У новым будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў польскім Беластоку адбылася міжнародная прэм’ера ўнікальнага праекту “Тузін.Немаўля”. Сяргей Пукст і гурт Re1ikt ужывую агучылі класіку беларускага нямога кіно 20-х гадоў.
Праект па злучэнні класікі беларускай кінематаграфіі з музыкай сучасных выканаўцаў быў задуманы інтэрнэт-парталам Tuzin.fm. Праца над ім вялася некалькі гадоў, і першы вынік быў прадэманстраваны на адкрыцці новага будынка Падляшскай оперы і філармоніі 19 і 20 кастрычніка. Для міжнароднай прэм’еры былі абраныя дзве стужкі – “Кастусь Каліноўскі” 1927 года вытворчасці і “У агні народжаная” 1929 года, да якіх узяліся напісаць музыку, адпаведна, Сяргей Пукст і гурт Re1ikt.
Кінаканцэрт Сяргея Пукста было вырашана зладзіць у фае Оперы. Арганізатары праекту вырашылі паэксперыментаваць не толькі са зместам і формай, але і з прасторай. Пасярод фае быў пастаўлены раяль, а за ім – вялізны экран, на якім і дэманстравалася стужка рэжысёра Уладзіміра Гардзіна. Сяргей Пукст падышоў да стварэння сучаснага саўндтрэка да фільма 85-гадовай даўніны з усёй сур’ёзнасцю. Ён перакананы, што ў такім спалучэнні карцінкі і музыкі выяўляецца больш пачуцця, чым у тым жа гукавым кіно, дзе ўсе эмоцыі прамаўляюцца. Адпаведна, у выніку сустрэчы двух мастацтваў і здзяйсняецца цуд, мяркуе музыка.
Па-свойму падышлі да пастаўленай задачы музыкі з гурта Re1ikt, якія бліжэй да поўначы выступалі на наступны дзень у камернай зале Падляшскай оперы. Ім дастаўся даволі няпросты фільм – “У агні народжаная”, шэдэўр авангарднага кіно, першы фільм славутага рэжысёра Уладзіміра Корш-Сабліна. Самі музыкі называюць гэтую стужку “сапраўдным фільмам жахаў”. “Нам сапраўды было вусцішна падчас прагляду, бо там вельмі шмат момантаў, якія не могуць пакінуць абыякавым. І сёння гэтая праца выклікае, пэўна, зусім адваротныя эмоцыі, чым пры канцы 20-х. Сваё ўспрыняцце тых падзеяў мы і спрабавалі перадаць праз сваю музыку”, – кажа адзін са стваральнікаў арыгінальнага саўндтрэка да фільма Аляксандр Дземідзенка. Тое, што ў іх атрымалася зачараваць сваёй працай гледачоў, сведчыць хоць бы той факт, што прысутныя пасля апошняга акорду доўгі час яшчэ апладзіравалі музыкам.
Беларуская прэм’ера праекту “Тузін.Немаўля” адбудзецца 22 і 25 лістапада ў клубе Loft у Мінску. Да праекту таксама далучыцца гурт з Беластоку Ilo&friends, які агучыць фільм “Прастытутка”, зняты ў 1926 годзе. А 24 кастрычніка каманда на чале з Ілонай Карпюк дасць першы ў сваёй гісторыі канцэрт у Беларусі на адкрыцці выставы афішаў беларускага нямога кіно ў клубе “Графіці”.
Фота, відэа: Яўген Шапчыць, “Тузін Гітоў”