Абвешчаны прыём заяваў на музычны конкурс «Ё-маё», пераможца якога атрымае бясплатны відэакліп. Яшчэ 11 кліпаў будуць зьнятыя з істотнай зьніжкай. «У Беларусі цяпер здымаецца вельмі мала музычных ролікаў. У той жа час ёсьць людзі, якія маюць адпаведныя веды і гатовы іх прымяняць на практыцы. Таму мы хочам зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё кліпмэйкерства ў нашай краіне», – заяўляе заснавальнік конкурсу Андрэй Палупанаў, дырэктар Менскай кінашколы-студыі.
Ініцыятарам правядзеньня конкурса стала Менская кінашкола-студыя, якая летась праводзіла ўжо нешта падобнае. Праўда цяпер вырашана не абмяжоўвацца толькі беларускамоўнымі ўдзельнікамі. Заяўляецца, што ў конкурсе могуць узяць удзел усе ахвочыя з сваімі аўтарскімі творамі (ці выкананымі з дазволу праваўладальнікаў). Ані мова, ані кірунак і нават краіна пражываньня ня граюць ніякай ролі. «Мы вырашылі нічым не абмяжоўваць сябе ды ўдзельнікаў, у тым ліку і мовай выкананьня, бо разьлічваем на хуткае прасоўваньне свайго прадукту», – кажа заснавальнік конкурсу Андрэй Палупанаў, але зазначае пры тым, што ўвага да беларускамоўных выканаўцаў будзе асаблівай. Мяркуецца ўручыць спэцыяльны прыз лепшаму гурту, які сьпявае па-беларуску.
«У Беларусі цяпер здымаецца вельмі мала кліпаў. У той жа час ёсьць людзі, якія маюць адпаведныя веды і гатовы іх прымяняць на практыцы. Таму мы хочам зрабіць свой унёсак у разьвіцьцё кліпмэйкерства ў нашай краіне. Няхай пакуль і на звычайным энтузіазме», – кажа Андрэй і падкрэсьлівае, што кліпы фіналістам будуць здымаць ужо дасьведчаныя ў справе відэа людзі, выпускнікі кінашколы, якія стажыраваліся ў Польшчы і маюць прызы на міжнародных фэстывалях.
Удзельнікам конкурсу можа стаць кожны, хто дашле да 15 чэрвеня свой трэк адпаведна тэхнічным патрабаваньням (нясьціснуты аўдыёфайл у фармаце wav ці мр3, памерам ня болей за 30 мэгабайт, працягласьць 2-5 хв.). Арганізатары адбяруць з пададзеных заяваў 24 паўфіналісты. Далей адбудзецца інтэрнэт-галасаваньне, на якім вызначыцца 12 фіналістаў. Журы конкурса раставіць фіналістаў па месцах. У журы ўвайшлі польскі рэжысэр Павал Квасьнеўскі, Аляксей Зайцаў (уладальнік студыі «Begemot studio»), Зьміцер Міхневіч (уладальнік студыі «Nestanda Records»), а таксама сьпявачка Ларыса Грыбалёва і музыкант Зьміцер Фрыга.
Пераможцу конкурса абяцаецца кліп задарма. Астатнім фіналістам – з зьніжкай у 50% (з 2-га па 6-ае месца) і 25% (з 7-га па 12-ае), а таксама прафэсійная фотасэсія для прызэраў конкурса.
Азнаёміцца з форма для падачы заявы можна на сайце конкурса.
Інфармацыйны партнэр конкурсу «Ё-маё» – інтэрнэт-партал Tuzin.FM.