Якія айчынныя калектывы дагэтуль не маюць уласных рэсурсаў у сеціве? Хто з іх не цураецца беларускамоўнай версіі? Ці гатовыя яны да замежных турыстаў? Наша расследаванне – пра сайты беларускіх тэатраў.
У пачатку ХХІ стагоддзя ў інтэрнэце не прадстаўлены толькі лянівы. Таму тэатральны сайт – абавязковая ўмова для паспяховага існавання. Гэта кландайк інфармацыі для журналістаў, востраў скарбаў для сапраўдных тэатралаў і магчымасць аператыўна паведаміць пра змены ў афішы. Структура сайтаў большасці айчынных тэатраў прыкладна аднолькавая: агульная інфармацыя пра калектыў (трупа, кіраўніцтва, а таксама сціслы гістарычны аповед), рэпертуар, афіша на гэты і наступны месяц, а таксама кантакты. Дзе-нідзе ёсць свае разынкі. На сайце Музычнага ёсць форум, у Рускім – гасцявая, а на сайце Купалаўскага зроблены акцэнт на кавярні “Аўстэрыя Уршуля”. Але ў гэтых рэсурсаў хапае як сваіх адметнасцяў, так і праблем, пра якія мы пагаворым.
Пяць тэатраў – без сайта
Як кажуць, каго няма ў інтэрнэце, таго няма нідзе. Але пяць айчынных калектываў дагэтуль не маюць уласнага сайта. Гэта Палескі драматычны тэатр (Пінск), Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” (Маладзечна), Слонімскі драматычны тэатр, Драматычны тэатр беларускай арміі і Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Знiч» (Мінск). Зразумела, стварэнне сайта патрабуе грошай. Але асобныя платформы (напрыклад, narod.ru) бясплатныя. Асабліва дзіўная сітуацыя з Тэатрам арміі, які падпарадкоўваецца не Міністэрству культуры, а больш заможнаму Міністэрству абароны. Хутчэй за ўсё, гэтым тэатрам сайты не патрэбныя.
Як калектывы выкручваюцца з сітуацыі? Пінчукі, слонімцы і “армейцы” распаўсюджваюць інфармацыю праз афіцыйныя групы “Укантакце”. Звесткі пра “Зніч” і яго афіша прадстаўленыя на сайце Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у структуры якой працуе калектыў. А вось дзе знайсці інфармацыю пра маладзечанскую трупу, – сапраўдная таямніца. Няўжо запрашаць чэмпіёнаў свету па пошуку ў інтэрнэце?
Купалаўскі і РТБД – без рускай версіі
Нядаўна мы разбіраліся, чаму пачуць беларускую мову з айчыннай тэатральнай сцэны – няпростая задача . Толькі восем дзяржаўных тэатрах маюць цалкам (або пераважна) беларускамоўны рэпертуар. У трох з іх сайт адсутнічае. Застаюцца пяць калектываў: Нацыянальны драматычны тэатра імя Коласа і Беларускі тэатр “Лялька” (Віцебск), сталічныя ТЮГ, РТБД і Купалаўскі (дарэчы, толькі на сайце двух апошніх адсутнічае рускамоўная версія). З астатніх тэатраў беларускі варыянт маюць толькі сайт Опернага і Брэсцкага лялечнага. На жаль, логіка тут простая. У Беларусі няма людзей, якія не разумеюць рускую мову. А паколькі супрацоўнікі тэатраў часта займаюцца сайтамі на грамадскіх пачатках (у адным са сталічных калектываў такі рэсурс пэўны час вёў акцёр), ніхто не хоча рабіць неаплачваную працу.
Do you speak English?
У ідэале беларускія тэатры мусяць арыентавацца не толькі на айчынную, але і на замежную аўдыторыю. А дзеля гэтага мець англамоўную версію ўласных сайтаў. Але з гэтым вялікія цяжкасці. Як ні дзіўна, тыя калектывы, хто не цураецца беларускай, амаль заўжды не адчуваюць праблемы з замежнай. Паўнавартасныя англамоўныя версіі сайтаў ёсць у Купалаўскага, Опернага, двух віцебскіх калектываў (лялечнага і драматычнага), а таксама ў Брэсцкага лялечнага тэатра. Як бачым, гаворка ўсяго пра пяць калектываў!
