Гурт TerraKod узяў Гран-Пры на фэсьце Sound of Borderland і свой дэбютны альбом будзе запісваць у адной з найлепшых студыяў гуказапісу ў Польшчы «Радыё Люблін». Па вяртаньні вакалісты каманды Рома f.s.t. і Кася Леванюк далі інтэрвію Tuzin.FM: «У нас не існуе такой зьявы як „беларуская масавая культура“. І творчы шлях у такіх межах можа ісьці толькі па гарызанталі, але ні ў якім разе па вэртыкалі. Але нам ад гэтага ня сумна і мы не камплексуем».
Гурт TerraKod упершыню заявіў пра сябе ўвосень 2011 году, калі стаў пераможцам Men’s Fest. Тады ў якасьці прызу музыкі атрымалі сэртыфікат удзельніка аднаго з найбуйнейшых рок-фэстаў Украіны — «Захід-2011», яны таксама выступілі на фэсьце «Бандерштат», а потым зьніклі з далягляду. Сёлета на «Басовішчы» каманда нагадала пра сябе, а потым паехала ў Вішніцы, дзе на фэстывалі Sound of Borderland атрымала Гран-Пры — права на запіс альбому ў адной з найлепшых студыяў гуказапісу ў Польшчы «Радыё Люблін». Па прыезьдзе ў Беларусь на пытаньніTuzin.FM адказалі вакаліст гурта Рома f.s.t. і новая ўдзельніца каманды Кася Леванюк.
Дык што здарылася ў гурце? Чым патлумачыць такую працяглую адсутнасьць на сцэне?
f.s.t.: Былі цяжкія часы: зьмянілася палова склада гурта, некаторых забралі на фронт, некаторыя скончылі ў вар’ятні, два чалавекі нават трапілі ва ўладныя структуры на высокія пасады, таму сувязь зь імі перарвалася. Канечне, гэта значны адкат назад. Былі думкі паслаць усё нахер, але нас выратавала мэтанікараванасьць і таблеткі гліцыну. Цяпер наш арганізм стаў мацней ў разы і функцыянуе, як мае быць.
Кася, наколькі было цяжка для цябе ўваходзіць у склад каманды?
Кася: Прыходзіць на зьмену іншаму чалавеку заўжды няпроста… Творчаму чалавеку заўседы цікава экспэрымэнтаваць, шукаць новыя грані сваіх магчымасцяў. Мой прыход у гурт — гэта не выпадковасьць, я лічу. Запрашэньне ў гурт было вельмі прывабным, хоць і былі невялікія сумненьні. Яны хутка зьніклі, як толькі пачалася сумесная праца. І хоць я ня мела досьведу працы з рок-музыкамі, лічу, што гэта ніяк не перашкодзіла, а можа нават і дапамагло.
У сувязі з прыходам да мікрафона Касі ды іншых зьменаў у складе ці зьмянілася музыка гурта?
Кася: Несумненна ў калектыва склаўся пэўны стыль за час яго існавання. І ў гэтым розьніца: альбо пачынаць ствараць нешта разам, разам шукаць пэўны кірунак, ці, як у маім выпадку, падладжвацца пад нешта сфармаванае. Так было на пачатку. Але спадзяюся, што новыя творы, якія зьявіліся з маім прыходам усё ж адрозьніваюцца ад папярэдніх. І гэта нармальная тэндэнцыя, нічога асаблівага.
Якія ўражаньні пакінула «Басовішча»?
f.s.t.: Надта прыемна граць на сцэне, дзе выступалі ўсе легендарныя беларускія гурты, якіх ты слухаў у басаногім юнацтве. Кажуць, «Басовішча» ўжо ня тое, кажуць, «Басовішча» ўжо загінаецца.. Ня ведаю. Мне асабіста спадабалася. Свой дух у «Басоў» дакладна прысутнічае. А людзей ня так шмат чаму? Таму што цяжка туды трапіць, таму што не хапае рэклямы, таму што на беларускім баку ніхто не зацікаўлены ў большай раскрутцы такога фэсту і гэтак далей. Усё як заўжды банальна і сумна. Хочацца верыць, што арганізатары прыдумаюць нейкую новую фічу для фэсту. І на «Басовішча» зноў пацягнуцца людзі з усёй Беларусі, і усе будуць шчасьлівыя, і будзе сьвяціць сонца і бэз квітнець.
Кася: Паездка ў Польшчу наогул была вельмі прыемнай. Адразу пасьля «Басоў», мы прынялі ўдзел у музычным конкурсе на фэстывалі культуры і традыцыяў у Вішніцах. Адзінагалосным рашэньнем журы мы забралі галоўны прыз — запіс у студыі «Радыё Люблін».
Вы лічыце, што выбар на карысьць беларускай мовы ў сваёй творчасьці дадае гурту цяжкасьці на творчым шляху?
f.s.t.: Адказу на гэтае пытаньне няма. І ня можа быць. Таму што не існуе такой зьявы як «беларуская масавая культура». І творчы шлях у такіх межах можа ісьці толькі па гарызанталі, але ні ў якім разе па вэртыкалі. Не скажу, што нам ад гэтага сумна, ці мы камплексуем. Гэта весела, і пляваць мы на гэта ўсё хацелі. Раней, калі кроў трохі мацней бурліла ў жылах, я абураўся, пырскаў пенай з рота, нешта спрабаваў да кагосьці данесьці, калі заходзіла размова аб тым, чаму той ці іншы сьпявае на беларускай мове. «А чаго, — крычаў я, — вы не пытаеце пра тое, чаму той ці іншы сьпявае на расейскай мове, на ангельскай, на ўкраінскай? Што за лухта!?» А цяпер настолькі ўсё надакучыла, настолькі пляваць стала на ўсе гэтыя спрэчкі, калякультурныя і каляпалітычныя размовы… Ды ўсім дакладна вядома, што рабіць і з кім рабіць!
Кася: Мы хочам зьвяртаць увагу да беларускай музыкі дзе б нам ні давялося выступаць. Мы спалучаем мінулае з сучасным — гэта цікава і гэта можа быць моцным, адметным. Нам хочацца каб планка якасьці беларускай музыкі і культуры ўвогуле ўздымалася з кожным годам.
Чаго чакаць ад TerraKod у самым бліжэйшым часе?
f.s.t.: Цяпер амаль скончаная праца над дэбютным ЕР, які мы прэзэнтуем на «Тузіне» на пачатку восені. На кружэлцы будзе чатыры трэкі, яны зроблены яшчэ старым складам. Кожны хто пажадае — можа атрымаць дыск на нашых канцэртах альбо па пошце. З пачатку верасьня будзе распачата студыйная праца над альбомам. Едзем з канцэртам ва Ўкраіну 24 жніўня, а ўвосень плянуем даць два канцэрты ў Беларусі. Карацей, мы працуем і спадзяемся, што зоймем сваё месца ў беларускай музыцы.
Размаўляў Іван Бяспалы, «Тузін Гітоў»