Літаратурны сайт textura.by разгортваецца перад намі даўжэзнай галерэяй рускамоўных аўтараў, і, што здзіўляе, знаёмых імёнаў сярод іх зусім не шмат. Адчуванне, што натрапіў на нейкі падводны свет, пра які нічога не ведаеш. Ці сапраўды існуе гэтая паралельная літаратурная рэчаіснасць, якая, магчыма, менш заўважная, чым беларускамоўны асяродак? Ці ёсць у ёй свае выступы, кніжныя прэзентацыі і яркія таленты? Пра гэта мы пагаварылі з Андрэем Фаміцкім, паэтам і заснавальнікам сайта textura.by.
– Андрэй, ці правільна я разумею, што сайт “Тэкстура” гуртуе вакол сябе пераважна рускамоўных аўтараў? Ці была ў вас мэта іх аб’яднаць?
– Сапраўды, цяпер на сайце апублікаваныя творы 60 аўтараў, 37 з іх – з Беларусі, але, на жаль, толькі шэсць беларускамоўныя. Беларускамоўныя – гэта Наста Кудасава, Вiктар Жыбуль, Вiктар Лупасiн, Алесь Емяльянаў-Шыловiч, Алесь Замкоўскі, Ганна Севярынец. Увогуле на сайце прадстаўленая проза, драматургія, крытыка, палемічныя артыкулы. Адна з мэтаў сайта – стварыць месца сустрэчы пісьменніка з чытачом, бо ў Беларусі няма рэсурсу, дзе можна прачытаць не толькі беларускамоўных, але і рускамоўных аўтараў. Чамусьці праходзіць водападзел. У нас усяго два рускамоўныя часопісы. Прычым для таго, каб надрукавацца ў “Нямізе літаратурнай” , трэба абавязкова аформіць падпіску – такое негалоснае правіла. А каб трапіць у “Нёман”, трэба доўгія гады стаяць у чарзе, праверана на ўласнай скуры (нават яшчэ не дачакаўся). Прычым рэдактары “Нёмана” – адзінага рускамоўнага выдання, якое субсідыюецца дзяржавай, – праводзяць незразумелую мне палітыку: працэнтаў 45 з усіх тэкстаў – гэта пераклады твораў беларускамоўных аўтараў на рускую. Быццам мала часопісаў, дзе беларускамоўны аўтар і так можа надрукавацца.
Такім чынам, мне захацелася стварыць пляцоўку, дзе гэтага водападзелу не было б – я хацеў бы бачыць на “Тэкстуры” любых аўтараў, незалежна ад мовы, на якой яны пішуць. На жаль, атрымліваецца так, што беларускамоўныя аўтары пакуль стаяць убаку і ў асноўнай масе не наважваюцца альбо не хочуць аддаваць на “Тэкстуру” свае творы.
– А як увогуле вы знаходзіце аўтараў для сайта?
– Паколькі я сам пішу, то ўсе пошукі пачыналіся сярод знаёмых, у чыім высокім літаратурным узроўні і мастацкім гусце я ўпэўнены. Цяпер усё часцей аўтары дасылаюць творы самі. На жаль, часта нашыя таленавітыя рускамоўныя аўтары пішуць у стол альбо іх творы можна знайсці на нейкіх занядбаных сайтах, якія даўно не функцыянуюць. Некаторыя калісьці публікаваліся ў Расіі, але гэтыя публікацыі прайшлі незаўважанымі, бо там хапае сваіх добрых аўтараў, і вельмі рэдка яны заўважаюць нашых. Нават беларус Канстанцін Міхееў, якога я лічу геніяльным паэтам, ужо даволі даўно амаль нідзе свае творы не публікуе.
– А бывае, што вы прапаноўваеце аўтару ў вас апублікаваць свае творы, а ён адмаўляецца? І чым матывуе? Адмаўляюцца менавіта беларускамоўныя літаратары?
