15 чэрвеня ў КЗ “Мінск” у межах штогадовага праекту “У абарону жыцця!” прайшоў музычны спектакль “Маё сэрца б’ецца”.
У гэтым творы, пастаўленым рэжысёрам Паўлам Харланчуком па ідэі Алёны Сітнік, апавядаецца пра жыццё ненароджаных немаўлятаў у Нябеснай школе. Яго мэта: звярнуць ўвагу грамадства на найбольш неабароненую катэгорыю дзяцей, тых, якія яшчэ не нарадзіліся і якіх некаторыя нават не лічаць дзецьмі.
На Нябёсах дзеці, таленавітыя і радасныя, з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з бацькамі, і кожнаму з іх Вялікі Майстар дараваў асаблівае прызначэнне. Аднак, выпускны ў аднаго хлопчыка не адбыўся… Ён застаўся на Нябёсах, бо яго бацькі не пажадалі сустрэцца з ім на Зямлі. Вялікі Майстар бярэ дзіця-анёла пад сваю апеку. У гэты час на Зямлі іншая маладая пара, якая намерваецца зрабіць аборт, пасля сустрэчы з дзяўчынкай-анёлам адмаўляецца ад свайго намеру на карысць жыцця.
Ролі ў пастанове выконвалі вядомыя беларускія акторы Ганна Хітрык, Павал Харланчук, Сяргей Рудэня а таксама Уладзімір Козічаў, Міхал Есьман і Ганна Харланчук. Асаблівую кранальнасць імпрэзе дадаў удзел вялікай колькасці дзяцей, якія сваёй непасрэднасцю і натхнёнасцю не пакінулі нікога абыякавым.
Фота: Раман Зубарэнка