Культурны цэнтр «Грунтоўня» праводзіць серыю калядных майстар-класаў. Мастацтву выцінанкі, якое дапаможа цікава ўпрыгожыць жытло, вучыліся тут у суботу 13 снежня.
Выцінанка – гэта традыцыйнае беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якое знаёма большасці з нас з дзяцінства. Нават не ведаючы назвы «выцінанка», мы выразалі з паперы карункавыя сняжынкі і ўпрыгожвалі імі вокны. Аднавіць гэты вопыт і навучыцца выразаць больш цікавыя рэчы можна было на майстар-класе, які правяла ў «Грунтоўні» сябра Саюза майстроў народнай творчасці, выкладчыца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Марына Марчук.
Навучанне складалася з трох ступеняў. Для пачатку ўдзельнікам майстар-класа прапанавалі зрабіць ужо ўзгаданыя ўпрыгожванні ў крузе – сняжынкі і сурвэткі. Калі гэты этап быў пройдзены, перайшлі да ўпрыгожванняў у стужцы – фіранак, якімі нашы продкі ўпрыгожвалі вокны. Падзялілася Марына Марчук і сакрэтамі вырабу сюжэтных кампазіцый – сучаснаму спосабу ўжывання выцінанкі.
У гэтым, дарэчы, адзін з плюсаў выцінанкі. Для працы патрэбны толькі папера, нажніцы і ўласная фантазія, а ствараць можна што заўгодна – хоць сняжынкі, хоць складаныя дэкаратыўныя пано.
«Выцінанка – гэта, па-першае, нашы карані. Яны павінны пітаць і карміць, ад іх немагчыма адарвацца. Таму наша традыцыя павінна жыць, – падкрэсліла Марына Марчук у размове з карэспандэнтам «БГ». – Па-другое, гэта магчымасць самавыразіцца. Папера – даступны матэрыял, кожны з ім працаваў у дзіцячым садку. Мне здаецца, у нас нават ёсць генетычная памяць на кончыках пальцаў. І гэта даступна кожнаму. Хтосьці можа рабіць сілуэты, хтосьці – сялянскія вырабы. Мне здаецца, магчымасцей шмат».
Апроч знаёмства з мастацтвам выцінанкі, зараз у «Грунтоўні» вучацца рабіць калядныя маскі і танцаваць. «У нас ёсць серыя майстар-класаў па народных танцах, – расказаў адзін з супрацоўнікаў культурнага цэнтра Віктар Клімус. – Кульмінацыяй гэтай серыі стане калядная вечарына, якая адбудзецца 10 студзеня ў гарадскім Доме культуры. Майстар-класы праводзіць шточацвер вечарам калектыў рэканструкцыі сярэднявечных і беларускіх народных танцаў «Берасцейскі замак». Мы вучым па два-тры народных танца, гульні, таксама больш даведваемся пра музычныя інструменты, фальклорную спадчыну. Мінулым разам танцы праходзілі пад жывы гук, нам дапамагалі нашы сябры з музычнага гурта Cad Goddeu, часам танцуем пад аўдыёзапісы».
Апроч таго, у «Грунтоўні» можна навучыцца рабіць калядныя маскі. Праўда, заняткі ўжо пачаліся, таму папрацаваць прыйдзецца і самастойна, але супрацоўнікі культурнага цэнтра абяцаюць падзяліцца сваімі ведамі. «Калядныя маскі мы таксамі будзем выкарыстоўваць падчас святкаванняў. Мы збіраемся выйсці ў горад з рэканструкцыяй каляднага абрада. Толькі мы не будзем хадзіць ад хаты да хаты, у гарадскіх умовах гэта цяжка. Мы будзем прэзентаваць гэту традыцыю на гарадскіх вуліцах. І трэцяя тэма, за якую мы ўзяліся, гэта ўпрыгожванне інтэр’ера, традыцыйнае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, выцінанка», – адзначыў Віктар Клімус.
«Агулам мы ставім на мэце прыцягнуць больш увагі да беларускай культуры і неяк адаптаваць народную традыцыю да сучасных гарадскіх умоў, – распавёў ён. – Шмат якія элементы культуры ў горадзе губляюцца, таму што першапачаткова былі арыентаваны на сельскагаспадарчы ўклад жыцця. Але я лічу, і, думаю, калегі са мной пагадзяцца, што гэта велізарнейшы, унікальны пласт культуры, які робіць нас непаўторнымі і які нам трэба захаваць нават у сучасным тэхнічным свеце. Таму што гэта тое, што яднае нас з нашымі продкамі, робіць нас народам».
У гэтым месяцы грунтоўцы плануюць правесці майстар-клас па вырабе саламяных павукоў – традыцыйных калядных абярэгаў, якія вешаліся ў хатах. Магчымы і працяг майстар-класа па выцінанцы. Як падкрэсліваюць супрацоўнікі культурнага цэнтра, які больш за месяц працуе па адрасе вул. Дзяржынскага, 14, усё залежыць ад запытаў берасцейцаў.
Таццяна Гапеева, Брэсцкая газета