22.07.2014 | Грамадства

У чым прычына ўсіх нашых праблемаў? У вышыванках

І ў яркіх творцаў бываюць відавочныя правалы. Менавіта так я б ацаніў гэты тэкст Бахарэвіча.  У ім аўтар палымяна накінуўся на вышыванкі, якія для яго сталі злавеснай прыкметай антыэўрапейскасьці і ўсіх клятых традыцыйных каштоўнасьцяў.

Віталь Цыганкоў. Фота: Ягор Маёрчык«Мода на яе азначае, што ўсё было дарэмна. Што вышываначная Беларусь чарговы раз перамагла тую, пра якую мы некалі марылі. Вышыванка зрабілася нечым кшталту ўніформы для прыхільнікаў «крыві і глебы», — піша Альгерд.

Увогуле, забаўна, як нейкая тканіна з нацыянальным узорам можа выклікаць такія глыбокія і трагічныя пачуцьці. Хутчэй не забаўна, а дзіўна і нават крыўдна за аўтара, які паспрабаваў перакуліць усё дагары нагамі. У нашых, беларускіх, умовах вышыванкі прапагандуюць прыхільнікі якраз эўрапейскіх каштоўнасьцяў, якія бачыць тут добрую і прымальную для большасьці этнаграфічную знаходку для рэклямы беларускага. Як саломка, ці дранікі, ці агратурызм. Няўжо Альгерд, калі есьць дранікі — адчувае сябе «прыхільнікам крыві і глебы»?

Да таго ж у сучаснай модзе існуе трэнд на «этна» (Альгерд, вядома, можа пра гэта ня ведаць). Розныя фірмы — Cottonfield, Promod, а пэўна, і іншыя, я тут не вялікі адмыслоўца — выпускаюць цэлыя лініі адзеньня з арнамэнтамі і этнаграфічнымі малюнкамі. І што, афрыканскія матывы ў адзеньні — нармальна, а беларускія — ой, страшна, ой, фашызм?

У большасьці эўрапейскіх народаў людзі маюць у сваім гардэробе нацыянальныя строі ды ўбіраюцца ў іх прынамсі некалькі разоў на год — як баварцы, швайцарцы, гішпанцы, шатляндцы. Альгерд у сваім тэксьце прыводзіць прыклад літоўкі, якая пасьмяялася зь нейкага неназванага беларускага паэта ў вышыванцы. Больш няўдалага прыкладу, відаць, немагчыма прыдумаць — у літоўцаў нацыянальныя строі, відаць, у кожнай другой сям’і, у беларусаў — наўрад ці ў кожнай дваццатай.

«Наадварот: той, хто надзявае вышыванку, абірае так званыя традыцыйныя каштоўнасьці, а іхным прыхільнікам на нейкае асобнае „я“ заўжды было напляваць. Ці камянямі закідаць. Традыцыйныя каштоўнасьці лёгказасваяльныя, і на іх трымаецца сьвет: што б мы ўсе рабілі бязь мілых нашаму сэрцу хатняга гвалту, цемрашальства, рэлігійнага фанатызму, моцнай рукі, ксэнафобіі і г. д.!» — піша Альгерд.

Ну, гэта прыкольная лёгіка, — дакладней, яе поўная адсутнасьць. А хто носіць джынсы — той прыхільнік свабоды? А хто надзеў кароткую спадніцу — тая прастытутка? Я вось быў добрым чалавекам і лібэралам, а надзену вышыванку — і займуся хатнім гвалтам папалам з рэлігійным цемрашальствам?

Любячы амаль усё, што піша Бахарэвіч, я ў сваім жыцьці сустрэў толькі два няўдалыя (і па сэнсе, і па аргумэнтацыі) ягоныя тэксты. Адзін быў пра нейкі страшны беларускі фашызм, другі — пра вышыванкі. Вядома, гэта права аўтара нястомна змагацца з традыцыйнымі беларускімі каштоўнасьцямі, калі менавіта ў іх ён бачыць самую вялікую пагрозу для нашай эўрапейскай пэрспэктывы. Але выбіраць тут вышыванку ў якасьці грознай мішэні — як мне здаецца, недарэчнасьць.

 

Віталь Цыганкоў


Адзін каментар у “У чым прычына ўсіх нашых праблемаў? У вышыванках”

  1. migel says:

    Ніколі не чытаў гэтага Бахарэвіча, а зараз прачытаў і проста афігеў… можа гэта піяр такі крывы??

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика