У Беларусі існуе гурт, які выконвае ўласныя кампазіцыі ў рэдкім стылі сёрф-рока. Гэтая музыка першапачаткова стваралася для курортнікаў і сёрфераў на каліфарнійскіх пляжах, але паступова развілася ў асобны стыль. Мелодыі з бесклапотнымі і паўдзённымі адценнямі вось ужо дзесяць гадоў іграе гурт The Sіlіcon. Каманда доўгі час была фактычна адзінай прадстаўніцай сёрфу ў нашай краіне. The Sіlіcon — гэта ўдарнік Ігар Сухарукаў, бас-гітарыст Канстанцін Калеснікаў і гітарыст Дзмітрый Паплаўскі. З Дзмітрыем мы і гутарым пра адметнасці стылю, чысціню жанру, рэакцыю беларускай публікі на такую рэдкую музыку і канкурэнцыю з калегамі.
— Дзіма, сёрф у нашай краіне — сапраўдная экзотыка. Як бы ты яго коратка апісаў?
— У ім часта адсутнічае вакал, гітара гучыць з асаблівым эфектам, які нагадвае шум прыбоя. Мелодыя пастаянна паўтараецца ў пэўнай варыяцыі — нібыта хваля адкацілася і зноў накацілася на бераг. Ёсць дакладны рытм, ад якога, як той казаў, ногі самі танчаць. Сёрф-рок зарадзіўся і развіўся ў Каліфорніі ў канцы 1950-60-х гадоў, а каралём стылю лічыцца гітарыст Дзік Дэйл, які, дарэчы, мае беларускія карані. Новую хвалю папулярнасці стыль перажыў у 1990-я, у многім дзякуючы легендарнаму фільму Квенціна Таранціна «Крымінальнае чытво». Сюжэт стужкі да сёрфа не мае ніякага дачынення, аднак па ўдалай задумцы рэжысёра ў ёй гучыць некалькі залатых хітоў жанру.
— Ці часта даводзіцца слухачам тлумачыць гэтыя адметнасці?
— Так, таму нас і ведаюць як выканаўцаў музыкі ў стылі фільмаў Квенціна Таранціна. Раней мы былі адзіным у Беларусі сёрф-рок-гуртом. Але ўжо з’явілася некалькі камандаў, якія таксама іграюць нешта падобнае. Наш бас-гітарыст Косця Калеснікаў стварыў уласны праект. Цікава, што ў Мінску сёрф-рок пачалі іграць яшчэ ў савецкія часы. Тут існаваў гурт «Алгарытмы», а ў 1968 годзе праходзіў фестываль біт-ансамбляў, падчас якога гучаў і сёрф.
— І як беларуская публіка ўспрымае музыку?
— Прыязна. Але калі мы спрабуем зладзіць сольныя канцэрты, то людзей шмат сабраць не атрымліваецца. Калі ж іграем з іншымі гуртамі, то канцэрты маюць поспех, асабліва пры ўмове бясплатнага ўваходу. Прыходзіць многа слухачоў, нас хваляць, што выступаем вельмі прафесіянальна. Гэта прыемна. Маем і сваю публіку.
— Канкурэнцыя вялікая?
— Не. Цяпер папулярная крыху іншая музыка. Мне вельмі падабаецца The Sіlіcon з-за чысціні жанру. Выдатна, калі музыканты прытрымліваюцца аднаго стылю, а не спрабуюць іх змешваць, каб прыцягнуць больш увагі, напрыклад, іграюць рок-н-рол з дыджэямі, сумяшчаючы песні з моднымі рытмамі.
— Ці можна цябе назваць кансерватарам у музыцы?
— Так. Калі пачынаеш эксперыментаваць, вельмі хутка разумееш, што ўсё даўно прыдумана. На жаль. Я люблю, калі ў кампазіцыі ёсць дакладная мелодыя, стыль. Гэта не зусім кансерватызм, я прымаю эксперыменты, але блюз павінен заставацца блюзам, рок-н-рол — рок-н-ролам. Хоць цяпер усё — рок-н-рол: і Элвіс Прэслі, і гурт «Чайф».
— Кампазіцыі The Sіlіcon у большасці выпадкаў інструментальныя, без слоў. Ці хутка з’явіцца вакал?
