У інтэрнэце адбылася прэм’ера новага відэа гуртаTrubetskoy на песню “Завершается игра”. Музыкі абвесцілі, што гэтым ролікам развітваюцца з эпохай і спадчынай “Ляпісаў“.
“Мінуў год з моманту распаду “Ляпісаў” і стварэння нашага калектыва, – распавядае франтмэн гурта Trubetskoy Павел Булатнікаў. – За гэты год здарылася шмат усяго: і добрага, і дрэннага, і вясёлага, і сумнага. Але галоўнае, да чаго мы прыйшлі – нам больш не патрэбныя мыліцы у выглядзе старых “ляпісаўскіх” гітоў. Мы іх як і раней любім і прыносім свае прабачэнні ўсяму руху LyapisCrew – магчыма, частка фанатаў спадзявалася, што мы яшчэ доўга будзем спяваць толькі “Евпатория” ды “Ты кинула”. На жаль альбо, хутчэй, на шчасце, не. Гэтым кліпам мы развітваемся з “Ляпісамі”, і тым больш сімвалічна, што песню “Завершается игра” напісаў наш стары сябар, удзельнік аднаго з першых складаў “Ляпіса Трубяцкога” Аляксандр Ролаў, а эпічнае (не пабаюся гэтага слова) відэа зрабіў Аляксей Церахаў, аўтар самых знакавых “ляпісаўскіх” кліпаў – ад “Ау” да “Воины света”. Глядзіце, узгадвайце… Ну, а ў каманды Trubetskoy хутка выйдзе дэбютны альбом, і пачнецца зусім іншая гісторыя”.
Першы паўнафарматны альбом гурта выйдзе ў кастрычніку і будзе складацца выключна з новых песень, якія раней не выдаваліся. Канцэртныя прэзентацыі гэтага альбома адбудуццаў Мінску, Маскве, Санкт-Петербургу ды Кіеве ў першай палове лістапада.
Прэм’ера кліпа “Завершается игра” адбылася роўна праш год пасля апошняга канцэрта гурта “Ляпіс Трубяцкі”. Адначасова з відэаролікам Trubetskoy выдаў на iTunes сінгл пад той жа назвай, у які другім трэкам увайшла песня “Ирочка”.