Адзін з найлепшых тэатраў свету MENO FORTAS (Літва) прадставіў у межах фестывалю “Панарама” спектакль “Ідыёт” паводле Дастаеўскага ў інтэрпрэтацыі літоўскага генія рэжысуры Эймунтаса Някрошуса.
Яшчэ адзін класічны твор і яшчэ адзін своеасаблівы погляд з прапанаваных сёлетняй праграмай фестывалю спектакляў. І поўная зала Дому афіцэраў.
Прэм’ера спектакля з вялікім поспехам прайшла яшчэ ў 2009 годзе на піцерскім фестывалі “Балтыйскі дом”. Тэатразнаўцы сцвярджаюць, што гэта адзін з самых зразумелых спектакляў літоўскага рэжысёра. Цяжка з гэтым не пагадзіцца, калі ўлічыць працягласць спектакля — пяць з паловай гадзін, з чатырма аддзяленнямі і трыма антрактамі (паспрабуйце дзеля эксперыменту заняць чыю-небудзь увагу на такі час). Суб’ектыўнае адчуванне: кожнае наступнае аддзяленне здавалася карацейшым за папярэдняе. Былі, вядома, гледачы, што сышлі з імпрэзы раней, пасля другога, трэцяга аддзялення, але астатнія мала таго што даседзелі да канца спектакля — яны яшчэ і доўга не адпускалі актораў са сцэны, нягледзячы на дванаццатую гадзіну ночы.
Са школьнай праграмы ўсе памятаюць, як нялёгка было чытаць дзесяці-пятнаццацістаронкавыя душэўныя пакуты герояў рамана. У Някрошуса ж перажыванні герояў ясныя і простыя, пазбаўленыя празмернай пафаснасці, уласцівай Фёдару Міхайлавічу, а таму даступныя “простым смяротным”.
Некаторыя сцэны наогул перададзеныя схематычна, нібыта замалёўка ці фрагмент лялечнай пастаноўкі, як развітанне князя з Піцерам пасля злашчаснага вечара ў Настассі Філіпаўны.
Увогуле Мышкін Някрошуса, бадай, самы нармальны з усіх герояў — чалавек з моцна абвостранай эмпатыяй. А сам спектакль — цалкам жыццёвая “гісторыя кахання” са зразумелымі хваляваннямі і трагічным фіналам.
Акторы, якім дасталіся галоўныя ролі (Настассі Філіпаўны і Аглаі Епанчыной, Мышкіна і Рагожына), такія ж маладыя, як і іх персанажы. Тут асобнай увагі заслугоўваюць іх строі, вядома, крыху стылізаваныя. Але сучасныя прычоскі і каляровыя калготкі (адзін з самых модных трэндаў сёлетняга восеньска-зімовага сезону) — дробязі, якія збліжаюць той час з сучаснасцю, а актораў звязваюць з гледачамі.
Спектакль напоўнены мноствам найцікавейшых (але простых) рэжысёрскіх вынаходак: дзверы, падвешаныя на вяроўках, зачыненыя і адчыненыя адначасова, малаточкі на вяровачках — гэта дзятлы ў гаі, дзе сустракаюцца героі. Лаканічна вырашаная перапіска герояў — яны самі цытуюць радкі, напісаныя ўласнай рукой.
Самае галоўнае, што пры ўсёй змрочнасці гісторыі і трагічнасці фіналу не ўзнікае пачуцця безвыходнасці, толькі лёгкі сум, што сустрэча з прыгожым скончылася.
Тым, хто кажа, што класіка — гэта нудна і састарэла, варта пазнаёміцца з гэтай пастаноўкай. Класіку, як любую страву, трэба ўмець гатаваць. Застаецца толькі падзякаваць майстру за яго творчасць, а арганізатарам фестывалю — за тое, што мінчукам пашчасціла дакрануцца да гэтага цуду.
Зарына Кандрацьева