У Новым драматычным тэатры паставілі трагікамедыю Андрэя Макаёнка.
Стаўленне сучаснага айчыннага тэатра да творчасці Андрэя Макаёнка – гэта прыклад адноснасці прыжыццёвага прызнання і зменлівасці фартуны. У свой час, пераняўшы эстафету ад Кандрата Крапівы, Макаёнак зрабіўся беларускім драматургам №1. Яго п’есы паспяхова і часта ставіліся ў Маскве і разыходзіліся па ўсіх саюзных рэспубліках. Але пасля смерці творцы (Макаёнак памёр у 1982-м) яны пакрысе сышлі з рэпертуару. Трыццаць гадоў – дастатковы час, каб адказаць, засталася драматургічная спадчына Макаёнка ў савецкім часе або актуальная для сённяшняга гледача.
За апошні час рэжысёры ўсяго двойчы паспрабавалі адказаць на гэтае пытанне. Прычым на прыкладзе адной і той жа п’есы – “Зацюканы апостал”. Пастаноўка Дзяніса Нупрэйчыка, якая ідзе ў Новым драматычным тэатры, не сапсавала “надвор’я”. Але па вялікім рахунку, і адкрыццём не зрабілася, бо рэжысёр прачытаў п’есу як звычайны побытавы канфлікт пакаленняў. А вось пастаноўка Барыса Луцэнкі ў Рускім тэатры (яна атрымала назву “Аракул?”), нягледзячы на асобныя спрэчныя моманты, вывела тэкст Макаёнка на ўзровень шырокага філасофскага абагульнення. Можна спрачацца, ці заслугоўваў “Аракул?” перамогі на ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі (у намінацыі “Найлепшы спектакль тэатра драмы”). Але павагу і прызнанне гэты спектакль, безумоўна, заслужыў.
Праўда, сюжэтна “Зацюканы апостал” найменш прывязаны да савецкіх рэалій (яго дзеянне адбываецца на Захадзе). А “Трыбунал” прысвечаны падзеям Другой сусветнай. На напісанне п’есы Макаёнка натхніў эпізод, які рэальна адбыўся падчас вайны. “Беларускія партызаны ў адной вёсцы падчас акупацыі вырашылі паставіць старастам свайго чалавека, – згадваў драматург. – Знайшлі старога, да якога ставіліся з даверам. Угаварылі. “Укаранілі”… А праз двое сутак з’яўляецца ён да партызан і просіць: “Браткі, больш туды не пайду. Збілі мяне дома жонка і дачка. Прымушаюць ісці і адмовіцца ад пасады”.
Чарнавы варыянт “Трыбунала” Макаёнак напісаў у 1970 годзе за рэкордна сціслы тэрмін –трое сутак (хоць пазней дапрацоўваў асобныя сцэны). Неўзабаве п’есу паставілі больш за 160 прафесійных калектываў. Але этапным крытыкі назвалі пастаноўку, якую ажыццявіў у Купалаўскім тэатры рэжысёр Валерый Раеўскі (Паліну грала Галіна Макарава, Цярэшку Калабка – Генадзь Аўсяннікаў).
“Матка, млека, яйкі!”
Якім атрымалася пастаноўка ў Новым драматычным тэатры? Вырашэнне спектакля, якое ажыццявіў рэжысёр Сяргей Кулікоўскі, дастаткова побытавае. Перагружанай выглядае сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык Марына Шуста). Узнікае ўражанне, што перад намі не вясковая хата, а айчынны этнаграфічны музей (дарэчы, з гэтай нагоды не зусім зразумела, навошта ў “Трыбунале” выконваецца руская народная песня «Вдоль по улице метелица метёт». Спектакль жа, да гонару тэатра, ідзе па-беларуску). На сімвалізм прэтэндуе хіба некалькі эпізодаў. У адным з іх Паліна і яе нявестка Надзея з невядомай прычыны рухаюцца ў цемры з запаленымі свечкамі. Апрача таго, “Трыбунал” пачынаецца і завяршаецца снегам (галоўная метафара шэрагу айчынных пастановак).
Жанр “Трыбунала” пазначаны як трагікамедыя (з удакладненнем “народны лубок”). Першы аспект – трагічнасць – закладзены ў сюжэце. З камічнасцю цяжэй. У п’есе гумар узнікаў у сувязі з вобразам галоўнага героя, бо жонка называе Цярэшку смарчком, над якім мае поўную ўладу. Фактычна, “падабцаснік”, стаўшы старастам, заяўляў пра свае прэтэнзіі на ўладу. Акрамя камізму сітуацыі ўзнікала дадатковая гераічная акалічнасць – нават слабы селянін уздымаўся на барацьбу з немцамі. У спектаклі Цярэшка (Ігар Нікалаеў) не саступае сваё жонцы ні ростам, ні, галоўнае, унутранай упэўненасцю. Па вялікім рахунку, яны ідэальна падыходзяць адно аднаму і выглядаюць звычайнай сярэднестатыстычнай беларускай сям’ёй. Паколькі фізічную сілу мае Цярэшка, хутчэй за ўсё менавіта ён з’яўляецца гаспадаром (і толькі вымушаны прыкідвацца падчас спектакля). У выніку камічнасць сітуацый, звязаных з галоўным героем, знікае.
