3 мая адзначаюцца чарговыя ўгодкі Канстытуцыі 1791 года. У Польшчы гэты дзень – вялікае нацыянальнае свята. А чым гэтая падзея адметная для беларусаў? І як мы павінныя ставіцца да гэтай святочнай нагоды з агульнай гісторыі?
Пытанне не такое простае, як можа спачатку падацца. Калі казаць штампамі, то сапраўды, у Рэчы Паспалітай быў прыняты правобраз першай у Еўропе дэмакратычнай канстытуцыі (першымі ў свеце такім крокам маглі пахваліцца ЗША). У гэтым мы “абагналі” і рэвалюцыйную Францыю, і іншыя больш кансерватыўныя еўрапейскія краіны. Нашы продкі, маўляў, стварылі падмурак для развіцця па новым, цалкам згодным з перадавымі ідэямі часу шляху. Але хцівыя апетыты суседзяў-драпежнікаў перашкодзілі нам ісці наперад, і ў выніку мы атрымалі падзелы Рэчы Паспалітай і пахаванне надзей, звязаных з капіталізмам і дэмакратыяй.
Усё гэта выглядае так гладка, калі мы будзем успрымаць Рэч Паспалітую як Польшчу, дзяржаву, якая атаясамліваецца перадусім з польскім нацыянальным інтарэсам. Калі ж мы возьмем пад увагу Беларусь (няхай толькі ў будучай перспектыве), то справы з Канстытуцыяй 1791 года і ўвогуле з працэсамі і з’явамі, што тварыліся ў нашай гісторыі пры канцы XVIII стагоддзя, паўстаюць зусім у іншым святле.
У апошняй чвэрці імклівага XVIII стагоддзя, з яго асветніцкімі ідэямі і першымі капіталістычнымі эксперыментамі, Рэч Паспалітая абодвух народаў знаходзілася ў незайздросным становішчы. Раздзертая ўнутраным бязладдзем, бясконцай барацьбой магнацкіх груповак паміж сабою, палітычным свавольствам шляхты, якая пахвалялася правам liberum veto, што дазваляла заблакаваць аднаасобна любое рашэнне на сойме, колішняя велічная дзяржава стала ласым кавалкам для суседзяў, якія з кожным годам мацнелі. Марыянеткавы стан Рэчы Паспалітай, у якім яна фактычна знаходзілася з пачатку XVIII стагоддзя (успомнім, як гарцавалі на нашых землях расійскія і шведскія войскі у часы Паўночнай вайны), больш не задавальняў ні Расію, ні Аўстрыю з Прусіяй.
А калі тут паспрабавалі ўзяцца за рэформы – тым больш. Нікому моцная самастойная Рэч Паспалітая не была патрэбная. Пасля першага падзелу дзяржавы ў 1772 г., калі да Расіі адышла амаль уся Усходняя Беларусь, у галовах магнатаў і шляхты наступіла ацверазенне. Трэба было штосьці кардынальна змяніць, калі хацелася захаваць дзяржаву. Бо ў новых варунках, якія дыктаваў свет, жыць па-старому было немагчыма.
Разуменне патрэбы рэформ дасягнула свайго апафеозу на славутым Чатырохгадовым сойме 1788-1792 гадоў. Аднак, як гэта паказвае гістарычная практыка, у такіх справах нельга абысціся без барацьбы двух поглядаў, без сутыкнення двух падыходаў – “захаваць і прымножыць” / “паламаць і збудаваць”.
Рэфарматары імкнуліся падцягнуць Рэч Паспалітую да новых тэндэнцый развіцця ў Еўропе, надаўшы ёй імпульс да цэнтралізацыі і стабільнасці ўлады. Яны імкнуліся расчысціць шлях для капіталізму, далучыўшы да ўдзелу ў кіраванні дзяржавай мяшчан (якія да тых часоў заставаліся другасным, непрывілеяваным саслоўем), дазволіўшы шляхце гандляваць і нават рамеснічаць у мануфактурах. Моцная спаяная дзяржава з верхавенствам каралеўскай улады, якая перадаецца ў спадчыну, – такі ідэал бачыўся прагрэсіўным рэфарматарам.
