Васючэнка Пётр Васільевіч. Ад тэксту да хранатопу: артыкулы, эсэ, пятрогліфы. Мінск: Галіяфы, 2009. – 200 с.
Кніга “Ад тэксту да хранатопа” Пятра Васючэнкі – гэта рэкламная ўлётка, раздзьмутая да памеру навуковай манаграфіі. Ужо яе першы сказ прымушае напружыцца: “Беларуская літаратура з яе тысячагадовым узростам выглядае паважна…”
Як на мой погляд, то не варта першыя помнікі славянскай пісьмовасці атаясамліваць з творамі беларускай літаратуры. Але нават калі і ставіць паміж імі знак роўнасці, пачынаючы з якога Наўгародскага кодэксу, наўрадці лічба атрымаецца такой прыгожа скругленай. Наогул, адмерваць узрост літаратуры тысячагоддзямі тое ж самае, што лічыць узрост жанчыны пяцідзесяццігоддзямі – справа выхавання і густу.
Мне, напрыклад, падабаецца думка, што наша літаратура адна з самых маладых у свеце. І таму да сцверджання Васючэнкі, што “яна прайшла праз усе стадыі агульнаеўрапейскага развіцця, мела свае ўзоры барока, класіцызму, сентыменталізму, рамантызму, рэалізму, дэкадансу і мадэрнізму”, я адношуся досыць скептычна… Паважаць літаратуру за тое, што яна мела адносіны да гэтых усіх твочых напрамкаў, на мой погляд, тое ж, што прылюдна хваліць жанчыну за шматлікія любоўныя сувязі. Мне здаецца, што ў нашай літаратуры, як у прыстойнай жанчыны, быў адзін доўгі законны шлюб — з рэалізмам — і некалькі лёгенькіх мімалётніх фліртаў, якія хоць і прыўкрасілі яе жыццё, але істотна на яго не паўплывалі.
Але кніга П.Васючэнкі зроблена, як ужо адзначалася, па законах рэкламы, а значыць у ёй адлюстраваны толькі самыя цікавыя і загадкавыя карцінкі белліту, а шэранькія будні літпрацэсу ўдала прыхаваныя нечаканымі спецэфектамі.
Напрыклад такімі: “ Расліны ў беларускай паэзіі захоўваюць таямнічае маўчанне – гавораць творцы.(с.5)”
Тут кожны, хто мае фантазію і час, пачынае ўяўляць, што недзе на свеце ёсць літаратуры, у якіх творцы маўчаць, а расліны гавораць!
Цытатай з якога-небудзь містычнага трылера гучыць і наступны васючэнкаўскі сказ: “Душа ж расліны звязваецца з таямніцай народнай ментальнасці…” Ад такіх заяваў кроў халадзее ў жылах, але далей – болей: “Таямнічае маўчанне багны і траваў, маўклівасць лабірынтаў, маўчанне паэтаў, якія ў часы рэпрэсій і дыктату сыходзілі ў так званую “ўнутраную эміграцыю” (с.5)…” Натуральна, менавіта тут і хаваецца галоўны спецэфект літаратурнай манеры Васючэнкі – фальклорны вобраз з лёгкасцю трансфармуецца ў гістарычныя рэаліі ХХ стагоддзя, з той жа лёгкасцю, з якой туды-сюды перасоўваліся стагоддзі ў метрыках беларускай літаратуры!
Але самы цікавы фокус чакае нас наперадзе.
Чытайце ўважліва: “Гэты стан стварыў падставу для эластычнага канфармізму, які можна прыраўняць і да глухога, нябачнага супраціву. (с.5)” Для тых, хто ўсё ж прачытаў няўважліва – Васючэнка паставіў знак роўнасці паміж канфармізмам і супрацівам. Гэты геніяльны, я б сказала, эластычны ход дае індульгенцыю ўсёй нашай соннай нацыі! Цяпер мы смела можам сцвярджаць, што прыстасоваючыся да рэжыму, мы з ім змагаемся, і гэтая думка не можа не напаўняць нашы сэрцы гонарам і павагай да сябе.
Мастацтва трансфармацыі дэманструе Васючэнка і ў дачыненні да науковай тэрміналогіі.
Чытаю кнігу і лаўлю сябе на думцы, што не разумею сэнс як быццам бы добра знаёмага слова “трансцэндэнцыя”.
“Зямная трансцэндэнцыя, зямное “яно” (М.Гарэцкі) глядзіць на Міхала поўнымі тугі і нейкага яшчэ невыказанага пачуцця вачыма канаючага ваўка” (с.23).
Ці: “Зямная трансцэндэнцыя звязвае творчасць Коласа з ідэалагемамі Кнута Гамсуна…(с.21)”
Трансцэндэнцыя, як вядома, гэта філасофскі тэрмін, які характэрызуе тое, што недасяжна пазнанню… Як на мой густ, то не варта падмяняць гэтым словам такія ўсім вядомыя і зразумелыя вызначэнні, як містычны, таямнічы, загадкавы, ірацыянальны, касмічны, вусцішны, незразумелы…
Гэтак жа, як і выкарыстоўваць у сваім спецыфічным разуменні знаёмае многім слова “трансцэндэнталізм” (напрыклад: “Вольнанаёмны Лявон Задума сутыкаецца на фронце з новымі для яго праявамі ірацыянальнага — ваенным трансцэндэнталізмам (с.45)”)… Хаця б таму, што ў нашай краіне поўна інтэлігентных чытачоў, якія ведаюць, што трансцэндэнталізм — гэта амерыканскі філасофска-літаратурны рух 1830-60-х гг..
У поўнай таямніц і метамарфозаў кнізе Васючэнкі можна сустрэць і “ручаёвую трансцэндэнцыю”, і “трансцэндэнталізм народнай душы”… А яшчэ сцверджанне, што “творчасць М.Гарэцкага” мае такую рысу як “крэатыўнасць”…
Менавіта гэтая заўвага і дала мне ключ да разумення новай кнігі артыкулаў, эсэ і пятрогліфаў “Ад тэксту да хранатопа”, якую трэба разглядаць у першую чаргу, як крэатыўную творчасць па матывах беларускай літаратуры. Творчасць, пра якую хочацца пагаварыць і паспрачацца.
Але самае галоўнае – яе хочацца прачытаць!
***
Ганна Кісліцына -– крытык, літаратуразнаўца. Глядзі персанальны блог.