Самы жаноцкі пластычны тэатр SKVO’S Dance Company паказаў жывы сімбіёз музыкі і танца, зрабіўшы спектакль разам з інструментальным трыа Port Mone. Прэм’ера пастаноўкі “Секунда ДО” паспяхова прайшла ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, хоць не абышлася без выкрыкаў абуранага гледача.
У самым пачатку спектакля гераіні заміраюць на фоне музыкаў, бы на інтэрактыўнай паштоўцы, кожная з іх мае свой характар, сваю ролю, эмоцыю. Перад намі жанчына ў жарснай чырвонай сукенцы, адважная лыжніца, уладальніца бясконцай касы, што стрымлівае яе, бы пупавіна. Паводле драматургіі спектакля, кожная з жанчын раскрыецца ў сольным танцы, выразіўшы і расквеціўшы ўласны вобраз.
“Гэта ода індывідуальнасці кожнай дзяўчыны, – кажа кіраўніца тэатра і актрыса Вольга Скварцова. – Нам патрэбен быў праект, які стаў бы раскрыццём затоенага, ды і кожны спектакль – гэта жаданне раскрыцца, бо мы не можам па-іншаму, мы ж дзяўчынкі».
SKVO’S Dance Company, які выйшаў некалі з тэатра «D.O.Z.S.K.I.», складаецца з аматарак: тут танчаць дызайнер, медык, геолаг, эканаміст, лінгвіст, рэжысёр, але прафесійнасць у дадзеным выпадку не мае значэння. Іх танцы – суцэльная экспрэсія, пабудаваная на асацыяцыях і густоўна падабраных дэталях, дзякуючы якім спектаклі міжволі хочацца ў думках разбіваць на эфектныя каляровыя кадры. Выяўленне жаноцкасці – бадай, самая сімвалічна выразная тэма пастаноўкі. Найбольш запамінаецца танец на абцасах каротка стрыжанай актрысы ў мужчынскай кашулі, якая ўрэшце апускае ногі ў туфлях-лодачках у грубыя боты.
«Мы ўпершыню выступалі з распушчанымі валасамі, – кажа Вольга Скварцова. – Гэта небяспечны вобраз, які трэба асцярожна эксплуатаваць». Валасы сапраўды дадаюць асацыяцый у раскрыццё жаночых вобразаў – ад агрэсіўнага выгольвання скроняў да амаль народнага, вясельнага пляцення косаў.
Эксперыментальныя пастаноўкі часам не абыходзяцца без абуранага прыхільніка класічнага балета, які суправаджае спектакль бубненнем у духу “гэта не мастацтва, вярніце грошы”. Гэтым вечарам у зале таксама чуліся чыесьці незадаволеныя рэплікі, што праўда, іншыя гледачы прапанавалі абуранаму маладому чалавеку паразважаць за дзвярыма, куды ў выніку яны ўсе разам і скіраваліся, відаць, для працягу спрэчак пра вартасць сучаснага мастацтва.
Не трэба вышукваць сюжэтаў і сэнсаў у спектаклі, кажа Вольга Скварцова, іх тут няма: «Гэта дэканструкцыя жаночага вобразу ў розных ягоных іпастасях. Мы проста хацелі паказаць унутраныя трансфармацыі пад музыку, якую вельмі любім».
Трыа Port Mone, якое вывязвала за спінамі актрыс часам усхвалявана-трывожнае, а часам плывучае і задумлівае інструментальнае палатно, даволі добра супала з імпульсіўнай харэаграфіяй дзяўчын. “Танец я разумею як энергетычны стан, таму не заўсёды важныя ноты, пераходы, рытміка, галоўнае, каб ён адпавядаў руху, перацяканню энергіі ў музыцы”, – гаворыць лідар гурта Port Mone Аляксей Варсоба.
Кампазіцыі трыа не раз “музычна суправаджалі” розныя праекты – напрыклад, нядаўна ў якасці тапёраў гурт агучваў украінскае нямое кіно «Хлеб». Але супадаць з жывым танцам яшчэ не даводзілася. «Раней такога досведу ў мяне не было, – кажа Аляксей Варсоба, – калі толькі не лічыць працу канцэртмайстра ў музычнай школе, але там якую-небудзь польку трэба было граць паўгадзіны».
Ідэя сумеснага са SKVO’S Dance Company спектакля ўзнікла даўно, але ажыццявілася ўсяго за некалькі месяцаў: рэпетаваць пачалі толькі восенню. Вольга абрала некалькі кампазіцый з рэпертуару гурта і мінімальна патлумачыла музыкам, які акампанемент павінен быць у некаторых сцэнах, у астатнім жа ўсё было зразумела без словаў. “Мы проста танчылі, а яны гралі”, – згадвае Скварцова. У імправізацыях падчас рэпетыцый нарадзілася дзве новыя кампазіцыі, яшчэ адну, якая гучыць у фінале спектакля, музыкі стварылі спецыяльна для пастаноўкі.
“Хацелася б, каб праект жыў і надалей, – гаворыць Аляксей Варсоба. – Вось толькі пакуль незразумела, у якім фармаце і на якіх пляцоўках гэта можа адбывацца”.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева