Без Старога горада Брэст не можа сустрэць 1000-годдзе. Дзеля гэтага трэба ажыццявіць ідэю, якая даўно лунае сярод адмыслоўцаў і ўладнікаў. А менавіта: аднавіць старое Берасьце ў маштабе 1:10. Маштаб, зрэшты, можа быць і іншы.
Такія рэканструкцыі старых гарадоў папулярныя ў еўрапейскіх турыстаў
Якія перавагі ідэі? У чым палягаюць рызыкі і магчымыя страты, якія ўсё роўна замалыя, каб перакрыць веліч гістарычнага міні-горада? Пра гэта размаўляю з людзьмі, ад якіх у розны час чуў пра “Старое Берасьце ў маштабе”, — з мастаком Анатолем Жалудко і гісторыкам архітэктуры Ірынай Лаўроўскай.
Мастак
Анатоль Жалудко адрозніваецца ад многіх іншых дзвюма асноўнымі рысамі. Па-першае, ён не баіцца выказваць сваё меркаванне. За гэта яго не любяць людзі шэрыя, паслухмяныя. І з задавальненнем ззаду, са спіны па-сабачаму кусаюць ды пад’ядаюць. Па-другое, ён, нягледзячы на супрацьдзеянне навакольнага асяроддзя, якое часам набывае выгляд “жывой агароджы”, мае выразныя поспехі і дасягненні. Яны вынікаюць найперш з самачыннасці берасьцейца. У роднай вёсцы ён сабраў этнаграфічны музей з тысячамі экспанатаў, сёлета на 100-м кіламетры шашы М1 планава мае ўвайсці ў эксплуатацыю турыстычна-энтаграфічны комплекс “Наш родны кут Сабалі”, пабудаваны паводле канцэпцыі спадара Жалудко на грошы ягонага аднавяскоўца, уладальніка холдынгу “Трайпл” Юрыя Чыжа. Карціны Анатоля Жалудко высвечваюць з поля нябачнасці краявіды еўрапейскай Амазоніі, якой аўтар лічыць роднае Палессе, трагізм тутэйшай гісторыі, але і жаночую прыгажосць і годнасць. А ў Брэсце мастак не вычакаў-выклянчыў, — сам пабудаваў дом. У ім і размаўляем.
“Ідэю горада ў маштабе падглядзеў, шчыра кажу, за мяжой, — не хавае гаспадар. — Быў ва ўсталяванай Еўропе, на захад ад нас. Звярнуў увагу. У Брэсце былы гарадскі галава, Аляксандр Палышэнкаў, быў кінуў кліч: “Хто мае ідэі для будучыні горада — выказвайцеся!” Ну дык я і выказаўся”.
— “Карціну старога Берасьця таксама ў майстэрні бачыў”, — згадваю я. “Так, пакарыстаўся з падказак пэўных”, — адказвае мастак і распавядае пра лёс канцэпцыі міні-горада.
– Ідэя выклікала такую сабе хвалю цікавасці. Ну і дзякуй Богу, абы ёй, ідэі, на карысць. Гайдуковіч (архітэктар, кіраўнік аўтарскага калектыву па распрацоўцы канцэпцыі развіцця Брэста — Я.Б.) дык нават макет дзесьці ў архітэктурна-будаўнічым каледжы вырабіў са студэнтамі. Палышэнкаў з трыбуны гэтую ідэю як сваю агучваў…
— Дык нямала ў ёй пазітываў, атрымліваецца? — укліньваюся з факусіроўкай.
— Прынамсі, іх тры, — адгукаецца Анатоль Жалудко. — Па-першае, мы паядноўваем перарванасць гісторыі горада. Бо старажытны перыяд гісторыі прадстаўлены археалагічным музеем “Бярэсце”, а паміж ім і новай гісторыяй дзірка. Сярэднявечча няма. А з міні-Берасьцем мы яго набываем. І тым самым запаўняем жахлівы, трагічны гэты прагал.
Пусташ перад кляштарам бернардзінак
Па-другое, прывабна і тое, што такое аднаўленне гісторыі ў адпаведную кратнасць разоў танней за поўнамаштабную рэстаўрацыю. Асабліва калі ўлічыць, што няма патрэбы ў паўнавартаснай інжынернай інфраструктуры.