Кансерватары баяліся, што рэзкія кардынальныя рэформы знішчаць сутнасць Рэчы Паспалітай, якая грунтавалася на прынцыпах “шляхецкай дэмакратыі”. Прыгледзімся іх пазіцыі бліжэй. Яна не была такой закасцянела архаічнай і рэакцыйнай, як гэта часта сцвярджаецца. Яны не ўяўлялі сабе дзяржавы без шляхецкіх вольнасцяў, увасобленых у Сойме як галоўным прадстаўнічым форуме краіны, дзе можна было выказаць і абмяняцца думкамі, каб прыйсці да адзіна слушнага рашэння. А права абрання караля? Тое, што лічылася здабыткам нашай шляхты, якая адна магла выступаць крыніцай улады. Калі Рэч Паспалітая перастае быць шляхецкай дзяржавай, ці варта займацца бязглуздым рэфармаваннем? Напэўна, такія думкі з’яўляліся ў тых, хто бачыў сілу Рэчы Паспалітай у захаванні традыцый.
Парадаксальным чынам (але гэта часта бывае ў гісторыі) кансерватары выступалі за захаванне дуалізму Рэчы Паспалітай, яе ранейшага падзелу, як гэта было закладзена Люблінскай уніяй 1569 года, на дзве раўнапраўныя часткі – Карону і Княства. Апошняе мусіла быць на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага.
Рэфарматары ж выступалі за ўніфікацыю дзяржавы, знішчэнне непатрэбных і састарэлых падзелаў. А рэчаіснасць была такой, што за XVIII стагоддзе Княства паступова ператварылася ў “Літоўскую правінцыю”, нароўні з Вялікапольшчай і Малапольшчай. У культурным плане наша шляхта ўсё больш паланізавалася і ператваралася ў частку “польскага шляхецкага народа”. Няхай і з усведамленнем асобнай гістарычнай традыцыі і рэгіянальных асаблівасцяў, але нашы магнаты і шляхта ўжо не баранілі суверэнітэт ВКЛ ці выступалі “літоўскімі сепаратыстамі”, як гэта было яшчэ ў XVII стагоддзі. Не, яны адчувалі сябе інтэгральнай часткі Польшчы, з якой усё больш і больш асацыявалася Рэч Паспалітая.
У канстытуцыі 1791 г. не згадвалася Літва, нават не ўжываўся тэрмін “Рэч Паспалітая”. Замест іх мы бачым паўсямеснае выкарыстанне наймення “Польшчы”. Нельга сказаць, каб літвіны былі з гэтага задаволеныя (гэта паказала ў далейшым прыняцце ў кастрычніку 1791 г. “Узаемнага заручэння абодвух народаў”), з іх боку гэта быў вымушаны кампраміс дзеля рэалізацыі так патрэбных рэформ. Але важны іншы момант: нарастала разуменне, што умацаванне дзяржавы немагчымае без яе жорсткай цэнтралізацыі. Для гэтага, паўторымся, была ўжо падрыхтаваная культурная глеба. Гледзячы на ХІХ стагоддзе, не верыцца, што паланізацыя нават пры захаванні шляхецкай Рэчы Паспалітай збавіла б абароты…
Таму з гледзішча нашых нацыянальных інтарэсаў пазіцыя кансерватараў выглядае ўжо ў іншым ключы. Так, адстойваючы свае ідэі, яны зрабілі стаўку на Расію, і мы прывыклі бачыць у гэтым зло… Але калі б не адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай, ці здолелі б мы вырвацца з абцугоў татальнай паланізацыі ў ХІХ стагоддзі? Гісторыя Беларусі адметная тым, што як толькі шалі цывілізацыйнага развіцця моцна нахіляліся ў адзін бок, нас вырывала ў іншы, і дзякуючы гэтаму мы захоўвалі раўнавагу. Сёння назіраюцца тыя ж самыя працэсы, толькі мы можам усведамляць, што павінныя рабіць уласны выбар…
А што да адказу на пытанне, вынесенага ў загаловак, то, мабыць, варта не спяшацца… Канстытуцыя 1791 г., як, дарэчы, і яе галоўны абаронца Тадэвуш Касцюшка, выступалі за адзіную Польшчу ў амаль нацыянальным вымярэнні, у якім Літва (чытай – таксама і Беларусь) разглядалася толькі як адна з правінцый…
Андрэй Янушкевіч