Цёця з-за моцных акуляраў павялічана-дзіцячым позіркам глядзіць з замілаваннем — так бы кінулася і расцалавала яе. Але не рухаюся. І яна сядзіць, моўчкі любуемся адна на адну. Цёця не вытрымлівае першая:
— Добра табе было ў Партугаліі?
— Добра.
— А як там? Ці ёсць касцёлы?
— Ёсць.
— Хадзіла?
— Не.
— Трэба хадзіць.
— Я не магу. Звычкі не маю. Нешта ўнутры супраціўляецца, не магу пераадолець.
— Дык маліся хоць дома. Пацеры знаеш?
— “Ойча наш”.
— Па-руску?
— Па-польску. Як бабуля вучыла.
— Добра! Кажы “Ойча наш”, як падымаешся і як спаць кладзешся. Можна лежачы. Нават заплюшчыўшы вочы. Перажагналася і памалілася — ці цяжка?..
— Няцяжка. Я буду.
— Паабяцай!
— Абяцаю!
— Для мяне гэта рабі, бо ксёндз казаў, калі цябе хрысцілі, каб давяла да веры цябе. Пужаў, што калі не давяду, дык вялікі грэх на душу вазьму.
— Цёця, чаму вы раней не казалі?
— Нешта ўсё забывалася, а на мінулым тыдні звалілася са сходкаў. Тры рабрыны зламала, чуць адхадзілася, дык і падумала — пэўна, Бог мяне валяе за тое, што да веры цябе не вяду…
Мы пасмяяліся. Як заўсёды, я палюбавалася цёціным роўнымі і белымі зубамі — ніводнага яна не страціла за 82 гады. Ну, можа два. Маміна старэйшая родная сястра Яня ўсё жыццё працавала швачкай. Цяпер не шые, зрок не той і рукі, вольнага часу мае шмат, люблю да яе хадзіць і ўсялякія дробязі бытавыя абгаворваць. А вось сёння такая сур’ёзная размова адбылася, ажно нам смешна з яе зрабілася.
Цяпер я стараюся дзеля цёці сябраваць з Божанькам і маліцца да яго. Ды перыядычна забываюся. Бо звычкі, кажу, не маю. Тады наступным разам двойчы малюся. Яшчэ цёця прасіла, каб я паспрабавала вывучыць анёльскае прывітанне “Здровась Марыё”. Між іншым, калі таксама хочаце па-польску яго казаць, дык памятайце, што націск ва ўсіх словах без выключэння на перадапошні склад:
Здровась Марыё, ласкі пэлна, Пан з Тобон,
блогославёнась Ты мендзы невястамі,
і блогославёны овоц жывота Твоего, Езус.
Сьвента Марыё, Матко Божа, мудль сень за намі гжэшнымі
тэраз і в годзінэн сьмерці нашэй. Амэн.
Радуйся, Марыя, ласкі поўная! Гасподзь з Табою,
дабраславёная Ты сярод жанчын,
і дабраславёны плод улоння Твайго Ісус.
Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных,
цяпер і ў гадзіну смерці нашай. Амін.
Дзівосы!
Схадзіла да Вікіпедыі па пацер анёльскі, і высветлілася, што “Здровась Марыё” — тое ж самае, што “Авэ Марыя”. І на самай справе я добра ведаю гэту малітву (трэба ўзрадаваць цёцю), але па-лацінску. Дзякуючы нашай “певичке” — настаўніцы спеваў. Яна з’явілася ў школе, нібы тайфун. Касцістая, высокая, даўгія, як у індзейца, чорныя валасы, падавалася, ніколі не ведалі грэбня. Заўсёды цёмная сукенка— «футарал». Мужчынскія боты і голас хрыпаты, нораў ваяўнічы — ніколі слова ласкавага не скажа. Толькі здзекуецца. Але калі арганізавала хор, у яго хацелі ўсе. Ды не ўсіх бралі — мне моцна пашанцавала. Першым чынам пачалі развучваць “Авэ Марыю”. Тэкст рускімі літарамі яна дыктавала, мы запісвалі. І адразу ж пад акардэон, пад дапаможнае выбіванне рытму нагой у чорным здаравенным боце, пад грубыя, але зусім не крыўдныя заўвагі пачалі, так бы мовіць, маліцца.
Авэ Марыя, грацыя плена, Домінус тэкум,
бенедыкта ту ін муліэрыбус,
эт бенедыктус фруктус вентрыс туі, Езус.
Санкта Марыя, Матэр Дэі, ора пра нобіс пекаторыбус,
нунк эт ін хора мортыс ностра.
Амін.
Мне заўсёды падавалася, што гэта нешта пра сад, бо фруктус. А гэта быў зародак Хрыста..
Настаўніца (забылася імя, але чамусьці здаецца, што Лена, напэўна, дзякуючы лёгкаму падабенству з Джонам Ленанам: і акуляры яна насіла, дарэчы, заўсёды круглыя, металічныя) тэкст не перакладала. Хутчэй за ўсё не праз няўважлівасць, а каб не спакушаць забароненай рэлігійнасцю чыстых савецкіх піянераў. Піянеры і не здагадваліся, што пяюць адзін з асноўных каталіцкіх пацераў.
Паняцце пра Бога вельмі смутнае было ў тыя празрыстыя часы. Але мне вельмі падабалася ўсё, што адносілася да яго. Езус з сэрцам ва ўсю грудную клетку над бабуліным ложкам. Нелегальныя радзінныя святкаванні Вельканоцы (партыйныя цёткі і дзядзькі асцярожна елі аплаткі, мачаючы ў грыбную поліўку, а следам усе 12 — лікам апосталаў — посных страваў добра ў ход ішлі) і асабліва Вялікадня. З яйкамі, пафарбаванымі выключна з дапамогай шалупіння ад цыбулі. Напэўна, менавіта дзякуючы харчовай афарбоўцы яны былі смачнейшыя за ўсе прысмакі на стале за выключэннем польскага пірага, які ўмела пячы толькі цёця Яня. І калі заходзілі пасхальным святам у вясновую хату праз зімныя сенцы, ён там чакаў у тых сенцах наскрозь прапахлых ванілінам, абсыпаны цукровай пудрай, накрыты марляй (я нават нібы пачула яго пах, нібы ступіла ў тыя сцюдзёныя ранішнія сенцы), калі мы наямося несалодкага, каб забраць яго ў хату. А елі ў гэты дзень невыносна доўга. Дарослыя спявалі бясконцыя касцельныя песні. А мы (стрыечныя сёстры і браты) лёталі па падворку без нагляду і бы дурныя біліся святочнымі яйкамі, чыё мацнейшае..
Страшна далёкія мы былі ад рэлігіі, і хрысцілі мяне ў даволі сталым узросце. Мо ў 17-18 гадоў. Смаргонскі касцёл імя Міхаіла Арханёла ў тыя часы меўся быць выставачнай залай дасягненняў гароднінна-сушыльнага завода. Таму мы паехалі ў найбліжэйшую вёску, дзе быў сапраўдны па-божаму дзейны касцёл. Ксёндз мясцовы запытаўся ў мяне:
— Якую замежную мову вучыла?
— Ангельскую.
— Як дрэва па-іхнаму?
— Tree.
— А кілбаса?
— Sausage.
— Добра!
І пахрысціў. На гэтым мае паходы ў афіцыйныя Божыя ўстановы спыніліся. Моцна шкадую, што не было магчымасці хадзіць да касцёла з дзяцінства, што ў свой час не прыняла святую камунію (першую споведзь). А гэта так прыгожа! У дзяцінстве, разглядаючы старыя здымкі з дзяўчынкамі і хлопчыкамі ў святочным, падобным да вясельнае, убранні я думала — яны прымаюць шлюб. Дзівілася на старадаўнія часы, калі жаніліся дзецьмі. І толькі нашмат пазней зразумела, што гэтыя дзеці ішлі да камуніі жаніцца з Богам. Я таксама хачу, хоць неяк, крыва, коса — неістотна, — але пажаніцца з ім, таму паслухмяна малюся, пакуль што з заплюшчанымі вачыма.
Таня Скарынкіна
Калажы аўтарскія, здымкі з сямейнага архіву