— Ён ужо ёсць! Паступова складваецца так, што палова выступлення — інструментальныя кампазіцыі, а палова — вакальныя. Аднымі інструментальнымі рэчамі вельмі складана трымаць публіку. Таму даводзіцца спяваць, і мы ўжо навучыліся.
— Сёрф, напэўна, адзіны стыль, дзе прыкметай якасці лічыцца добрае выкананне кавераў на класіку жанру. Гэта сапраўды так?
— У новым альбоме ўсе кампазіцыі нашы, а ў першым, Desert Storm, сапраўды было некалькі кавераў. Але ж і яны розныя бываюць. Я лічу, што калі песні споўнілася больш за 30 гадоў і ты іграеш яе ў стылі 1960-х, то гэта даніна павагі той музыцы, знак, што яе не забываюць. Проста даеш ёй новае жыццё.
— А як крытыкі ўспрынялі ваш веснавы цалкам інструментальны альбом Tіkі Tohua?
— Мы адпраўлялі яго за мяжу, на радыёстанцыі, якія транслююць музыку 1950-1960-х гадоў, у Іспанію, Штаты. Там яго вельмі добра прынялі, а кампазіцыя Mysterіous Іsland доўгі час знаходзілася на другім месцы ў хіт-парадзе, яе часта давалі ў эфір, былі станоўчыя водгукі. За мяжой музыка ў стылі сёрф больш распаўсюджаная. У нас жа крытыкі сказалі: сёрф і сёрф. Іншага мы і не чакалі. Няма з кім параўноўваць… Дзіўна, калі нас пачынаюць ацэньваць на адным узроўні з гуртамі Navі або Shuma — мы ж іграем абсалютна розную музыку.
— Зразумела, што пад сёрф трэба танцаваць. А для чаго яшчэ падыходзіць такая музыка?
— Ды для чаго заўгодна. Можна ехаць на машыне і слухаць, у кватэры прыбіраць, проста гуляць па вуліцах. Я люблю пад сёрф ездзіць на скейтбордзе, сноўбордзе.
— Ты яшчэ іграеш на гітары ў гурце «Петля пристрастия», гэта каманда з зусім іншым стылем. Не складана пераключацца?
— Не, бо ў тым гурце я не выступаю як аўтар музыкі, толькі як аранжыроўшчык. Асноўны генератар ідэй — вакаліст Ілья Чарапко, астатнія музыканты проста прапрацоўваюць яго задумкі. Мне вельмі падабаецца іграць там. Калектыў добры. Мы разам аб’ездзілі шмат гарадоў і ні разу не пасварыліся. Гэта выдатна.
— Паслухаць The Sіlіcon можна толькі ў Мінску?
— З прэзентацыяй нашага новага альбома мы ездзілі ў Маскву і Піцер. Не так даўно вярнуліся са Смаленска. У нас і там ёсць свая аўдыторыя. Сёрф-музыканты з Піцера і Масквы ведаюць нас, лічаць нядрэннай камандай.
— Як сябе рэкламуеце, каб арганізатары канцэртаў імкнуліся запрасіць менавіта вашу каманду?
— Ды асаблівага піяру няма. У Мінску нас і так усе ўжо ведаюць (смяецца). На жаль, у Беларусі музыкант павінен быць і рэкламшчыкам, і гукарэжысёрам, і сам сабе ладзіць канцэрт, нават квіткі прадаваць. Сапраўды, цяпер вельмі складаны час. У нашы дні можна хутка навучыцца іграць, якасныя інструменты даступныя, таму і канкурэнцыя вялікая. Раней у людзей было больш ідэй, а рэалізаваць іх тэхнічна было складаней. Цяпер наадварот: тэхнічна ўсё даступнае, а ідэі некуды зніклі, усе гурты адзін да аднаго падобныя. Да таго ж у нас у краіне рынак вельмі маленькі. Нават вядомыя выканаўцы не могуць часта выступаць, збіраць вялікія клубы. Толькі раз на тры-чатыры месяцы, часцей няма сэнсу, бо аўдыторыя вельмі абмежаваная па колькасці, так часта ніхто не будзе хадзіць на канцэрты. Мне ж як музыканту хочацца выступаць часта.