Пасля доўгага турнэ па Злучаных Штатах Бэнксі вярнуўся ў родную Англію адразу з дзвюма працамі. Адну з іх знайшлі жыхары Чэлтэнхэма, Глостэншыр, другую мастак загрузіў на свой афіцыйны сайт. Дакладнае месцазнаходжанне другой працы пакуль невядомае, але мяркуецца, што яна таксама ў Вялікабрытаніі.
Першая праца атрымала назву «Шпіёнская будка». Гэта, відавочна, сатыра на нядаўнюю серыю гучных скандалаў з удзелам спецслужбаў: графіці адлюстроўвае трох агентаў у цёмных акулярах, што вядуць праслухоўку звычайнай тэлефоннай будкі. Невыпадковы і выбар лакацыі: у Чэлтэнхэме знаходзіцца штаб-кватэра Цэнтра ўрадавай сувязі Вялікабрытаніі — спецслужбы, адказнай за вядзенне разведкі і абарону ўрадавай інфармацыі.
Другі стэнсіл, «Мабільныя закаханыя», з’явіўся ўчора на сайце Бэнксі. Як і нядаўні ролік Durex, ён высмейвае маладых людзей, якія не могуць адарвацца ад сваіх мабільных тэлефонаў нават у абдымках адно аднаго. Дакладнае знаходжанне гэтай працы пакуль высветліць не ўдалося.