– Так, за ўвесь час існавання сайта адмаўляліся толькі беларускамоўныя. Матывавалі тым, што няма новых твораў, якія хацелася б паказаць. То бок мякка, культурна пасылалі. Насамрэч я ведаю, што гэтыя канкрэтныя паэты адмаўляліся таму, што не хацелі б суседнічаць на нейкім рэсурсе з рускамоўнымі аўтарамі, і гэтага прынцыпу яны прытрымліваюцца даволі адкрыта.
– Але, можа, гэта натуральна? Людзі імкнуцца абіраць асяродкі, дзе яны не аказваюцца ў меншасці. Можа, і не трэба нічога з гэтым рабіць? Навошта вам штучна прыцягваць на сайт беларускамоўных?
– На маю думку, гэта ненатуральна. Я за тое, каб рускамоўныя і беларускамоўныя не адмяжоўваліся, а сябравалі. Апроч таго, я думаю, “Тэкстура” – рэсурс, па якім некалі будуць фармаваць уражанне пра беларускую літаратуру, на якой мове яна б ні была напісаная. Таму мне хацелася б, каб гэтае ўражанне было поўным і каб беларускамоўных аўтараў таксама чыталі на “Тэкстуры”.
Увогуле я ўжо адчуваю “Тэкстуру” як сваю місію, гэты рэсурс – ужо не тое, што я магу проста ўзяць і заўтра спыніць, устаўшы не з той нагі. Таму я буду працягваць нешта рабіць з гэтай сітуацыяй.
– Каб сітуацыя змянілася і каб ваш сайт не асацыявалі з рускамоўным асяродкам, трэба, каб ніхто не дамінаваў – каб было хаця б пароўну рускамоўных і беларускамоўных.
– Вось зараз з сайтам мне будзе дапамагаць паэт Алесь Емяльянаў-Шыловiч, спадзяюся, ён забяспечыць прыток беларускамоўных аўтараў.
– Аўтары, якія пішуць па-беларуску, на слыху. Ёсць сваё літаратурнае жыццё – прэзентацыі, фестывалі, прэміі, імпрэзы. Ці ёсць асобная прастора, насычаная падзеямі, у рускамоўных аўтараў? Магчыма, мы проста пра яе не ведаем?
– Я б сказаў, што такой тусоўкі няма. Ёсць адзінкавыя рускамоўныя аўтары, якія заўважныя, актыўна выступаюць, публікуюцца, мільгаюць. Гэта Дзмітрый Строцаў, Таня Скарынкіна, якая часова жыве ў Партугаліі, Віктар Марціновіч, Святлана Алексіевіч. А больш я і не магу назваць.
– Ці не думалі вы пры дапамозе “Тэкстуры” стварыць таксама і сваю тусоўку рускамоўных аўтараў?
– Магчыма, так. Пакуль адна з мэтаў – гэта адкрыць гэтых аўтараў і даць магчымасць ім быць прачытанымі тут, на радзіме, дзе знаходзіцца іхная чытацкая аўдыторыя, каб яны не мусілі шукаць нейкія іншыя краіны, дзе можна паказаць свае творы. Хацелася б арганізаваць і выступы, каб пазнаёміць публіку з таленавітымі беларускімі аўтарамі.
– Якіх пісьменнікаў вы маглі б вылучыць?
– Усіх аўтараў “Тэкстуры” люблю. Вылучыць мог бы Уладзіміра Глазава, у якога нядаўна выйшла кніга “Время собственное”. Паэту, напэўна, недзе каля сарака, 20 гадоў чалавек пісаў, нідзе не публікаваўся і толькі цяпер выдаў кнігу. Прычым вершы проста цудоўныя. Гэта паэт, які стасаваўся з такімі велічынямі, як Яўген Рэйн альбо Аляксандр Кушнер. Фелікс Чэчык – аўтар, які на «Тэкстуры» быў апублікаваны нядаўна, ён нарадзіўся ў Беларусі, цяпер жыве ў Ізраілі, у 2004 годзе атрымаў «Рускую прэмію» ў намiнацыi «паэзія». Яе ж разам з Чэчыкам у той жа вечар атрымалі такія выдатныя паэты, як Аляксей Цвяткоў і Iлля Рысенберг. Чэчык усё марыць, як выйдзе на пенсію, набыць домік у Пінску. Калі пачытаць ягоную падборку на “Тэкстуры”, то бачна, як ён сумуе па Беларусі.