Праўда, стваральнікі спектакля зрабілі камічны акцэнт на вобразе Каменданта. Ігар Падлівальчаў інтэрпрэтуе свайго героя ў найлепшых традыцыях савецкіх пасляваенных фільмаў. Нагадаю, у іх дзейнічалі карыкатурныя ворагі, якія то крычалі “Хайль Гітлер!”, то кожныя пяць хвілін патрабавалі “млека” ці “яйкі”. Бадай, такое рашэнне можна патлумачыць жанрам “народнага лубка”. Але ў такім выпадку знікае ўвесь гераізм і маштабнасць супраціўлення. Такога немца перамог бы нават хлопец-падлетак.
Вясковая Атлантыда знікае
Акрамя прыватных пытанняў (напрыклад, асобныя выканаўцы, асабліва моладзь, наўпрост выкарыстоўваюць свой тыпаж, які сфармаваўся ў папярэдніх пастаноўках), прагляд спектакля дазваляе зрабіць дзве вельмі важныя высновы.
Першая тычыцца спектакляў пра Другую сусветную вайну, якія перыядычна з’яўляюцца ў айчынных тэатрах да чарговых юбілейных дат і выклікаюць крытыку. Адны – сваёй неактуальнасцю (маўляў, колькі можна пра вайну). Другія – адсутнасцю новых мастацкіх форм (маўляў, большасць такіх пастановак існуе ў эстэтыцы 1980-х, калі не 1970-х). Тут ёсць свая праўда, але хапае і перабольшвання. Калі казаць пра першы закід, дык ці можа быць неактуальны Быкаў? Што да другога, дык, можа, рэч у канкрэтным рэжысёры, а не ў драматургічным або празаічным матэрыяле або самой падзеі?
Але відавочна адно: якімі б актуальнымі ні былі творы, якімі б цікавымі (з мастацкага пункту гледжання) ні выглядалі спектаклі, выйсце толькі адно – у інтэрпрэтацыі падзей вайны з пазіцый сённяшняга дня і вачыма сучаснікаў (як тое адбылося ў спектаклі “Дажыць да прэм’еры”, што ідзе ў РТБД). Ва ўсіх астатніх выпадках “ваенныя” спектаклі асуджаныя на паразу. Як, па вялікім рахунку, і многія “дацкія” пастаноўкі. Ва ўсе часы таленавіты акцёр можа паспрабаваць адказаць на вечнае гамлетаўскае пытанне “Быць альбо не быць?”, бо кожнае пакаленне знаходзіць на яго свой адказ. Але акцёры нават чыста тэарэтычна далёка не заўсёды могуць увасобіць логіку і паводзіны людзей, якія дзейнічалі сем дзесяцігоддзяў таму. А значыць, любое параўнанне з ваеннымі фільмамі, у якіх здымаліся франтавікі або іх дзеці, будзе не на карысць. Падчас прагляду “Трыбунала” відавочна, што на сцэне мы бачым акцёраў ХХІ стагоддзя, а не вяскоўцаў часоў вайны.
Другая выснова можа падацца чытачам не зусім лагічнай. Тым не менш заклікаю: спяшайцеся ў Купалаўскі тэатр! Глядзіце на Генадзя Аўсяннікава і Генадзя Гарбука, Марыю Захарэвіч і Галіну Талкачову, Тамару Міронаву і Арнольда Памазана. Глядзіце “Вечар” і тыя спектаклі, дзе купалаўскія майстры з’яўляюцца нават у эпізодах. Прычына не толькі ў відавочным і бясспрэчным таленце выканаўцаў.
Прэм’ера “Трыбунала” акрэсліла вельмі важную праблему: у большасці айчынных акцёраў сярэдняга ўзросту (не кажучы пра моладзь) не вельмі пераканаўча атрымліваецца ўвасобіць псіхалогію і філасофію вяскоўцаў. Яны – гараджане, што на сцэне, што ў жыцці. Старэйшыя купалаўцы – апошняе пакаленне, апошнія аскепкі той вясковай Атлантыды, якая амаль сышла пад ваду. Бо пройдзе дзесяцігоддзе – і спектаклі, у якіх яны занятыя, сыдуць з рэпертуару і пакінуць пасля сябе толькі легенды.
Дзяніс Марціновіч
Фота з афіцыйнага сайта тэатра www.newtheatre.by