Рэліз новага альбома «Тое, што трэба (сабранае і адабранае)» Зьмітра Вайцюшкевіча — 6 сьнежня. Як заяўляе выканаўца, дыск ня мае аніякай акрэсьленай канцэпцыі. Сярод іншага Вайцюшкевіча перасьпяваў Жана Брэля, Louise Attaque, Neuro Dubel і нават Ліку Ялінскую.
У альбом увайшлі песьні на вершы Ўладзімера Някляева, Генадзя Бураўкіна, Алеся Камоцкага і Міхала Анемпадыстава. Вайцюшкевіч запэўнівае: гэта не складанка лепшага, а альбом абсалютна новых песень, хоць і без канцэпцыі. Усе песьні збольшага выканаўца ўжо паказаў на сваіх канцэртах. Сярод іх — «Мірныя людзі» і «Сьцяг», перапеўкі «Не губляй мяне» (Жана Брэля) і «Яна» (Louise Attaque) і франкамоўны кавэр на «Резиновый дом» ад Neuro Dubel. Асобная размова пра песьню «Чок-чок», колішнім гіту з рэпэртуару Лікі Ялінскай. «Першапачаткова яна наогул для Мулявіна пісалася, — апавядае Вайцюшкевіч. — Але так атрымалася, што яе засьпявала Ліка — вялікая патрыётка, якая на канцэртах крычыць „Жыве Беларусь“:). Аднак я лічу яе мужчынскай. Таму мы зрабілі яе на кантрасьце з гульлівымі духавымі і мэлядычным вакалам».
Выканаўца кажа, што спачатку ў альбома было некалькі працоўных назваў («Вінэгрэт», «Вязанка»), але найлепшую назву прапанаваў паэт Рыгор Барадулін: «Тое, што трэба — гэта якраз тое, што трэба!» — заявіў паэт і Вайцюшкевіч зь ім абсалютна пагадзіўся.
6 сьнежня. Малая заля КЗ «Мінск». 19:00. Зьміцер Вайцюшкевіч. Прэм’ера праграмы «Тое, што трэба (сабранае і адабранае)».
ТГ