Тайра Бэнкс упэўненая, што ў будучыні прыгожымі будуць лічыцца тыя, хто выглядае не так, як іншыя. Пластычная хірургія і іншыя дапаможныя касметычныя сродкі стануць даступнымі для ўсіх, хто захоча імі скарыстацца, каб зрабіць свой выгляд больш адметным.
Калі я разважаю пра будучыню, я прадбачу радыкальныя змены не толькі ў тым, якімі шляхамі людзі “дасягнуць прыгажосці”, але і ў тым, якім чынам чалавецтва будзе ўспрымаць прыгажосць. Наогул я веру, што традыцыйная прыгажосць больш не будзе лічыцца чымсьці каштоўным — у пашане будзе ўнікальнасць.
Калі размаўляць больш дэтальна на гэты конт, вось што мне падаецца.
1. Зрабіць пластычную аперацыю стане гэтак жа лёгка і хутка, як схадзіць у аптэку па валакардзін. Галоўная ўвага будзе надавацца таму, наколькі ўнікальна і цікава ты выглядаеш. Стандартнасць і аднастайнасць застануцца ў мінулым. Людзі будуць імкнуцца да адметнасці, да нетыповасці, гэта будзе лічыцца ультрасучасным — у нечым гэта ўжо праяўляецца сёння, калі знакамітасці і простыя людзі выбіраюць незаезджаныя імёны для сваіх дзяцей.
2. Не будзе ніякіх шыньёнаў і прыладаў для нарошчвання валасоў. Калі вы пажадаеце мець даўжэйшыя кучары, вам прапануюць нанесці на скуру галавы адмысловую сыроватку, якая спрыяе росту валасоў, і праз 24 гадзіны даўжыня і таўшчыня вашых валасоў павялічыцца. Папулярнымі стануць кучаравінкі.
3. Глабальнае пацяпленне прывядзе да зніжэння ўраджайнасці, таму натуральная ежа стане дэфіцытам. Жанчыны з апетытнымі формамі і тонкай таліяй стануць стандартам прыгажосці, да якога ўсе будуць імкнуцца, бо гэта будзе азначаць, што такія жанчыны могуць дазволіць сабе смачныя, але ў той жа час здаровыя прадукты харчавання, што ў сваю чаргу будзе знакам таго, што яны належаць да заможных слаёў насельніцтва.
4. Бацькі змогуць выбіраць колер вачэй свайго дзіцяці гэтак жа лёгка, як яны замаўляюць стравы з меню якога-небудзь рэстарана хуткага харчавання. Блакітныя і зялёныя вочы зробяцца такімі распаўсюджанымі, што кары стане рэдкім і модным колерам.
5. Розныя колеры скуры і іншыя міжрасавыя асаблівасці пачнуць знікаць, і ў будучыні большасць людзей не будзе належаць да нейкай адной расы. Рыяна, Беёнсэ ды хоць бы і я — вось прыклады таго, як будуць выглядаць людзі ў будучыні. Людзі з беласнежнай ці чорнай як смоль скурай будуць рэдкімі экзэмплярамі, а таму іх будуць лічыць унікальнымі і надзвычай прыгожымі.
6. Праз тое, што зрабіцца прыгожым стане вельмі проста, а розныя колеры скуры і міжрасавыя асаблівасці змяшаюцца, расізм і забабоны, заснаваныя на фізічных недахопах чалавека, будуць амаль знішчаныя. Забабоны нікуды не знікнуць, але цяпер яны будуць расці на сацыяльна-эканамічным падмурку.
7. Спосабы рэкламавання індустрыі прыгажосці таксама зменяцца. Праз тое, што прыгажосць стане лёгка дасягальнай і даступнай для ўсіх, больш не будзе ніякай патрэбы ў мадэлях (у сённяшнім сэнсе гэтага слова). Яны стануць анахранізмам. Прадстаўляць і прадаваць прадукты індустрыі моды ва ўсім свеце будуць мадэлі, падобныя да робатаў і аватараў,, якія будуць выглядаюць цалкам адрознымі ад звычайных людзей.
8. Ва ўсіх людзей будзе прынамсі адзін асабісты “робат”, якога таксама можна назваць “асістэнтам” ці “кампаньёнам”. Фактычна, рэкламадаўцы будуць плаціць чалавеку, каб ён ці яна выкарыстоўвалі такіх “робатаў”, бо яны будуць рэкламаваць іхныя прадукты. У гэтых “робатах” будзе штучны інтэлект найвышэйшай якасці: напрыклад, “робат” будзе ў стане адчуць, што ў ягонага ўладальніка сёння дрэнны дзень, і тады “робат” падбадзёрыць яго: “Нічога сабе, Алаіза! Ты такая прыгожая ў гэтай сукенцы!”.
9. Для тых, хто не пажадае класціся пад скальпель пластычнага хірурга, прыдумаюць таблеткі прыгажосці, якія, аднак, будуць змяняць выгляд не назаўсёды, а толькі на нейкі час: падкрэсліць лінію скулаў, дадаць румянца шчочкам, зрабіць бровы аркападобнымі. Але для падтрымання дасягнутага эфекту такія таблеткі давядзецца выкарыстоўваць рэгулярна.
10. Фемінісцкі рух стане гісторыяй, таму што баланс сіл паміж мужчынамі і жанчынамі зменіцца кардынальна. Жанчыны змогуць самі вырашаць, калі ім заводзіць дзяцей (аж да часу, калі ім стукне 120 гадоў!), яны будуць больш разумнымі і адукаванымі, чым мужчыны, і яны будуць кіраваць светам. Мужчыны стануць галоўнымі спажыўцамі касметыкі, 70% пластычных аперацый ва ўсім свеце будзе рабіцца менавіта імі. Чаму? Мужчыны будуць сапернічаць за жаночую ўвагу, апантаныя тым, каб стаць прывабнымі для жанчын і асабліва заможных лэдзі, якія змогуць клапаціцца пра іх.