Начальнік нелегальнай разведкі СССР, які чытаў Якуба Коласа, адзін са стваральнікаў атамнай бомбы і настаўніца Леанарда Бернстайна. “Будзьма” выбрала дзесяць выбітных асоб, якія нарадзіліся ў Мінску і змянілі свет.
Часцей за ўсё мы ведаем пра тых ураджэнцаў сталіцы, хто пражыў усё жыццё ў Мінску або з’ехаў адтуль у сталым узросце (напрыклад, мастак Барыс Забораў). Тыя, хто развітаўся з Мінскам адразу пасля нараджэння ці ў раннім дзяцінстве, застаюцца для нас невядомымі. Амаль адзінае выключэнне – Ежы Гедройц, у гонар якога ў Мінску названая вуліца, а таксама заснаваная літаратурная прэмія. Мінскія карані дзесяці наступных герояў амаль невядомыя ў Беларусі.
Генрых Баравік
Праца ў “гарачых кропках” – у В’етнаме, Бірме, Інданезіі, на Кубе, сустрэчы з Хо Шы Мінам, Фідэлем Кастра і Сальвадорам Альендэ. А яшчэ рыбалка з Эрнэстам Хэмінгуэем, якая адбылася ў 1960 годзе, за год да смерці пісьменніка. Пазней Мэры, удава апошняга, расказала, што Эрнэст ніколі не рыбачыў з “акуламі пёраў”. Усё гэта старонкі з біяграфіі Генрыха Баравіка, легендарнага савецкага журналіста-міжнародніка. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1929 годзе ў сям’і Авіэзера Баравіка, дырыжора сімфанічнага аркестра. Але Генрых жыў у Беларусі нядоўга. У Пяцігорску, што на Стараўраполлі, вырашылі арганізаваць тэатр музычнай камедыі. У 1939-м туды запрасілі Авіэзера Баравіка. Генрых працаваў у гэтым тэатры электраманцёрам і статыстам, пасля чаго заняўся журналістыкай.
Ізабела Венгерава
Мюзікла “Вестсайдская гісторыя”, які напісаў Леанард Бернстайн, ужо дастаткова, каб навечна замацавацца ў сусветным музычным пантэоне. Але поспех кампазітара быў бы немагчымы без яго настаўнікаў. У Кёрцісаўскім інстытуце музыкі, адной з самых прэстыжных кансерваторый ЗША, ён вучыўся па класе фартэпіяна ў Ізабелы Венгеравай. Дачка пісьменніцы Паўліны Венгеравай, тая нарадзілася ў Мінску ў 1877 годзе. Адукацыю атрымала ў Вене, выкладала ў Пецярбургу, а ў 1921 годзе з’ехала ў эміграцыю. Педагагічная манера Венгеравай лічылася тыранічнай, але ў дадзеным выпадку мэта апраўдала сродкі. Сярод яе вучняў можа згадаць і кампазітара Джанкарла Меноці, чыя опера “Тэлефон” ідзе ў сталічным Оперным тэатры.
Маісей Гінзбург
1920-я гады сталі часам росквіту канструктывізму – кірунку ў еўрапейскім мастацтве, які быў заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэтычнай вартасці твора і яго сацыяльнай функцыянальнасці. На практыцы канструктывізм найбольш пашырыўся ў архітэктуры. Не ў апошнюю чаргу гэтаму паспрыяў Маісей Гінзбург, што нарадзіўся ў Мінску ў 1892 годзе ў сям’і архітэктара. У дзяцінстве Маісей дапамагаў бацьку, пазней вучыўся ў Парыжы, Тулузе і Мілане. Гінзбург быў і тэарэтыкам (яго кніга «Стыль і эпоха» стала своеасаблівым маніфестам ранняга канструктывізму), і практыкам – праектаваў будынкі па ўсім СССР (Дом наркамфіна ў Маскве, Дом ураду ў Алма-Аты). Праўда, не ў Мінску. За праект БДУ, які рэалізавалі яго калегі, Гінзбург быў толькі прэміраваны.
Юрый Драздоў
Генерал-маёр КДБ у адстаўцы, Юрый Драздоў дасягнуў у СССР усіх вышыняў. Быў рэзідэнтам КДБ у Кітай і ЗША, у 1979-1991 гадах узначальваў нелегальную разведку СССР. Як піша Драздоў у сваіх успамінах, ён “нарадзіўся ў 1925 г. у Мінску ў сям’і вайскоўца”. Яго бацька быў рускім афіцэрам, які перайшоў на бок бальшавікоў, а вось сям’я маці паходзіла з Лепельшчыны. Дзядуля Драздова працаваў садоўнікам у памешчыцкім садзе. А сёстры маці пазней жылі ў Віцебску і Шклове. Цікава, што Драздоў з цікавасцю чытаў беларускую літаратуру. Ва ўспамінах ён параўноўвае свайго дзядулю з героем Якуба Коласа: “Для мяне ён як дзед Талаш з «Дрыгвы» Якуба Коласа: просты, добры, спагадлівы і нязломны чалавек”. Калі Юрыю было 12 гадоў, сям’я з’ехала з Мінска.
