад, ад таго, што на зямлі няма двух аднолькавых людзей. Нават калі блізняты, усё роўна розныя. Вось як далоні (я складаю далоні): яны супадаюць, а між тым розныя — адна левая, другая правая. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася кутком рота, які я з вялікім намаганнем усё ж такі ўбачыла. Але, падаецца, яна знарок крыху павярнула твар назад да мяне. І я захлябнулася ад шчасця. Бягу-бягу за ёй…
Яна глядзела быццам бы спінай. І не тое што паблажліва. Нават цяжка апісаць. Магу сказаць адно — ТАМ да ўсіх ставяцца аднолькава. Ні добра, ні дрэнна — роўна. Але і гэта не тое! Няма на зямлі такіх адносін. Таму што няма сярод нас такіх асаблівых моцных істот. Хіба Далай-лама. Але ён добры. А ў ёй не было дабрыні і спагады. Там гэта ні да чога быццам бы.
У гэтым сне мы з ёй ішлі над незямной (само сабой) прыгажосці палямі і лугамі. Ішлі лёгка і нават, лепш сказаць, плылі. Імкліва праносіліся далёка ўнізе пад намі лясы, і горы, і раўніны. Я гэта бачыла праз воблачную дарогу. Падчас гутаркі мне адкрываліся глыбінныя таямніцы светабудовы. І я балбатала і балбатала пра ўсё, што адкрывалася ўнутранаму погляду і вонкаваму. І як хвалі, наплывалі ўсё новыя і новыя адкрыцці, разуменні і адказы на ўсе зямныя пытанні. Яны былі простыя. А я не магла спыніцца і замаўчаць — столькі ўсяго раптам ясна адкрылася дзіўнага і новага. І я сама была адно суцэльнае пранікненне і бесперапынны вокамгненны рух. Пра хуткасць сваёй спадарожніцы наогул маўчу.
Адно з адкрыццяў, напрыклад, было тое, што чалавек мае канец. Але гэты канец прыйдзе няхутка. Спачатку людзі павінныя ўсе без выключэння ператварыцца ў імклівых анёлаў, як мая спадарожніца ў серабрыстым камбінезоне з попельнымі кучарамі. Гэта значыць, канец чалавецтва адбудзецца тады, калі людзі стануць дасканалыя. Ім хутчэй за ўсё будзе ўжо абыякава, жывыя яны ці мёртвыя. Бо быў на зямлі час да чалавека. Значыцца, павінен надысці час і пасля яго.
Пасля гэтага сну ўсё на свеце падалося няцяжкім.
Самае дзіўнае, што неўзабаве сон пацвердзіўся, і, слухаючы лекцыі пра будызм прафесара Аляксандра Пяцігорскага, я даведалася з радасцю першаадкрывальніка, што «весь космос, вся сансара имеют конец. Каковым будет что?! Переход всех живых существ в нирвану! И космос в то мгновение, когда последнее сознание станет нирваническим сознанием будды – в этот момент останется одно чистое пространство, незаполненное предметами, вещами, телами, живыми существами. Приятно звучит! Правда?.. Тибетские ученые 200 лет назад подсчитали, сколько пройдет времени, когда последнее живое существо перейдет в нирвану. Я видел фотографию, которую сделал один американец: 6 страниц ученической тетради занимает это число».
Я калісьці пісала аб гэтым у жывы часопіс, і адзін з добрых фрэндаў падказаў, што гэтая лічба нават мае назву — “асанкхея кальпа”…
А напісаць гэту анёльскую ахінею падбіла мама. Калі заспявала няўзнак старажытную шляхетную песеньку. Спявае мама зрэдку, амаль ніколі, таму і ўразіла. А песенька такая:
Прыблізны пераклад:
Я пабачыла ў небе анёла
ў праменнях залатых.
З такімі, як твае, вачыма
і думала, гэта ты.
Дзве зоркі кружылі на небе,
ціха свяцілі з імглы
такім жа позіркам сумным,
амаль як глядзеў бы ты.
Высока анёлы і зоркі,
недзе далёка ты.
Напэўна, нам больш не спаткацца –
засталіся толькі сны.
Для ўпрыгожвання артыкула выкарыстаныя фрэскі італьянскага мастака эпохі ранняга Адраджэння Мелоца ды Фарлі.