Глядзім з Л. фільм. “Главное — любить” паляка Анджэя Жулаўскага 1975 года. Я шалею ад кіно 70-х. Незалежна ад краіны вытворцы. А гэтае знялі ажно тры: Францыя, Італія, Федэратыўная Рэспубліка Германія.
Кіно бязлітаснае, пранізлівае, супярэчлівае. Героі пакутуюць моцна — разрываюцца паміж абавязкамі і пачуццямі. Здаецца, нібы спаборнічаюць між сабою, хто каго перапакутнічае. Слёзы, высвятленне адносінаў, самагубства ў грамадскай прыбіральні і страта веры ў сваё прызначэнне. Круты замес, карацей. Лязо нажа не праціснецца.
— А мне Ромі Шнайдэр не падабаецца! — нечакана супраціўляецца прагляду Л.
— Чаму?
— Яна непрыгожая.
— Чым яна табе не дагадзіла?
— Лоб нізкі.
Як ні прыглядалася я да ілба Ромі, нічога агідна-нізкага не заўважыла. Але такога мучэння нечалавечага ў вачах я больш не бачыла ні ў кога. Ні ў кіно, ні ў рэальным жыцці. Вось была б Настасся Філіпаўна выдатная! І чаму ніхто не дадумайся зняць “Ідыёта” з Ромі Шнайдэр? Той жа, напрыклад, Жулаўскі. Але што казаць. Ромі памерла даўно. Жулаўскі стары. І ўвогуле…
Успамінаю, як А. на маё захапленне кінастужкай “Ускользающая красота” Бернарда Берталучы 1995 года (90-я таксама нічога сабе кіношны перыяд, у маім прыватным спісе 90 назваў — дзіўнае супадзенне) перакрывілася:
— Вам хіба Ліў Тайлер падабаецца?
— Так! І моцна.
— У яе ж рот палову твару займае.
— Не замінае.
— Можа вам і Кэмеран Дыяс даспадобы?
— Натуральна. Канечне, не ва ўсіх ролях. А з ёй што не так?
— Рот, як і ў Ліў Тайлер, непамерны.
А піцерскі фатограф П. заўважыў у дзень знаёмства, нават у першую гадзіну, што Пенелопа Крус мае катастрафічна малое “носогубное расстояние”. Гарачым жалезам ягоныя словы шарпанулі слых і мазгі. Напэўна, наймацней запамінаецца тое, што рэзка супрацьпастаўляецца ўласнымі паняццям. Аб нармальнасці твару ў тым ліку.
Я лічу, напрыклад, Ліў, і Пенелопу, і Кэмеран прыгажунямі найвышэйшай катэгорыі. Ад чужых сумневаў наконт вонкавай нестандартнасці мая прыхільнасць да іх не пахіснулася, але прымусіла задумацца, да чаго па-рознаму людзі ставяцца да дробязяў, нават да прасторы паміж ротам і носам.
Калісьці ў школе я любіла Рэмарка. Гэта ад мамы. У мамы “Тры таварышы” былі настольнай кнігай. Маміна юнацтва супала з маладосцю герояў “Москва слезам не верит” 1979 года. Людміла (Ірына Мураўёва) у метро чытала менавіта “Трох таварышаў”. І мама, і ўсе дзяўчаты Савецкага Саюза захапляліся Рэмаркам. А я, чытаючы мамінага ўлюбёнага аўтара, занатоўвала ў сшытак мудрыя думкі Эрыха Марыі. Цікава, што афарызмы нямецкага аўтара адклаліся ў памяці назаўсёды і ў прыдатны момант з гатоўнасцю ўзнікаюць на паверхні свядомасці:
— Мы патрэбныя?
Вось і сёння паслужлівае ў тэму:
“Лицо! Лицо! Разве спрашиваешь, дешево оно или бесценно? Неповторимо или тысячекратно повторено?”
Там далей пра каханне, але сёння яно без патрэбы. Непаўторныя твары — вось я пра што. І наймацнейшае эмацыйнае “тварнае” ўражанне я мела ад “Старога мужчыны з наростам на носе” невядомага мастака, які падпісваўся манаграмай I. S., дакладней, “Monogrammist I. S.”. Я шмат гадоў думала, нібыта гэта прозвішча мастака: Манаграміст. З таго моманту, калі ў мастацкім музеі Стакгольма падчас журналісцкага семінара набыла пры ўваходзе паштоўку “Old Man with a Growth on his Nose”. Цікава, што ніводная карціна музея ні кроплі не ўразіла, а толькі стары з носам. Яго ў экспазіцыі не было. Я доўгі час не развітвалася з паштоўкай. А пасля такая блытаніна пачалася ў жыцці, не да паштовак стала. Згубіўся стары. Разам з абвіслым носам сваім.