Магчыма, варта дапрацаваць сайты Гродзенскага лялечнага тэатра (там ёсць англамоўныя звесткі пра спектаклі, гісторыю тэатра і кантакты, але чамусьці няма афішы) і Сучаснага мастацкага тэатра (англамоўная версія не абнаўлялася даўно – афіша датаваная чэрвенем 2014 года). Апроч таго на сайце Брэсцкага тэатра драмы па-англійску прадстаўленая толькі інфармацыя пра фестываль “Белая Вежа”. На сайце ТЮГа на гэтай мове ўсяго дзве старонкі (гісторыя тэатра і кантакты, ды і тое з рускамоўнай схемай).
Але і тут адчуваецца прагматычны разлік. Замежнік, які не ведае рускай і беларускай, можа пайсці толькі ў Оперны (дзе ёсць бягучы радок) і Купалаўскі (шэраг спектакляў ідзе з сінхронным перакладам). Калі турыстаў няма, навошта старацца? Хоць тут, мяркую, мусіць дзейнічаць адваротная логіка: пакуль у тэатраў няма англамоўнай версіі сайтаў і магчымасцяў для перакладу, замежнікаў у іх сценах мы не ўбачым.
Афіша – на год наперад
Чаго яшчэ не хапае сайтам айчынных тэатраў?
Раздзел “афіша” ёсць на кожным рэсурсе. Але абнаўляецца ён марудна. У найлепшым выпадку цяпер можна даведацца пра спектаклі на травень. Адзінае выключэнне – Оперны, які паведаміў пра планы на ўсю восень. Дзеля кантрасту прыгадаю гісторыю з уласнага досведу. Сем гадоў таму, летам 2008-га, я наведаў Прагу і Вену. Зразумела, не мог абмінуць тэатры. У ліпені там можна даведацца пра даты ўсіх спектакляў на ўвесь сезон! Бо чэхі і аўстрыйцы ўсур’ёз разлічваюць як на турыстаў (квіткі можна браніраваць ва ўсім свеце), так і на выканаўцаў (планы сур’ёзных спевакоў, танцоўшчыкаў або музыкаў складаюцца на некалькі гадоў наперад).
Далёка не кожны сайт мае раздзел “Прэса”. Але нават калі рэцэнзіі змяшчаюцца ў сеціве, акцэнт робіцца толькі на станоўчых ацэнках. Да нядаўняга часу хіба толькі Музычны тэатр выкладваў усе тэксты (як адмоўныя, так і станоўчыя). Хоць цяпер калектыў адышоў ад такой традыцыі. Вядома, кіраўніцтва амаль кожнай трупы крыўдзіцца на “крытыканаў”, чые адмоўныя рэцэнзіі могуць адштурхнуць частку патэнцыйнай публікі. Але турботы тут марныя: масавыя гледачы часцей арыентуюцца на “сарафаннае радыё”.
Нарэшце, толькі на сайце РТБД я найшоў раздзел “Архіў тэатра” , дзе ёсць інфармацыя пра спектаклі, спісаныя з рэпертуару. А на сайце ТЮГа – “Залу славы”, дзе змешчаныя біяграфіі дзевяці выбітных асобаў, якія раней працавалі ў тэатры. Атрымліваецца, як толькі спектакль сыходзіць са сцэны, а акцёр – з трупы, пра іх адразу забываюцца.
***
Зрэшты, не ўсё так сумна. У пацвярджэнне – яшчэ адзін прыклад з уласнага досведу. У 2011 годзе я трапіў у Маскву. Ва ўсіх касах ужо стаялі камп’ютары, а касіры прадавалі квіткі на ўсе месцы і раздрукоўвалі іх у прысутнасці кліента. Гэта выклікала культурны шок, бо тады ў Мінску кожная каса атрымлівала сваю частку папяровых квіткоў. Каб трапіць на найлепшыя месцы, часам даводзілася пабегаць па ўсім цэнтры. Цяпер набыць квіткі праз інтэрнэт можна без цяжкасцяў.
Магчыма, з часам сайты айчынных тэатраў будуць завабліваць у Беларусь турыстаў з усяго свету. Але пакуль гаворка не пра сяброўства тэатра і інтэрнэту, а пра вымушанае дзелавое супрацоўніцтва. Упэўнены, што тэхналагічны прагрэс абавязкова дойдзе да нас. Магчыма, толькі не так хутка, як нам таго хочацца.
Дзяніс Марціновіч