Першае, што пачула ад сяброўкі пры сустрэчы:
— Ты не ўяўляеш, які сон вар’яцкі я бачыла сёння!
Не памятаю, калі апошні раз яна пачынала размову да такой ступені эмацыйна. Ёй даўно нічога не снілася.
У мяне сэрца ёкнула. Бо з раніцы марыла, каб хто-небудзь расказаў свежы сон. Пажадана пра пісьменнікаў. З вечара задумала напісаць пра сны аб пісьменніках. Пра ўласныя пісьменніцкія сны, і добра б, думала, распытаць знаёмых.
— І пра што ён?
— Нібыта трапляю ў Маскву. У нейкую рэстарацыю. А там знакамітая Марта Кетро!
— Блін! Не можа быць! Ты не паверыш — мне менавіта сёння быў патрэбны сон пра пісьменніка!
Сяброўка смяецца — не верыць. Я смяюся — ад нялюдскага здзіўлення, змешанага з радасцю супадзення ўласнага жадання і чужога сну. І так, смеючыся, слухаю. Яна, смеючыся, расказвае:
— На сталах вельмі бедна. Ні паесці, ні выпіць. Але нягледзячы на гэта, вакол усе п’яныя ў дым. Пайшла танцаваць. Што яшчэ рабіць? Сярод танцораў адна самая крутая ў доўгай шыкоўнай сукенцы. Усіх гнабіла, а са мной чамусьці абыходзілася нармальна. Падыходзіць і пытаецца:
— Ведаеш, хто я? Я — Марта Кетро!
— Я так і падумала! — ускрыкваю радасна. — А вы ведаеце Таню Скарынкіну?
Ну тут мы мо хвілін 5 рагаталі.
— Каму расказаць, не паверыць, — кажу, ледзь супакоіўшыся.
— Сапраўды! Я запыталася, ні на імгненне не задумаўшыся, — упэўнівае сяброўка.
— І што яна адказала?
— Нічога, бо раптам невядома з чаго пачалася дзікая патасоўка. І Марта мне прапануе:
— Я магу цябе забраць куды захочаш, і ты са мой забудзешся пра ўсё!
Мы з Мартай выходзім вонкі. Каля рэстарацыі крутая тачка. Яе, вядомая справа. І паехалі. А ў машыне цалаваліся. Узасмок. Яе губы былі нібыта сіліконавыя, як у Машы Маліноўскай — былой дэпутаткі дзярждумы. Сон быў дынамічны, яскравы, поўны дэталяў, ды я амаль нічога не памятаю. Толькі адно — я была самая маленькая. І ўвесь час станавілася на дыбачкі, жалобна спрабавала даказаць:
— Я была б як вы, каб мела абцасы…
Цікава, але мне калісьці сніўся Леў Талстой, які таксама адчуваў да мяне палкую цягу. Ён, як і Марта, быў вельмі рослы і такі ж шалёны. А яшчэ руды, кудлаты. Падобны да Жэрара Дэпардзьё. Сон быў да таго яркі, а Леў Талстой палаў, нібы печ (у літаральным сэнсе гэтага слова), таму верш прыдумаўся адразу ж пасля абуджэння:
БЫВАЕТ И ТАКОЕ ЧТО ПРИСНИТСЯ ЛЕВ ТОЛСТОЙ
ОТВЕТИТ НА ВОПРОСЫ НЕ ГОВОРЯ НИ СЛОВА
Дальний уголок чужого сада (или спальни)
я чуть с ума не сошла когда повстречала Льва Толстого
миллионы вопросов (лесных недоразвитых пчел)
зашуршали под волосами
когда Лев Толстой неожиданно вытянулся до потолочной балки
и полез обниматься (и целовать)
рыжий горячий широкоплечий
ни слова не говоря
а она
невеста (содержанка)
пряталась за кустами (занавеской разделяющей комнаты)
гремела негромко связкой ключей
над колыбелькой их ребенка
ни слова не говоря.
