Этна-трыа «Троіца» стала першым беларускім артыстам, які ўзяў удзел у галоўным фесце WOMAD у Вялікабрытаніі. Выступ беларусаў рэкамендавала наведаць вядомая брытанская газета The Telegraph.
WOMAD быў заснаваны ў 1980 годзе Пітэрам Гэбрыэлам для таго, каб паказваць музыку, танцы і мастацтва з усяго свету. У 2001 годзе перапрыемства было занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса, як найбуйшейшы музычны фестываль у свеце – яго рэгіянальныя версіі адбываюцца на некалькіх кантынентах. Але галоўным і найбольш прэстыжным з’яўляецца родапачынальнік – фестываль у Вялікабрытаніі, які штогод збірае дзясяткі тысяч гледачоў.
Этна-трыа «Троіца» было запрошана на галоўны WOMAD яшчэ ў 2014 годзе, пасля паспяховага выступу на WOMAD Russia ў 2013, але тады ім не паспелі аформіць візы. Увясну 2016 «Троіца» выступіла ў Паўднёвай Амерыцы на WOMAD Chile, пасля чаго галаўны фестываль вырашыў паўтарыць сваё запрашэнне белорусаў у Вялікабрытанію. «Надзвычайны гурт, які грае на 50 інструментах», – напісала ў сваім фестывальным анонсе буйная брытанская газета The Telegraf.
– Фестываль WOMAD – гэта вялікае свята, дзе ўсе прадстаўляюць культуру сваіх краін і народаў, але пры гэтым знікаюць любыя палітычныя межы, – распавядае лідэр калектыва Іван Іванавіч КІрчук. – Мы самі з задавальненнем паслухалі некаторых артыстаў. Пасля выступу падыйшлі да Анушкі Шанкар і абмяняліся кампліментамі – мы вялікія аматары яе творчасці. Яна выдатна працягвае традыцыі свайго бацькі, у гэтым годзе была адным з хэдлайнераў.
Наступны выступ этна-трыа «Троіца» ў Беларусі мае адбыцца 10 верасня ў межах фолк-фестывалю «Камяніца 2016». У мерапрыемстве таксама возьмуць удзел гурты «Тарута» (Украіна), «Оле-Лукойе» (Расія), Re1ikt (Беларусь), «Ветах» (Беларусь). Квіткі з’явяцца ў продажы ў сярэдзіне жніўня.