Гурт Уладзя Лянкевіча паказаў сваю дэбютную праграму, а берасцейцы сыгралі ўсе песні з новага альбому.
Сезон канцэртаў з серыі “Жывы Тузін” у Loft cafe падышоў да свайго завяршэння. Дзякуючы намаганням партала Tuzin.fm і кампаніі “Будзьма беларусамі”, тут прайшло нямала цікавых вечарын. Згадаць хоць бы ды-джэй сэт Алега Скрыпкі і прэзентацыю “Перазагрузкі”, першы ў гісторыі гурта Neuro Dubel акустычны канцэрт, прэм’еру праекта “Немаўля” па агучцы класікі беларускага нямога кіно. У межах праекта свае новыя праграмы сыгралі HandMadE, “Людзі на балоце”, ili-ili, BosaeSonca, “Аляксандра і Канстанцін” ды іншыя гурты. “Мы імкнуліся паказаць усе цікавыя беларускамоўныя гурты, і я спадзяюся, што публіка засталася задаволеная і адкрыла для сябе новых выканаўцаў”, — кажа нязменны вядучы “Жывога Тузіна” Алег Хаменка. Ён жартаўліва прадстаўляе першых выступоўцаў заключнага канцэрту: “Іх назву невядома як чытаць, але гучыць яна прыгожа!” На сцэну выйшла “ар’ергарднае трыа” Tonqixod. Музыкі прадстаўлялі сваю дэбютную праграму, якую плануюць у будучыні запісаць. Ва ўсіх удзельнікаў каманды досыць раўназначныя ролі ў гурце. Музыку піша саліст Уладзь Лянкевіч разам з Максімам Субачам (які грае на клавішах і спявае), усё гэта вельмі істотна аздабляе і ўдасканальвае рытмамі Андрэй Аляксеенка (бубны). “Давялося ад некалькіх людзей чуць, што мы граем нешта нефарматнае. Я моцна здзівіўся, бо думаў, што мы ў мэйнстрымавым ключы валім”, — кажа Уладзь. Пасля сэта прыхільнікаў у Tonqixod яўна дадалося, так удала паказалі сябе музыкі. Яны планавалі ўзмацніць свой выступ відэашэрагам, але праз тэхнічныя праблемы не ўдалося арганізаваць трансляцыю адмыслова падабранага відэа, сабранага з эксперыментальнага кіно пачатку і сярэдзіны 20 стагоддзя. Застанецца на лепшыя часы. Дарэчы, гурт можна будзе пачуць ужо 1 чэрвеня на адкрыцці фотавыставы ў музеі Азгура.
Гурт Sciana падрыхтаваў для сваіх прыхільнікаў сапраўдны сюрпрыз: абяцанага напярэдадні сінгла “Новая хваля” яны не прадставілі. Скончыць майстарынг новых песень у прызначаны тэрмін не ўдалося. Затое ў якасці кампенсацыі яны вырашылі сыграць усе песні са свайго будучага альбому, хоць і не планавалі гэтага. Берасцейцы прадставілі ў Мінску сваё новае гучанне і абноўлены склад. Музыкі пазбавіліся саксафона, затое іх песні набылі электронную афарбоўку — да гурта далучыўся электроншчык Валер Сакалоў. Берасцейцы на радзіме выступаюць куды радзей, чым на Украіне ці ў Польшчы. “Нам прыемна граць у Беларусі, шкада толькі, што паслухаць нас прыходзіць не так шмат людзей, як хацелася. Мне здаецца, што ў той жа Украіне і Польшчы наша творчасць успрымаецца з большым інтарэсам, бо для той публікі Sciana мае непаўторны каларыт і выглядае незвычайна”, — разважае вакаліст Павел Прохараў. Прадстаўляючы некаторыя песні з новага альбому, ён блытаецца, ці называць іх новымі. Рэч у тым, што ў дыск гурта ўвойдуць тры творы, якія добра вядомыя сталым прыхільнікам гурта — “Калыханка”, “Вясна.by”, “Ліхтары”. Але гучаць яны будуць у змененым выглядзе. “Наш будучы альбом будзе вельмі адрознівацца ад таго, што мы рабілі раней, — кажа Павел. — Мы пасталелі, змянілі сваё стаўленне да таго, што мы робім. І гэта будзе бачна і чутна на новай плытцы”. Sciana адыграла шыкоўны экспрэсіўны сэт і абяцала прыехаць у Мінск яшчэ ўжо з гатовым альбомам. Плануецца, што выйдзе ён пры канцы лета. Афіцыйна прадставіць яго плануецца на найбуйнейшым украінскім фестывалі “Захід”, на якім беларусы заяўленыя адным з хэдлайнераў.
фота – Аляксандр Ждановіч