27.02.2017 | Беларуская мова

ТБМ і “Дзея” распачынаюць кампанію па перакладзе заканадаўства

Таварыства беларускай мовы і ініцыятыва “Дзея” распачынаюць кампанію па перакладзе заканадаўства на беларускую мову. У мэтах кампаніі — не толькі перакласці асноўныя законы, але і дамагчыся, каб іх зацвердзілі на афіцыйным узроўні. Першы “перакладатон” адбудзецца ў суботу 4 сакавіка на сядзібе ТБМ (Мінск, вул. Румянцава, 13). Пачатак а 12:00.

tbm_pieraklad

Да перакладу на базе спецыяльнай онлайн-платформы зможа далучыцца кожны ахвочы. Платформа дазваляе перакладаць вялікай колькасці людзей адначасова. Навучыцца працаваць з платформай можна самастойна або на адным з “перакладатонаў” — сустрэчы для супольнай працы над перакладам.

Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу праводзіла курс бізнес-беларускай для прадпрымальнікаў, якія хацелі б больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй працы. Я гэты курс рыхтавала і выкладала. І ўжо на этапе падрыхтоўкі стала зразумела, што без афіцыйнага заканадаўства на беларускай мове не тое што справаводства, нават заняткі весці складана. Як заключыць працоўную дамову на беларускай мове, калі Працоўны кодэкс ёсць толькі на рускай? Можна, але недакладнасці ў тэрмінах абавязкова будуць. Тое ж тычыцца і Грамадзянскага кодэксу.

Адсутнасць афіцыйных беларускамоўных варыянтаў гэтых законаў — бар’ер, які стрымлівае вялікую колькасць кампаній ад вядзення працы і афармлення дакументаў па-беларуску”, — распавядае Вераніка Мазуркевіч, ініцыятарка кампаніі.

Да працы над канчатковымі варыянтамі перакладаў будуць прыцягнутыя прафесійныя рэдактар і карэктар. “Мы будзем рабіць усё магчымае, каб перакладзеным тэкстам быў нададзены афіцыйны статус”, — кажа Вераніка Мазуркевіч.

Кантактныя асобы:
Вераніка Мазуркевіч, ініцыятарка кампаніі, +375 29 6938671, transcreation.bel@gmail.com

Пётр Маркелаў, медыя-служба “Дзеі”, +375 29 6986855, yaptro@gmail.com


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика