У выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла кніга знанага амэрыканскага пісьменьніка Курта Вонэгута “Бойня №5” у перакладзе на беларускую мову Паўла Касьцюкевіча. Спадар Касьцюкевіч ужо добра вядомы беларускаму чытачу дзьвюма кнігамі перакладаў зь іўрыту сучасных ізраільскіх літаратараў і зборнікам уласнай прозы “Душпастырскія спатканьні для дачнікаў”. Сёньня – ён госьць нашай менскай студыі.
Валянціна Аксак: “Спадар Павал, чым вас прывабіў раман Курта Вонэгута “Бойня №5?”
Павал Касьцюкевіч: “Перакладаць амэрыканскую літаратуру хацелася заўсёды і я яе пачаў перакладаць значна раней за ізраільскую. Мне тады падавалася, што тое, што ляжыць пад нагамі, ня вартае перакладу, у чым я потым шчасьліва памыліўся. Але сьпярша ўсё ж было жаданьне перакладаць творы зь вялікіх літаратур – як то амэрыканская, французская альбо польская. А паколькі я ведаю ангельскую, дык вырашыў адразу перакладаць Курта Вонэгута. Ён прывабіў мяне надзённасьцю сваёй праблематыкі для Беларусі, у якой па-ранейшаму Другая сусьветная вайна зьяўляецца краевугольным каменем у гісторыі. Хацелі б мы гэтага ці не хацелі – але яно так. І таму голас чалавека, які перажыў гэтую вайну, і які мае штосьці сказаць адрознае ад афіцыйнага, вельмі прываблівае. Тут ў чымсьці можна параўнаць Вонегута з Быкавым – прыватны голас чалавека пра вайну”.