Прайсці цікавы квэст і даведацца пра рамантычныя гісторыі беларускай сталіцы прапануе каманда Шукай.BY.
14 лютага ў Мінску стартуе новы гарадскі квэст — Шукай.BY. У Дзень усіх закаханых мінчукі выйдуць на шпацыр па гістарычным сэрцы сталіцы, каб, разгадваць цікавыя заданні і даведацца пра легенды і паданні, якімі поўніцца наш старажытны горад. Гульня, у цэнтры сюжэта якой будзе каханне, стане выдатным падарункам на Дзень святога Валянцiна!
Сутнасць гульні: у пэўны час апынуцца ў месцы старту, выйсці на сайт квэсту, націснуць на кнопку “пачаць” і, разгадваючы загадкі, ісці па маршруце. Тэксты будуць на расійскай і беларускай мовах.
Адметнасць гульні “Дзе ў Мінску жыве каханне” ў тым, што яна не на час і не на вынік. Удзельнікі змогуць атрымліваць асалоду ад самога працэсу разгадвання. Можна затрымлівацца ля славутасцяў ці зрабіць перапынак на кубачак кавы — значэнне маюць толькі горад, каханне і задавальненне. Але нават у павольным тэмпе выкананне квэсту не зойме больш за 2-3 гадзіны.
“Мы хацелі стварыць умовы для таго, каб моладзь магла перазнаёміцца, — адзначыў адзін з арганізатараў Яраслаў Ліхачэўскі. — Натуральна, што ў такі дзень не варта сядзець дома і наракаць на лёс. А вось шпацыр па горадзе — удалая альтэрнатыва. Тым больш што ў захапленні гульнёй так нескладана захапіцца тым, хто поруч”.
Вось вам і “празрысты” эківок на тое, што стваральнікі паклапаціліся і пра парачкі, і пра тых, хто яшчэ не знайшоў спадарожніка. Тэксты заданняў у хлопцаў і дзяўчат будуць крыху адрознівацца. Таму, каб прайсці квэст, ім давядзецца аб’ядноўвацца. Добрая нагода пашукаць сабе пару — ці з сабой бярыце, ці цягам гульні прыглядзіце.
Для перакананых сацыяпатаў ці капрызных удзельнікаў, каму не прыйдзецца даспадобы ніводны гулец, у квэсце будзе прадугледжаная функцыя “гуляць за іншага чалавека”. Такі чынам удзельнік атрымае ўсе неабходныя дадзеныя ў адны рукі.
І наперад — адкрываць для сябе таямніцы старога горада! За пару гадзінаў мiнчукі і госці сталіцы даведаюцца пра закаханага лесуна Пана, як Свіслач накарміла Менеска каменнымі пірагамі, пра русалку ў рацэ і Цмока, што крадзе дзяўчын.
Каб узяць удзел у гульні, трэба зарэгістравацца на сайце shukaj.by. Але будзе магчымасць прайсці квэст i ў мiнакоў, што вырашаць далучыцца пасля пачатку. Праўда, падарункі і пачастункі на фінішы атрымаюць толькі тыя, хто папярэдне зарэгістраваўся.
Пошукі прыгодаў будуць бясплатнымі — такі незвычайны падарунак зрабіла каманда Шукай.бай для беларускай сталіцы. Ды і спецыяльна рыхтавацца да гульні не трэба.
“Дзе ў Мінску жыве каханне” пачнецца на Плошчы 8 сакавіка з 12 гадзін 14 лютага.
Увага! Паклапаціцеся пра цёплую вопратку і абутак. Усё ж такі люты — не травень! Таксама загадзя падумайце пра тое, каб у самы цікавы момант у вашых гаджэтах не села батарэйка.
Дарэчы, расфарбоўваць шэры горад легендамі Шукай.бай збіраецца яшчэ не аднойчы. У планах суполкі ладзіць квэсты і рабіць аб’ёмнай гісторыю па ўсёй краіне.
«Вядома, мы будзем развівацца як камерцыйны праект, але гэта будзе бізнес, накіраваны на развіццё грамадства. Наша галоўная мэта — данесці да беларусаў і замежнікаў нашу гісторыю, нашы легенды. Мы бачым, што трэба рабіць нейкі беларускі нацыянальны прадукт», — патлумачыў Ліхачэўскі.
Марыя Грыц