Па-трэцяе, Стары горад у маштабе здымае супярэчнасць паміж ім і цяперашнім Мемарыялам, пабудаваным на месцы ядра Старога Берасьця.
Выказваю меркаванне, што Стары горад-міні найлепш было б пасадзіць на Кобрынскім умацаванні як найбольшым сярод усіх прадмостных умацаванняў Брэсцкай крэпасці. Жалудко не згодзен: “Я лепш пасадзіў бы насупраць археалагічнага музея, цераз дарогу. Плошча там дазваляе. Заадно кляштар бернардзінак можна было б улучыць у ансамбль, пасля рэстаўрацыі. І дзейны жаночы манастыр там побач. Месца жывое. Ахоўваць лёгка”.
Калі размова заходзіць пра руіны кляштара, усплывае яшчэ адзін аргумент на карысць хай сабе і ў маштабе, але натуральна арыентаванай рэстаўрацыі Старога горада. Ірына Лаўроўская агучвала памеры храмаў, разбураных пры пабудове Брэсцкай крэпасці. Наколькі я ведаю, узяла яна іх з прац Квітніцкай, працытаваных у кнізе “Страчаная спадчына”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 2003-м годзе (яшчэ Міхась Ткачоў быў сярод укладальнікаў). Дык там памеры шмат якіх храмаў Берасьця пададзеныя: паводле Квітніцкай, яна знайшла іх у ваенным архіве. Царскія інжынеры зрабілі абсалютна дакладныя замеры аб’ектаў перад разбурэннем будынкаў. А больш адкрыццяў ніякіх нібыта не было.
У думках ужо пераходжу ад мэтра (ён усё сказаў) да згаданай ім архітэктаркі. Таму пярэчу ў згоднасці з Фройдам. А як жа, нічога не адкрылі! А падземны пераход ад былога Калегіюма іезуітаў да гарнізоннай царквы? Пра яго ж засведчылі людзі, што ёсць. У кніжцы маёй прагучала. І пра тое, што царкву з трэцяга разу толькі змаглі пабудаваць без трэшчынаў, бо патрапілі нарэшце на сярэднявечны падмурак, там таксама напісана. І пра выказванні нябожчыка айца Ігара… “Адкрылі, ды не адчынілі”, – канстатуе ўжо ў спіну мне мастак.
Архітэктар
З Ірынай Лаўроўскай гутару неўзабаве пасля яе Дня народзінаў. Таму ўслед гэтай нагодзе сведчу: паводле таго, як кажа, якія планы мае, то дасць яна фору шмат каму з маладых. А ў самачыннасці ды крытычнасці роўнацвёрдая майму колішняму суразмоўцу. “Адкуль тут узяўся Анатоль Жалудко? З якога боку? Калі быў “Стары горад”, калі ладзілі Фэст берасьцейцаў свету, яго не было, як помню”, — кажа гісторык архітэктуры і ідэю Старога Берасьця ў маштабе вызнае сваёй.
Ірына Лаўроўская
— У 1989-м годзе, калі ўвогуле не было ведаў пра старажытны горад, была такая канцэпцыя: збудаваць мадэль Старога Берасьця на адкрытым паветры. У прыватнасці, мы прыцэньваліся да месца каля кляштара бернардзінак. Хацелі аднавіць кляштар цалкам, а гістарычныя будынкі пасадзіць на створаных на мясцовасці астравах, як яны былі, і паказваць турыстам на чаўнах. Але археолагі ў 1993-м годзе акрэслілі гэтую тэрыторыю як зону надзвычайнай аховы, найбольш насычаную артэфактамі. Гэта абцяжарвае любое выкарыстанне пусташы каля кляштара бернардзінак. Тым не менш, не ўяўляю для маштабнай мадэлі старажытнага Берасьця іншай прыдатнай тэрыторыі, чым крэпасная.
Ірына Барысаўна згадвае і іншы макет Старога горада — выраблены мастачкай Анастасіяй Фяцісавай і экспануемы ў Мастацкай галерэі, і кажа пра аналагічную сітуацыю ў Польшчы.
