У Баранавічах творы вядомага мастака-графіка можна будзе пабачыць толькі на працягу тыдня – да 24 сакавіка.
З 17 сакавіка Баранавіцкая выставачная зала запрашае на выставу таленавітага беларускага мастака – Рыгора Сітніцы. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 твораў мастака-графіка.
Сваю назву выстава атрымала таму, што на карцінах Рыгор Сітніца малюе тыя рэчы, якія з маленства вядомыя кожнаму з нас.
У кампазіцыі былі прадстаўлены 33 графічныя лісты майстра перыяду 1998–2015 гг. Усе карціны аўтара выкананы на звычайнай паперы з выкарыстаннем алоўка, на мяжы стыляў гіперрэалізму і супрэматызму і аб’яднаны ў невялікія графічныя серыі: “Шпацыр уздоўж парканы”, “Храм”, “Сустрэтае”, “Суб’ектыўная рэчаіснасць”…
Галоўнае месца ў кампазіцыі займае серыя з мудрагелістай назвай “Гаспода”, яна аб’ядноўвае 11 карцін. Слова “Гаспóда” тлумачыцца самім майстрам як месца пражывання сям’і і радні.
Рыгор Сітніца ў сваіх карцінах асаблівую ўвагу надае каштоўнасцям беларускага народа, яго гісторыі, этнаграфіі і традыцыям.
Гіперрэалістычны стыль выканання надае яго творам такую рэалістычнасць, што хочацца дакрануцца, а асаблівая ўвага да дробязяў і старанная прамалёўка робіць гэтыя лісты падобнымі да фотаздымкаў.
Карціны мастака захоўваюцца ў фондах музеяў Беларусі, а таксама за межамі нашай краіны.
Віталь Кузняцоў, фота Юрыя Піваварчыка, intex-press.by