Ганна Паўлоўская, беларуска, якая жыве ў Маскве, піша проста выдатныя вершы. Аляксандр Габрыэль, беларус, жыве ў Ізраілі. Ён таксама наатрымліваў кучу прэмій, прычым у Расіі, а ў нас – не. Таня Светашова, рэдактар “Минской школы” – альманаха, які выдае Дзмітрый Строцаў. Таня – цудоўная маладая паэтка, і ў яе пакуль няма кнігі.
Пра Канстанціна Міхеева я ўжо казаў, думаю, ён гэтакі паэтычны стоўп у рускамоўнай беларускай літаратуры.
Што да прозы, то на сайце апублікаваная аповесць “Год без названия” Аляксея Марозава. Праўда, не ўсім яна будзе да спадобы, бо ў ёй шырока выкарыстоўваецца нецэнзурная лексіка, але ў прынцыпе, калі не быць ужо надта зашораным, то ў герою, пра якога піша аўтар, любы чалавек можа пазнаць сябе. Марозаў проста не ідэалізуе свайго героя, але любіць яго. Можна пахваліцца, што аўтарам “Тэкстуры” з’яўляецца Дзмітрый Багаслаўскі, наш драматург, які таксама больш вядомы ў Расіі, чым у Беларусі. Літаральна зімой ён атрымаў знакамітую і знакаваю прэмію “Дэбют”.
У мяне ёсць негалосная дамоўленасць з рускімі часопісамі, я спрабую праштурхнуць туды нашых беларускіх пісьменнікаў, каб хаця б там іх надрукаваць. Гэта нічога не дае, апроч адчування нейкай значнасці для самога аўтара – што яго надрукавалі, што яму варта пісаць.
– Які адбор праходзяць тэксты, перш чым трапіць на сайт?
– “Тэкстура” ад сайтаў з вольным доступам кшталту stihi.ru адрозніваецца тым, што ўсе тэксты праходзяць рэдактарскі адбор. На шчасце, адмаўляць даводзіцца не так часта, і вы самі можаце пераканацца, што тэксты на сайце вельмі высокага мастацкага ўзроўню. Планку паніжаць не хочацца, але калі я бачу, што аўтар яшчэ не поўнасцю склаўся, мае недахопы, але тое, што ён піша – сапраўднае, я яго творы апублікую. Калі ж прыйдзе масціты аўтар, але прапануе слабы твор, я адмоўлю.
Апроч таго, аўтары не мусяць плаціць, каб быць апублікаванымі, гэта мая прынцыповая пазіцыя. Тыя ж stihi.ru, напрыклад, зарабляюць на аўтарах, але і трапіць туды можа хто заўгодна. На жаль, ганарар аўтарам я прапанаваць таксама не магу, бо нават існаванне “Тэкстуры” аплачваецца з маёй кішэні. Але я думаю, што яны не ў крыўдзе, бо ў сучаснай літаратуры размовы пра ганарары ўвогуле не ідзе.
– Беларускамоўныя і рускамоўныя паэты Беларусі, на маю думку, пішуць па-рознаму. У іх розныя погляды, розныя прынцыпы, розная паэтычная традыцыя. А вы як думаеце?
