Публічныя лекцыі, арганізаваныя Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры пройдуць ў вёсцы Пераброддзе Мёрскага раёна Віцебскай вобласці 11 ліпеня.
Пераброддзе – старадаўняе рыбацкае паселішча паміж азёрамі Абстэрна і Набіста. З 1571 г. мела статус горада, а з 1792 – уласны герб, які быў нядаўна ізноў зацверджаны ў якасці афіцыйнага герба вёскі.
У сустрэчы будзе прымаць удзел старшыня таварыства Антон Астаповіч і гісторык, загадчык аддзелу публікацый Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцер Яцкевіч. Сустрэча адбудзецца ў памяшканні мясцовага сельскага савета на тэмы: “Інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны Пераброддзя і ваколіц у кантэксце развіцця турызма ў рэгіёне” і “Архіўныя крыніцы вывучэння гісторыі Пераброддзя”.
Пасля мае адбыцца круглы стол з удзелам мясцовых краязнаўцаў і прадстаўнікоў улады па праблемах захавання гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, а таксама па канцэпцыі стварэння ў вёсцы музея рыбалоўства.
Пачатак сустрэчы ў 12.00.
Сустрэчы адбудуцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”