Абодва выступоўцы на чарговым канцэрце з серыі Tuzin.Unplugged падышлі да пастаўленай задачы звышадказна. Як ZM99, так і Znich яшчэ ніколі ў сваёй гісторыі не выступалі з акустычнымі сэтамі. Таму іх выхад на сцэну ў такім фармаце вядоўца вечарыны Алег Хаменка назваў “сюрпрызам”.
ZM99 частку свайго сэту адыграла як трыа з Зояй Каральчук на вакале, Уладзімірам Сахончыкам на гітары, басіст Яўген Броўка свой інструмент часова памяняў на перкусію. Пасля да музыкаў далучыўся яшчэ і бубнач. Яны сыгралі выбраныя песні з двух сваіх студыйных альбомаў ды прадставілі некалькі новых трэкаў. Публіка рэагавала на акустычную ZM99 з цікавасцю, а нехта нават параўнаў Зою з Тар’яй Турунен.
Пакуль на сцэну рыхтаваліся выйсці “знічы”, Алег Хаменка разыгрываў падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На пытанні, на якім інструменце першапачаткова грала Зоя Каральчук (бас) і ў якім горадзе нарадзіўся лідар Znich Алесь Таболіч (Жыткавічы), адказалі без праблем, трошкі больш гадалі наконт першай згадкі пра Жыткавічы (1500).
Znich пачалі свой сэт з адной са сваіх фірмовых песняў – “Як пушчу стралу”, праўда, змененая яна была да непазнавальнасці, як і ўсе астатнія іх спевы. Асноўныя вакальныя партыі Таболіч даверыў выканаць вакалістцы гурта Unia Аляксандры “Шуні” Шайко. Песні “Мроя” і “Беларусь” з яе ўдзелам прагучалі надзвычай прыгожа. “Далёка не кожны металіст наважыцца на такі эксперымент. Спадзяюся, у нас годна атрымалася паказаць іншы бок нашай творчасці ”, — справядліва нахвальваў сябе Алесь Таболіч. Чарговы эксперымент у межах Tuzin.Unplugged прайшоў удала.
Мікалай Дубавіцкі