– Я думаю, розніца ёсць. Дарэчы, заўважана, прычым не мной, што некаторыя беларускамоўныя аўтары, даволі вядомыя на сённяшні дзень, у перакладзе на рускую мову робяцца вельмі банальнымі і нецікавымі. То бок, магчыма, у межах беларускай літаратуры яны высока цэняцца, але насамрэч нічога новага імі не сказана. Тое ж будзе, калі перакладаць іх на ангельскую мову ці на любую іншую – яны не зробяць сенсацыі. А мастацтва – яно ж наднацыянальнае.
– Магчыма, рэч у дрэнных перакладах?
– Не, зразумела, што бываюць розныя пераклады.
У той жа час водападзел, які праходзіць паміж беларускамоўнымі і рускамоўнымі, штучны, бо рэаліі рускамоўнай літаратуры – усё адно беларускія. І нават калі гэтыя творы чытаюць у Расіі, то расійскія чытачы вылучаюць нас асобна, як нешта не іхнае, чужое ім, гэта адчуваецца. Мы, беларусы, павінныя чытаць беларускіх аўтараў, а не толькі – падкрэсліваю – беларускамоўных.
– А вы самі як паэт на якіх аўтараў абапіраецеся?
– Я чытаю вельмі шмат. Вельмі люблю Срэбнае стагоддзе, раней любіў Блока, думаю, на нейкі час пра яго забыў, але хутка зноў да яго прыйду. Не люблю ні Цвятаевай, ні Ахматавай. Іосіфа Бродскага ўсяго перачытаў, але гэта не мой улюбёны паэт. Рыльке, Шэкспір, Уладзімір Лугаўскі, Арсеній Таркоўскі – вельмі шмат аўтараў. З беларускіх – Уладзімір Някляеў, Наста Кудасава, з якой мы вельмі сябруем і якую я лічу геніяльным паэтам. Генадзь Бураўкін падабаецца, нягледзячы на тое, што ён, канечне, вельмі традыцыйны аўтар, але калі я чытаў ягоную кнігу “Лісты да запатрабавання”, у мяне проста сэрца выскоквала ад таго, што чалавек, разумеючы свой узрост, мае такое вялізнае жаданне жыць. Вось я кажу пра гэта, і ў мяне мурашкі бягуць па скуры. Гэта вялікая кніга. Я лічу, яе проста варта прымусіць прачытаць кожнага беларуса, няважна, на якой мове ён размаўляе.
Віку Трэнас я чытаў. Гэта не мая паэтыка, але Вiкторыя маладзец. Алесь Емяльянаў-Шыловiч – вельмі добры паэт. Калі ў яго нядаўна выйшла першая кніга “Парасонечнасць”, то ўсе крытыкі і паэты казалі словы падтрымкі, заўважаючы, што ў яго ўсе яшчэ наперадзе, што ён у пошуку – быццам паляпвалі яго па плячы. Але калі я прачытаў кнігу, то зразумеў, што гэтае паляпванне было дарэмным, лішнім, бо ён ужо паэт, які склаўся. Ён стане шырэйшым, глыбейшым, больш значным, але цудоўны паэт Алесь Емяльянаў-Шыловiч ужо ёсць – што вы ні рабіце.
– Вы кажаце, што аўтары, якія пішуць па-руску, не могуць знайсці свайго чытача. Чаму ж так атрымліваецца – пры рускамоўнай большасці?
– Я не ведаю ніводнага выдавецтва, якое б выдала за свой кошт кнігу рускамоўнага аўтара. Гэта адбываецца проста таму, што яно яе не прадасць, а мецэнацтвам ніхто не займаецца. Рускамоўных часопісаў, можна сказаць, няма. Паэтам няма дзе выступаць, няма пляцовак, якія б ішлі насустрач i не спрабавалi зарабiць на нас грошы. Урэшце, рускамоўныя грамадзяне не ведаюць сваіх рускамоўных беларускіх аўтараў, яны чытаюць рускіх альбо заходніх у перакладзе на рускую мову.
Для напісання верша аўтару патрэбная адзінота, якую ён можа знайсці нават у натоўпе. Але яму заўсёды патрэбны чытач.
Размаўляла Аляксандра Дорская