Якаў Зельдовіч
Гэты легендарны фізік-ядзершчык пражыў у Мінску ў 1914 годзе ўсяго чатыры месяцы. Праўда, па шчаслівым для беларусаў выпадку, гэта былі першыя месяцы яго жыцця. Бацька Зельдовіча, Барыс Навумавіч, быў сябрам мясцовай калегіі адвакатаў, маці, перакладчыца Ганна Ківеліовіч, скончыла Сарбону. Неўзабаве яны разам з сынам пераехалі ў Пецярбург. Там Зельдовіч абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Але найбольшае прызнанне ён атрымаў за працу ў групе Ігара Курчатава, якая распрацоўвала ядзерную праблематыку. Зельдовіч – адзін са стваральнікаў атамнай і вадароднай бомбы.
Луіс Барт Маер
Сапраўднае імя гэтага чалавека – Лазар Маер. Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1882 годзе, у адзін год з Купалам і Коласам. З маўклівай згоды ўлады ў Расійскай імперыі тады часта ладзіліся яўрэйскія пагромы. Таму, калі дзіцяці было ўсяго два гады, сям’я Маераў эмігрыравала ў ЗША. Адзін з самых багатых людзей Амерыкі, Маер быў віцэ-прэзідэнтам галівудскай кінастудыі “Metro-Goldwyn-Mayer” (у 1924-1942 – лідар галівудскай кінаіндустрыі). Апроч таго, Маер быў адным з сузаснавальнікаў амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук, якая штогод уручае “Оскар”. Зорку Маера можна знайсці на Галівудскай алеі славы.
Вера Маркава
Нават той філолаг, які слаба знаёмы з японскай літаратурай (у найлепшым выпадку ён чуў, што Харукі Муракамі ніяк не можа атрымаць Нобелеўскую прэмію), хоць крыху чуў пра жанр хайку. Або пра яго самага славутага аўтара – Мацуа Басё: “На голой ветке / ворон сидит одиноко. / Осенний вечер”. Гэты, а таксама шэраг іншых перакладаў з японскай мовы на рускую ажыццявіла Вера Маркава. Яна нарадзілася ў Мінску ў 1907 годзе. Яе бацька, інжынер, які працаваў на чыгунцы, жыў на вуліцы Магазіннай (сучасная Кірава). Вучоба на ўсходнім аддзяленні Петраградскага ўніверсітэта вызначыла цікавасць Маркавай да японскай літаратуры, якую яна адкрыла жыхарам усёй савецкай прасторы.
Савелій Мышалаў
За 24 гады (1970-1994) у зборнай СССР па футболе змянілася дзесяць трэнераў. Але доктар быў толькі адзін – Савелій Мышалаў, які прайшоў з камандай чатыры чэмпіянаты свету, два чэмпіянаты Еўропы і дзве алімпіяды. Як расказваў у інтэрв’ю Мышалаў, “я родам з Мінска. І бацькі адтуль. Бацьку перавялі ў Маскву, у Дом саюзаў. Яўсей Якаўлевіч лічыўся бухгалтарам найвышэйшага класу. Да гэтага ён працаваў у Мінску, займаў адказную пасаду ў кіраўніцтве прафсаюзамі Беларусі”. Аднойчы Мышалаў добра дапамог свайму суайчынніку Сяргею Бароўскаму. На чэмпіянаце свету 1982 года футбалісты гулялі два таймы на 30-градуснай іспанскай спякоце, іх арганізм абязводжваўся, і футбалісты не маглі заснуць да 3-4 гадзін ночы. А трэнеры дазвалялі ўжываць толькі мінералку. Мышалаў параіў Бароўскаму выпіць піва. Сяргей паслухаўся і, вярнуўшыся ў гасцініцу, заснуў як немаўля. Назаўтра ён адчуваў сябе на ўсе 100%.
Браніслава Ніжынская
Легендарнага Вацлава Ніжынскага называлі “лятаючым танцоўшчыкам” і “чалавекам-птушкай”: яго неверагодная тэхніка стварала ў гледачоў ўражанне, што Ніжынскі літаральна лунае над сцэнай. Яго бацькі-палякі, танцоўшчыкі вандроўкай трупы, шмат падарожнічалі. Таму Вацлаў нарадзіўся ў Кіеве, а яго малодшая сястра Браніслава – у Мінску (у 1891 годзе). Хоць у нашым горадзе сям’я не затрымалася, ды і Браніслава, відаць, ніколі сюды не прыязджала. Ніжынская стала балерынай, танцавала разам з братам у пецярбургскай Марыінцы і ў дзягілеўскіх “Рускіх сезонах”. Але сусветную вядомасць ёй прынесла праца харэографа – пастаноўка “Свадзебкі” на музыку Стравінскага.
Якаў Серабранскі
Адзін з кіраўнікоў савецкіх разведчыкаў на Захадзе, Серабранскі арганізаваў выкраданне з Францыі генерала Куцепава (гэтыя падзеі знайшлі адлюстраванне ў савецкім фільме “Аперацыя “Трэст”) і рыхтаваў забойства Льва Львовіча Троцкага, сына апальнага палітыка. Фінал жыцця Серабранскага быў адпаведным яго справам: у 1953-м, пасля смерці Сталіна, Серабранскі быў арыштаваны, а праз тры гады памёр падчас допыту. А нарадзіўся Серабранскі ў Мінску ў 1891 годзе ў беднай габрэйскай сям’і, скончыў чатырохгадовае гарадское вучылішча. У 1909 годзе яго арыштавалі за захоўванне “злачыннага ліставання” (Серабранскі ўваходзіў у партыю эсэраў), а таксама па падазрэнні ў забойстве начальніка Мінскай турмы, у якім ён нібыта ўдзельнічаў. Якаў прасядзеў год у турме, а потым быў высланы з горада.
Дзяніс Марціновіч