— Важна, каб месца было значнае. Які ажыятаж быў, калі паведамілі, маўляў, знайшлі рэшткі берасьцейскай Ратушы! На жаль, адкрыццё аказалася фэйкам. Але зараз, пасля праведзенага больш грунтоўнага аналізу картаграфічных матэрыялаў, дзякуючы сучасным метадам ды інструментам, мы блізкія да таго, каб выявіць фрагменты фундаментаў берасьцейскай Ратушы. У 1566-м годзе яна знаходзілася дакладна па дыяганалі ад месца вылету вуліцы Кавальскай на гарадскі рынак. Цяпер месца гэта знаходзіцца пад кальцавой казармаю. Калі б удалося знайсці няхай толькі тры камені ад Ратушы, — гэта магло б стаць сімвалічным месцам перасячэння эпох і рэальным дотыкам да мінуўшчыны. Вось туды б і прывязацца з паказам, як гэта зроблена ў Кракаве. Там мадэль горада знаходзіцца на рынку, пад Ратушаю, і выкарыстоўваецца для больш нагляднай ілюстрацыі разбудовы горада, знішчальных пажараў, зменаў у гарадской прасторы. У гісторыі Берасьця такіх падзей процьма. Прыкладам, вынішчальныя пажары 1525, 1568, 1613 гадоў сталі нагодай да глабальных зменаў у планіроўцы горада. Дык чаму б не паказаць гэта?
Пытаю, ці канфліктуе ідэя віртуальнага (галаграфічнага, лазернага) аднаўлення Старога горада з канцэпцыяй міні-горада. Мая суразмоўца сцвярджае, што не. Больш за тое: “Не варта думаць, што мадэль можа замяніць іншыя спосабы паказу цудоўнага Старога горада. З дапамогаю кароткатэрміновай лазернай рэканструкцыі лёгка можна “дамаляваць” у прасторы Калегіум з касцёлам іезуітаў, царкву св.Пятра і Паўла. Тым самым спосабам можна падняць з забыцця першую мураваную царкву св.Мікалая, парафіяльны касцёл фундацыі князя Вітаўта, славутую берасцейскую сінагогу. Аднак гэта не павінна замінаць матэрыяльнаму ўвасабленню, рэстаўрацыі і кансервацыі будынкаў”.
Далейшыя развагі падымаюцца на больш сістэмны ўзровень. Як будзе адзначацца першае 1000-годдзе гісторыі горада? Кірмашы, каруселі, фейерверкі? Прыкладам, у 1994-м, калі збіраліся адзначаць 975-я ўгодкі горада, гарсавет і тагачасны старшыня гарвыканкама Іван Венцэль звярнуліся да розных арганізацый, у тым ліку і да ГА “Стары горад”, з заклікам уносіць свае прапановы ў праграму святкавання.
“Мы прапанавалі, як на сёння, дык фантастычныя ідэі. Амаль усе яны — і Фэст берасьцейцаў свету, і навукова-практычная канферэнцыя, і тэатралізаванае шэсце, і яшчэ шмат што — былі ўлучаныя ў праграму і, нягледзячы на пэўныя непаразуменні, паспяхова праведзеныя, — узгадвае Ірына Лаўроўская. — Тады быў час распазнання месца Берасьця ў еўрапейскай гісторы. У нашай арганізацыі быў нават такі слоган: “Стары горад у новай Еўропе”. Сёння прыналежнасць нашага горада да Еўропы не выклікае ані пытанняў, ані сумніваў. Але сёння іншая сітуацыя і іншыя патрэбы. На маю думку, трэба тэрмінова стрымаць распаўсюд у гарадской візуальнай прасторы вульгарнасці і міфаў, замяняючых праўдзівую гісторыю. Вельмі важна, каб навукова абгрунтаваныя звесткі назапашваліся, і ўжо на іх грунтаваліся праграмы папулярных, навучальных, мастацка-вобразных рэканструкцый. А не наадварот. Таму наспела і востра адчуваецца патрэба ў энцыклапедыі Брэста. Дарэчы, кіраўніцтва выдавецтва “Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пацвердзіла, што яны гатовыя зрабіць выданне. Дык чаму Брэсту не стаць першым у краіне горадам са сваёй энцыклапедыяй?”
Пытаю: а што, ёсць новы матэрыял? І што можна сказаць пра публікацыі Алены Квітніцкай?
