25 красавіка на Малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі адбылася прэзентацыя вынікаў IV міжнароднай драматургічнай лабараторыі, якая цягам тыдня праходзіла пад Мінскам пад кіраўніцтвам вядомага драматурга, кіраўніка маскоўскага Тэатра.doc Міхаіла Угарава.
Такія лабараторыі ўжо даўно праходзяць у Расіі з цікавымі вынікамі. Галоўны прынцып заключаецца ў тым, што драматург працуе ў пары з рэжысёрам. І гэтае супрацоўніцтва мае пад сабой не так канкрэтную прэзентацыю ці чытку, як сам прынцып сумеснай творчасці, які ляжыць у аснове тэатра як віду мастацтва. Драматургі не мусяць пісаць у адрыве ад калектыву, яны мусяць адчуваць жывую рэакцыю на сам працэс працы. У той жа час рэжысёры мусяць развіваць у сябе здольнасці супрацы з жывым аўтарам. У той ці іншай ступені найбольш цікавыя прарывы ў тэатральнай гісторыі рабіліся вынікам менавіта жывой камунікацыі аўтара п’есы з тэатрам.
Падчас прэзентацыі Міхаіл Угараў падкрэсліў, што вынікам лабараторыі не мусіў быць канкрэтны тэкст, карысней, калі час траціцца не на напісанне канкрэтных сцэн, а на больш падрабязнае абмеркаванне самой структуры будучага твора. І на гэтым этапе цікава паглядзець перш за ўсё на тэматычны зрэз памкненняў і жаданняў драматургаў. Па словах Угарава, з кожным годам гэты зрэз змяняецца, і сачыць за зменамі вельмі цікава.
Паспрабуем разабрацца ў тым, што цікавіць сучасных беларускіх аўтараў.
Усяго было прадстаўлена 10 праектаў. Тры з іх я адразу б вылучыў у сегмент нетрадыцыйнай п’есы. Андрэй Саўчанка прадставіў свой новы вербацім-праект “Самаідэнтыфікацыя. Беларусы. Міфы”. Падчас гэтага праекта ён мае апытваць рэспандэнтаў (а ў гэтым сутнасць метаду дакументальнай п’есы) пра сакральнае і міфалагічнае. Гэта мае стаць своеасаблівым працягам яго “Білінгваў”, якія безумоўна зрабіліся прарыўным тэатральным праектам апошніх год. Другі нефарматны тэкст павінен стаць плёнам супрацы драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага і рэжысёра Яўгена Карняга. Праект мае працоўную назву “Blondy” і грунтуецца на гісторыі зніклых шчанюкоў сабакі Гітлера (Яўген Карняг зачытаў на прэзентацыі артыкул вікіпедыі). Сам тэкст вельмі ўмоўна адносіцца да гістарычнага базісу, зададзенае вельмі цікавае прасторавае абмежаванне (чатыры гераіні ў вельмі маленькай скрыні, пад пагрозай смерці, з невядомай будучыняй), і развіццё тэксту ідзе ад гэтага шчыльнага ўзаемадзеяння. Драматургі і рэжысёры Сяргей Анцалевіч і Віктар Красоўскі развіваюць праект, які тэматычна яны пазначылі як “спусташэнне праз грошы”. Ад сацыяльнага драматургі ідуць да філасофскіх абагульненняў (быў прачытаны невялікі фрагмент, дзе былі дадзеныя развагі героя, які купляе кветкі на вуліцы, і жанчыны, якая прадавала тыя кветкі). Прынцыпова важны момант інтанацыі ў дадзеным ўрыўку.
Іншая заўважная тэндэнцыя — гэта спроба стварыць герметычную прастору. Не настолькі, як у праекце Багаслаўскага — Карняга, але памкненне “адрэзаць” герояў ад усяго астатняга грамадства рэалізуецца па-рознаму. Драматург Віталь Каралёў пры дапамозе рэжысёра Андрэя Саўчанкі захацеў адправіць сваіх герояў на Марс, каб пабачыць, як яны будуць рабіць маральны выбар ва ўмовах, калі не працуюць зямныя законы. Цікава выкарыстаны гэты самы прынцып “наадварот” у эскізе драматурга Андрэя Іванова і рэжысёра Дзяніса Фёдарава, дзе сталая жанчына і малады мужчына сустракаюцца на платформе метро. Навокал натоўп, але менавіта паміж героямі павінна адбыцца нешта значнае, і ўсё гэта ідзе на фоне выбуху ў мінскім метро, які мае вось-вось адбыцца. І нарэшце праект Андрэя Іванова і рэжысёра Алены Сілуцінай тычыцца пытання мужчынскай ініцыяцыі, якая адбываецца ў бальнічнай палаце. Паралельна, як было абвешчана, Алена Сілуціна піша тэкст пра жаночую ініцыяцыю, і такім чынам можа атрымацца дылогія.
Трэці ўмоўны тэматычны сегмент прадстаўленых праектаў тычыцца пытанняў псіхалагічнага стану асобы ў сучасным грамадстве, хоць і раскрываецца гэта вельмі рознымі сродкамі. Рэжысёр і кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка курыруе працу дэбютанткі Таццяны Кошалевай, якая развівае тэму маладой жанчыны ў вялікім горадзе. Жыццё прымушае гераіню быць менш эмацыйнай, але экстрэмальная падзея вымушае яе раскрыцца, і разам з ёй раскрыцца выпадковага маладога чалавека, які апынуўся побач. Над п’есай “Запалкі” працуюць драматург Канстанцін Сцешык і рэжысёр з Украіны Тамара Трунова. У тэксце пададзеныя перажыванні бацькі сярэдняга ўзросту, які мае нейкім чынам навучыцца развітвацца з мінулым, вельмі цікава гэта падаецца праз жыццёвыя сітуацыі, у якія ён трапляе, расказваючы казкі дачцэ, удзельнічаючы ў кастынгу кулінарнага тэлешоў. І самы нечаканы жанравы выбар атрымаўся ў драматурга Паўла Расолькі і расійскага рэжысёра Георгія Суркова ў п’есе з працоўнай назвай “Чалавечак”. Тое, што пачынаецца як звычайная побытавая п’еса, у выніку раптам выстрэльвае ў бок традыцыйных жанраў кшталту містэрыі ці міракля. На фоне цудаў, рэлігійных аспектаў (ступень рэлігійнасці пакуль не вызначаная) побытавыя моманты выглядаюць цалкам па-іншаму і цікава.
Асобна стаіць п’еса, якую Віталю Каралёву ўзяўся дапамагчы зрабіць Міхаіл Угараў. З працоўнай назвай “Опіум”, яна прысвечаная ваенным падзеям ва Украіне, якія пададзеныя не прамым планам, а праз жыццё невялічкай беларускай сям’і з правінцыйнага гарадка. Вайна, якая здольная псаваць жыцці нават на адлегласці, робіцца тэмай гэтага тэксту.
Тут няма сэнсу рабіць глабальныя высновы, мераць, так бы мовіць, тэмпературу па бальніцы. Вынікі лабараторыі — гэта спектаклі, якія з’явяцца ў наступныя гады. А сёлетні праект пабудаваны такім чынам, што ўжо ў хуткім часе мусяць з’явіцца відэачыткі, якіх высунуць на грамадскае галасаванне. А пераможцы атрымаюць магчымасць пастаноўкі ў тэатры. І пакуль што кожны праект выглядае перспектыўным.
Аляксей Стрэльнікаў, фота dramacenter.org