У другім сне пра Льва Талстога ён ужо супакоіўся. Проста стаяў у змрочным пакоі, амаль цалкам застаўленым цёмнымі старымі шафамі, і ўважліва назіраў, як я разбіраю шаўковыя ніткі на тонкія валокны для далікатных кітайскіх вышывак. Я расказвала пра карысць чытання будысцкіх мантраў падчас занятку, які патрабуе вялікай увагі і цярпення. Раіла ягоным дочкам заняцца тым самым. Леў Талстой зацікаўлена слухаў, схіліўшыся нада мной. А я, седзячы на кукішках, унутрана весялілася: сам Леў Талстой слухаецца.
І зусім старым, нават старажытным, быў Карней Чукоўскі, з якім, узяўшыся за рукі, мы ішлі па вечаровай Смаргоні ў прадуктовы. Я добра разумела — мы даўнія палюбоўнікі. Адначасова думала: трэба ўзяць ў яго інтэрв’ю. То бок спячая частка свядомасці была ўпэўненая, што мы закаханая парачка, а няспячая хацела скарыстацца для журналісцкай справы нечаканай сустрэчай са знакамітасцю. Раптам з маім спадарожнікам здарыўся сардэчны прыступ. Я пабегла ў краму, прыпомніўшы прадаўшчыцу Аню — былую медсястру. На самай справе Ані не існуе, але ў сне яна была, толькі, як паведамілі ў краме, звольнілася з працы — усе работніцы былі новыя. Я запанікавала. У аптэку бегчы ці хуткую выклікаць?! І тут бачу з прыступак склепа, як Чукоўскі ў нейлонавай, зжаўцелай ад часу кашулі памірае на руках такой, як ён, худой старой жанчыны. Пэўна, жонка. А калі прачнулася, дык успомніла, што ягоная жонка на самай справе памерла шмат раней за Чукоўскага. Напэўна, гэта была худая старая смерць.
Але самы дзіўны сон з пісьменнікамі адбыўся ў двары двухпавярховага дома хрушчоўскіх часоў па вуліцы Леніна, дзе раней жыла маміна сярэдняя сястра. Лета-поўдзень, куры-пеўні, гаражы-хлявы. Мы вялікай кампаніяй сядзім на драўляных лавах за вялікім сталом, засланым белым даматканым абрусам. Пісьменнікі з усяго свету, і побач са мной сівы незнаёмец з высакародным тварам. Пытаюся ў яго на невядомай, але ўсім зразумелай мове:
— Вы хто?
— Гарсар ..
О! Вялікі Гарсар! Ускокваючы з краю лаўкі, аб’яўляю:
— У такой кампаніі трэба піць стоячы!
І ўсе засмяяліся..
Я прачнулася ад уласнага смеху, выкліканага ўдалым жартам, які аказаўся пры абуджэнні дурным, але да канца дня весялосць не пакідала мяне.. Падумала, што Гарсар — хутчэй за ўсё вытворнае ад Граса Гюнтэра і Картасара Хуліа. Памятаю, што на мне была доўгая спадніца, а вакол адны мужчыны-пісьменнікі. Усе старэйшыя і вельмі па-бацькоўску да мяне ставіліся. Мо таму, што гэта былі найлепшыя пісьменнікі свету.
Як пачала, так і скончу эсэ — чужым сном. Прыснілася майму таварышу, нібыта асадка самастойна, хутка-хутка выводзіць надпісы на ўнутраным баку яго рукі. Ён запомніў толькі адну фразу з бясконцага тэксту:
“…адзіны з сучаснікаў, каму сапраўды можна давяраць, — гэта Пялевін”.
Асадка нават не пісала, а прадрапвала літары, якія адразу запаўняліся крывёй. Але балюча не было. Нават наадварот.
Карціна “Фламінга”. Аўтар — Валеры Кашлякоў.