Сёння вось пішу пра твары і разумею, што мой стары мае найцікавейшы з твараў твар — першы на памяць прыйшоў, калі ўсур’ёз задумалася пра чалавечую знешнасць.
Птушыны мае твар мой стары. Твар састарэлага кірмашовага папугая, калісьці яскравага ў парчовым сурдуце, як з румынска-французска-савецкай казкі “Мама” 1976 года. Ад прыгажосці фільма я ледзь з глузду не з’ехала. Вывучыла ўсе песні, змалявала некалькі альбомаў казачнымі чалавекажывёламі. Вядомая справа, закахалася ў Ваўка (Баярскага).
А з В. неяк пра артыстаў гаворку вялі, яна таксама не прамінула дадаць мімаходзь:
— У Баярскага заечая губа была пры нараджэнні — таму і носіць вусы.
Гучала так, нібы ён падабацца не меў права. У адказ цытую Акіру Курасаву з “Сямі самураяў” 1954 года (25 фільмаў у спісе):
— Добрая крэпасць мае патрэбу ў недахопе, каб прывабіць супраціўніка!
Толькі сабралася менавіта для эсэ дасканала распавесці, для чаго патрэбная ворага прывабліваць, як патэлефанавала З. Яна цяпер у санаторыі:
— Уяўляеш, хадзіла на масаж твару — першы раз у жыцці! Дзіўнае ўражанне.
— Прыедзеш маладзіцай, не пазнаем цябе.
— Не смяшы! Мне загадалі на паўгадзіны пасля масажу адмовіцца ад мімікі.
— З.! Ты не паверыш! Я менавіта цяпер пішу нарыс пра твары. І твой званок пацэліў у патрэбны момант, калі праца застопарылася. Я ўсе свае архівы перавярнула, шукаючы паштоўку шведскую з насатым дзедам. Ты памятаеш, канечне. Думала, вось адкрыю першы з альбомаў сваёй калекцыі рэпрадукцыяў, і калі адразу знайду яго, дык радасць і знак. А цяпер мне ён баз патрэбы. Захоча — адшукаецца сам. Галоўнае, што атрымала пацвярджэнне ад цябе наконт правільна выбранага напрамку.
— Часам мне падаецца, быццам я твой галоўны натхняльнік, — З. спрабуе не ўсміхацца. Я чую старанне З. скрозь кіламетры адлегласці, што раздзяляе нас, але не аддаляе.
— Так і ёсць!
Так, ды не зусім. Ненаедныя пісакі маюць патрэбу ў безлічы пабочных меркаванняў. Між тым, заходжуся да Т. Яна аўтаматычна ставіць чайнік. Саромеюся, але прашу:
— Вось каб супу…
— Зараз буду варыць, маеш час, дык чакай.
Чакаю і само сабой заводжу гутарку пра надзённае:
— А я пра твары цяпер пішу..
— Будзеш смяяцца, але сёння перадачу слухала пра фізіягноміку.
Я расказала Т. пра Л. і А., якія крытыкавалі знешнасць іншаземных артыстак:
— Мне падаецца, што А. катэгарычна не прымае вялікія раты, бо свой мае надта маленькі.
Т. падтрымлівае. Т. заўсёды падтрымлівае. Т. — таксама сапраўдная сяброўка:
— Са мной разам на канструктара адзення вучылася дзяўчынка з буйной галавой. Мадэлі, якія малявала гэтая дзяўчынка, мелі выключна буйныя галовы. Напэўна, пры дапамозе малюнка дэманстравала, што яе не задавальняюць малыя галовы астатніх…
Неўзабаве суп зварыўся. Боршч. Т. перажывала:
— Зарана кінула маладую капусту і крыху позна бурак.
Мне дык спадабаўся. Абы не гатаваць. Тым больш пагаварылі па сутнасці і добра паелі. А ўлюбёных фільмаў любімых 70-х у спісе 100 штук. Спецыяльна пералічыла, перш чым паставіць заключную кропку.