У верасьні менскае прыватнае выдавецтва «Логвінаў» распачынае новы вялікі кніжны праект, у якім плянуе перавыдаць усё лепшае, што было створана ў беларускай літаратуры. Куратар праекту – знаны філёзаф, культуроляг, літаратуразнаўца, пісьменьнік і проста апантаны кнігалюб Валянцін Акудовіч. Пра мэты і маштабы праекту яго распытвала Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: «Спадар Акудовіч, у вашых намерах выдаць у новым праекце ўсё лепшае зь беларускай літаратуры. Расшыфруйце, калі ласка, што ўключае ў сябе азначэньне «ўсё лепшае»?
Валянцін Акудовіч: «У сваю пару я, як усякі безграшовы чалавек, засынаючы марыў, што зь неба мне зваліцца шмат грошай. І сярод таго, на што я іх патрачу, паўставала думка, што я выдам прыватную бібліятэку В. Акудовіча. Іншымі словамі, я выдам усё тое, што я люблю ў беларускай літаратуры. І тут мне раптам прапануюць зрабіць тое, пра што я мроіў, бо выдавецтва мяне ня надта абмяжоўвае. Разам з тым, я не зьбіраюся зрабіць ніводнага кроку ў канфрантацыю з выдавецтвам, калі тая ці іншая кніжка, той ці іншы аўтар выдавецтву не спадабаецца».