“Спадарыня Квітніцкая зрабіла велізарны ўнёсак у гісторыю архітэктуры Беларусі і Берасьця ў прыватнасці, — адказвае Лаўроўская. — Яна зрабіла доўгачаканае і адначасова нечаканае адкрыццё прыхаваных архіўных крыніц цалкам знішчанага горада. Была першай, хто адкрыў свету вочы на архітэктуру Берасьця, знішчанага ў ХІХ стагоддзі расійскай імперыяй. Яе праца натхніла і мяне. Але відавочна, што я пайшла значна далей. І ў аналізе планіровачнай структуры горада, і ў рэканструкцыях, выкананых на падставе пісьмовых і іконаграфічных крыніц, параўнанняў і аналізу, і ў выяўленні цэлага шэрагу жыллёвых і гаспадарчых ансамбляў”.
Вяртаюся да ландшафтнай мадэлі Старога Берасьця і яе каранёў. Пытаю пра найразлеглае з усіх прадмостных умацаванняў, Кобрынскае. А ці не падыйшло б найбольш яно для мураванага міні-Берасьця?
“Галоўная наша задача — не нашкодзіць, — быў адказ. — На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання я вызначыла б некалькі функцыянальных зон, дзе напэўна хапіла б месца для размяшчэння мадэлі. Але трэба ўзважыць. Бо бачу неабходнасць вельмі тактоўнага і сэнсоўнага выбару месца. А тэрыторыя Кобрынскага ўмацавання з кляштаром сс.Брыгідак, на маю думку, мала прыдатная менавіта ў эмацыйным і маральным сэнсе. Тут у царскія часы і пад таталітарным камунізмам былі замучаны сотні нашых дзядоў і прадзедоў. Тут загінулі і шматлікія абаронцы крэпасці. Менавіта таму пры выпрацоўцы канцэпцыі рэвіталізацыі гістарычнага цэнтра Берасьця я прапанавала адбудову касцёла і кляштара з функцыямі класічнай філармоніі: такая музыка, на маю думку, найбольш тут да месца”.
Пытаю: чаму, як на меркаваньне доктара урбаністыкі, не адкрыюць для турыстаў засведчаны падземны ход паміж руінамі Інжынернага ўпраўлення і гарнізоннай царквой? Адказ уразіў з другога сказу:
— Ідэя адкрыцця турыстычных маршрутаў падзямеллямі гістарычнага цэнтра вельмі прывабная, і думаю, што ў перспектыве так яно і будзе. Нядаўна аматары гісторыі знайшлі яшчэ адзін ход (казаў пра “як бы адзін адчынілі”, а тут: адкрылі яшчэ! — Я.Б.): ад былога касцёла іезуітаў у бок іншага першага парафіяльнага касцёла Уздвіжання св.Крыжа. Калі іезуіты і рабілі нейкія пераходы, дык хутчэй функцыянальныя, напрыклад, паміж касцельнай крыптай і званіцай. Трэба разумець, што існуе другі, больш глыбокі пласт горада — яшчэ больш старадаўнія падмуркі, сутарэнні. Толькі на вуліцы Кавальскай (на якой збудаваны Калегіум іезуітаў) да яго пабудовы існавала 150 жылых будынкаў, рамесніцкія майстэрні, аптэка, крамы. Кожны з іх напэўна меў сутарэнні. Толькі не варта паддавацца фантазіям там, дзе няма ведаў. Спачатку даследаванне — рэалізацыя потым.
А наша дзяржава не рупіцца, не бярэцца — дык гэта хіба таму, што не заўжды або недастаткова разумее выгаду, мяркуе Ірына Лаўроўская. І ведае, як гэтаму дапамагчы: “Прапаную стварэнне ў Брэсце міжуніверсітэцкай кафедры праблем горада. Бо вядома: калі рашэнні прымаюцца “ўцёмную”, яны найчасцей неаптымальныя і неэфектыўныя”.
Рэзюмэ
Як бачым, Брэст можа стаць першым у краіне горадам са сваёй мікрамадэллю, першым горадам са сваёй энцыклапедыяй… Усё гэта наш горад заслужыў — сваім 1000-м векам, але найперш тым, што быў дазвання знішчаны — сцерты з зямнога аблічча. Да яго тысячагоддзя мы абавязаны хоць як, хоць часткай загладзіць гэтую прапаліну ў калектыўным нашым берасьцейскім сэрцы. Каб горад паўстаў з попелу, як птушка Фенікс.
Яўген Бялясін, bk-brest.by