Новы альбом The Toobes пакідае ўражанне відовішчнай тэатральнай пастаноўкі. Бездакорная ігра актораў, выдатна прапісаныя дыялогі, сюжэт, што трымае ўвагу цягам усёй дзеі, умела падабраныя дэкарацыі… “Road To The Big Time” – трэці поўнафарматны альбом, запісаны на ўздыме каманды. Яны ўжо здабылі славу ў Польшчы, дзе практычна прапісаліся, пасябравалі з Offspring ды сышліся з амерыканскім саўнпрадусарам, які зводзіў быў Radiohead. Нібы ён меўся адказваць за гук гэтай кружэлкі, але ў выніку музыкі вырашылі ці тое грошы сэканоміць, ці тое сапраўды зрабіць усё на сваё ўласнае адчуванне. Даводзіў да ладу кружэлку гітарыст каманды Косця Пыжоў, сам выдатны гукач, які звёў нямала выдатных беларускіх альбомаў. Тэхнічна гэты дыск The Toobes зроблены на найвышэйшым узроўні.
Стас Ламакін як вакаліст тут выглядае нашмат больш выйгрышна, жвава і цікава, чым на папярэднім, сумнаватым і месцамі надта дзяжурным рэлізе “My Generation”. Найлепш свае магчымасці ён дэманструе ў выдатнай баладзе “Angel” з агромністым прывітаннем Led Zeppelin ды ў безумоўна самай хітовай рэчы з кружэлкі “Say Hello To My Baby”. Наогул жа, матэрыял падабраны і скампанаваны такім чынам, што альбом нідзе не прагінаецца. Рэдкая з’ява: тут папросту няма слабых месцаў.
Хіба што гэтая выдатна зрэжысаваная пастаноўка наўрад ці разлічана на ўдумлівага слухача. Па праслухоўванні яна не застаецца ў памяці, бо чапляе толькі на першым узроўні ўспрымання і не пранікае глыбей. Зрэшты, тут разлік на тых, хто прагне драйву і адрыву па поўнай, без пошуку глыбінных сэнсаў. Пра іх пішуць, што яны – найлепшы малады гурт з Беларусі. І гэта выглядае на праўду, бо такою ёсць узорная музыка з нашае краіны – зробленая якасна і пазбаўленая нацыянальных прыкметаў. І факт у тым, што гэты ліст, зніадкуль дасланы па ўсіх магчымых адрасах, пакрысе знаходзіць сваіх атрымальнікаў па свеце.
Выкананне: 10
Тэксты: 8
Запіс: 10
Аздабленне: 8
Сяргей Будкін