15 жніўня ёсць нагода выпіць: у гэты дзень у 1860 годзе ў беларускім Станькаве (цяперашні Дзяржынскі раён) нарадзіўся граф Караль-Ян-Аляксандр Эмерыкавіч-Захарыяшавіч-
Чапскі ўдасканаліў працэс вытворчасці піва, наблізіўшы яго да сучаснага. Усталяваў на заводзе паравы кацёл, паравую машыну, электрычнае асвятленне, заторны, фільтрацыйны і брадзільныя чаны. Драўляны бровар Рохлі Фрумкінавай (былая ўладальніца бровара) граф пераабсталяваў у лядоўню. З новым будынкам яго звязваў харчовы трубаправод, па якім зваранае піўное сусла адпраўлялася на браджэнне і выспяванне.
У гонар імянінніка сённяшняя «Аліварыя» выпусціла абмежаваную партыю (усяго 480 000 бутэлек) светлага элю «Аліварыя Юбілейнае» з насычаным соладавым водарам і ноткамі мускатнага арэха ў букеце. Прэзентацыя новага гатунку праходзіла ў кавярні «Аўстэрыя Уршуля», што знаходзіцца ў будынку Купалаўскага тэатра. І гэта таксама сімвалічна: менавіта падчас знаходжання графа Чапскага на пасадзе галавы горада было скончанае будаўніцтва гарадскога тэатра.
Паводле словаў генеральнага дырэктара ААТ «Піўзавод Аліварыя», Carlsberg Group, Дзяніса Шарсценікава, цёмны эль, які быў выпушчаны да 150-годдзя завода, ужо выпілі. І светлы эль пасля таго, як разыдзецца ўся партыя, больш варыць не будуць, «нават калі спажыўцы будуць прасіць».
На этыкетцы элю — выява радавога маёнтка Чапскіх у Станькава, дзе нарадзіўся і жыў Караль Ян і адкуль штодня ездзіў вярхом на бровар. «Аліварыя» возьме ўдзел у рэканструкцыі гэтага помніка сядзібна-паркавай архітэктуры XIX ст: прыкладна ў верасні-кастрычніку 2014 года пры падтрымцы бровара будзе адноўленая маляўнічая альтанка.
Этыкетка вылучаецца не толькі выявай альтанкі, але і тым, што ўся інфармацыя (назва і склад піва) пададзеныя на беларускай мове. На пачатку прэс-канферэнцыі, прысвечанай дэгустацыі новага гатунку, дырэктар Дзяніс Шарсценікаў (які да прызначэння на цяперашнюю пасаду ў 2013 годзе жыў і працаваў у Расіі) звярнуўся да журналістаў па-беларуску і адзначыў, што тэму беларускай мовы ў рэкламе ён бы не адносіў выключна да маркетынгу. У беларусаў, на думку Шарсценікава, у цэлым расце цікавасць да сваёй гісторыі і культуры, таму гэта вельмі арганічна, што вялікі брэнд выкарыстоўвае беларускую мову. «А той, хто здолее падлічыць эфектыўнасць асобнага элемента камунікацыі, той, думаю, атрымае Нобелеўскую прэмію», — такім быў адказ кіраўніцтва «Аліварыі» на пытанне аб эфектыўнасці беларускай мовы ў рэкламе.
Свежае піва натхніла на размовы пра піўныя святы і фестывалі, якія так папулярныя сёння ў Еўропе. «Учора адбылася Гільдыя півавараў, дзе ў ліку іншых пытанняў абмяркоўвалася пытанне адраджэння піўных фэстаў у Беларусі, — паведаміў Дзяніс Шарсценікаў. — Было выказана агульнае меркаванне, што ўсе хочуць, каб такія святы былі, і іх трэба рыхтаваць, планаваць, каб была добрая арганізацыя. Такім фестывалям неабходная падтрымка мясцовых уладаў, яны патрабуюць сур’ёзных выдаткаў».
«Асабіста я — за. Вельмі хачу, каб піўныя фэсты праходзілі не толькі ў сталіцы, але і ў многіх іншых гарадах, і каб такія святы былі арганізаваныя не толькі буйнымі прадпрыемствамі, але і мясцовымі невялікімі піваварнямі», — сказаў Шарсценікаў.
Кася Кірпацік, фота: Зарына Кандрацьева