21.02.2017 | Байнэт

У Дзень роднай мовы Юрый Жыгамонт вярнуўся да падарожжаў па Беларусі (Відэа)

Вядомая праграма «Падарожжа дылетанта» вяртаецца да вандровак па  Беларусі. У Дзень роднай мовы, 21 лютага выйшаў новы выпуск, які расказвае пра адно з незвычайных месцаў нашай краіны – вёску Баруны Ашмянскага раёна. Гэта даўняе славутае паселішча, вядомае цудадзейным абразам Маці Божай і базылянскім кляштаром, дзе дзейнічала знакамітая на ўсю Рэч Паспалітую школа.

Абраз Маці Божай у Барунах упершыню ўзгадваецца яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя. Першы цуд пры ім адбыўся ў 1691 годзе. Вестка пра тое, што ў Барунах у царкве ёсць абраз маці Божай, пры якім людзі атрымліваюць цудоўныя выздараўленні ад цяжкіх і невылечных хвароб, разляцелася па ўсёй Рэчы Паспалітай. У 1693 годзе сюды прыязджаў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Цыпрыян Жахоўскі, каб пакланіцца цудадзейнаму абразу.

Да нашых дзён у Барунах захаваўся адметны архітэктурны комплекс касцёла і базылянскага кляштара. Гэты храм будаваўся як уніяцкі і лічыцца адным з найбольш дасканалых узораў Віленскага барока. Пасля яго перадалі праваслаўнаму духавенству, а калі вёска апынулася на тэрыторыі Польшчы, то храм стаў ужо касцёлам. Сёння ён носіць назву святых апосталаў Пятра і Паўла.

У праграме «Падарожжа дылетанта» вядучы Юрый Жыгамонт па традыцыі распавядае цікавыя гістарычныя факты пра беларускія вёскі, гарады і мястэчкі. Новая старонка ў гісторыі праграмы пачалася ў студзені 2017 года. Цяпер «Падарожжа дылетанта» ствараецца пры падтрымцы velcom і выходзіць на партале TUT.BY два разы на месяц. Першыя два выпускі былі знятыя ў Празе і прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика