У межах кінафестывалю “Лістапад” здарылася гістарычная падзея: беларускія нямыя фільмы, знятыя больш за 80 гадоў таму, вярнуліся ў Беларусь на кінастужцы. Няхай сабе толькі тры творы і толькі на адзін вечар.
Беларускае даваеннае кіно ад савецкіх часоў захоўваецца ў Дзяржфільмафондзе Расіі і Беларусі фактычна не належыць. Паразумецца на гэты конт дзве дзяржавы не могуць яшчэ ад пачатку 90-х, а самі фільмы для гледача тым часам застаюцца практычна невядомымі. Гэтую недарэчнасць якраз і спрабуе вырашыць праект “Тузін.Немаўля”, які паўстаў з ініцыятывы парталу Tuzin.fm. Яго стваральнікі хочуць адкрыць для сучаснай аўдыторыі шэдэўры беларускай кінематаграфіі, але пры гэтым ствараюць новы арт-праект. Напісаць музыку да нямых кінастужак паклікалі цікавых і арыгінальных выканаўцаў.
Праект ужо дэманстраваўся на сцэне Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку ды ў клубным фармаце ў Мінску. У межах “Лістапада” адбыўся паказ фільмаў на вялікім экране на арыгінальнай кінастужцы, якую адмыслова для паказу пагадзіўся прадставіць Дзяржфільмафонд Расіі. 3 лістапада ў кінатэатры “Перамога” адбыліся паказы фільмаў “Прастытутка” (1926), “Кастусь Каліноўскі” (1927) і “У агні народжаная” (1929).
Першым на сцэну выйшаў Сяргей Пукст, які агучваў “Кастуся Каліноўскага”. Глядзелі стужку і слухалі музыку затаіўшы дыханне. Дзея гэтага фільма разгортваецца ў заходніх губернях Расійскай імперыі, дзе ўспыхвае сялянскае паўстанне. Магнаты і шляхта падтрымліваюць сялян, бо імкнуцца да кіраўніцтва ды ўз’яднання з Польшчай. Аднак кіраўнік паўстання Кастусь Каліноўскі і граф Велькапольскі, які ачольвае шляхту, маюць розныя інтарэсы. На загад ваеннага генерал-губернатара Мураўёва на змаганне з паўстанцамі кінутыя казакі. Польскія канфедэраты і сялянскія атрады вымушаныя аб’яднацца, але толькі на пэўны час. Доля гістарычнай праўды ў стужцы ёсць, хоць і не трэба забываць, што гэта ўсё ж мастацкае кіно. Пукст яго, безумоўна, упрыгожыў сваімі музычнымі рэфлексіямі і голасам, які ён выкарыстоўваў рэдка, але вельмі дарэчы.
“Прастытутку” агучваў гурт Ilo&friends з Беластока, які напісаў цэлую псіхадэлічную рок-оперу паводле стужкі. Да жалю, у сюжэт унікнуць было няпроста, бо частка фільма была з перавернутымі тытрамі. Дзея стужкі разгортваецца ў пачатку 20-х гадоў. Яна развіваецца ў трох паралельных сюжэтных лініях. У іх расказваюцца гісторыі Любы, Манькі ды Надзеі, якія апынуліся на панелі праз жыццёвыя абставіны. Цікавасці прагляду дадае той факт, што частка стужкі была знятая ў рэальным прафілакторыі для прастытутак. Шыкоўнае агучванне стужкі вельмі спадабалася гледачам, Ilo&friends апладзіравалі вельмі доўга.
Не меншае захапленне публікі выклікаў і трэці паказ – “У агні народжаная” у суправаджэнні гурта Re1ikt. Музыкі ўзялі самую дзіўную стужку. У ёй апавядаецца пра першыя заваёвы бальшавіцкай улады на беларускіх землях. Сярод дзейных асобаў – генерал Булак-Балаховіч, “апошні нашчадак беларускіх князёў” Сапега, а таксама чальцы ўрада БНР, сярод якіх можна пазнаць, напрыклад, Вацлава Ластоўскага. Знаўцы кажуць, што гэта быў першы (і апошні) выпадак, калі ў савецкім кіно згадалі пра Беларускую Незалежную Рэспубліку ды паказалі бел-чырвона-белы сцяг. Забаўна, што ў стужцы адсутнічае як галоўны герой, так і ўцямны сюжэт. Нібы станоўчую ролю мусілі адыграць чырвонаармейцы, але іх вобразы не назавеш сімпатычнымі, часам яны падобныя да зомбі. Дарэчы, тагачасным чырвонаармейцам гэты фільм не спадабаўся і быў зняты з паказу. Re1ikt падчас агучвання расстаўляў свае акцэнты і дэманстраваў сваё стаўленне да падзеяў, якія адбываліся на экране. Асабліва пры канцы, калі на фоне бадзёрых прапагандысцкіх кадраў пра нараджэнне Савецкай Беларусі яны гралі пахавальны марш. “Дзякуй, Re1ikt! З вамі гэты фільм глядзець надзвычай цікава!” – захоплена казала пасля паказу кінакрытык Ала Бабкова.
Кіраўнік “Тузін.Немаўля” Сяргей Будкін паведаміў пры канцы, што да праекта таксама далучацца мастакі, якія створаць сучасныя плакаты да кожнага з трох фільмаў.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Воля Баркоўская