“Wake Up”, “Decapitator”, “Monitor Lizard”, “Браты Халодныя”… – назвы, якія ўжо амаль нічога не гавораць нават тым нашым сучаснікам, якія ўсур’ёз цікавяцца музыкай. Тым не менш менавіта іх эксперыменты з хардкорам заклалі фундамент сталай гарадзенскай андэграўнд-культуры ў 90-х. Пасля былі “Кальян”, Deviation , “Lасты Куsто”, “Contra la Contra” – цалкам іншы пласт ужо панк-традыцыі.
Супраць каго і чаго бунтуюць гарадзенскія музыкі? Пра які свет спяваюць? Што адбываецца з бунтам, калі яго сустракае рынак? Запрашаем на чарговае мерапрыемства ў рамках серыі сустрэч, прысвечаных гарадской культуры Гародні.
Як час змяняў гарадзенскія творчыя супольнасці, а супольнасці – гарадскую прастору? Калі няма андэграўнду, якая сіла прымушае творцаў біцца за важныя каштоўнасці? Як культура і субкультура дапамагаюць ствараць “душу і цела” горада?
Пра гэта і не толькі – падчас творчай сустрэчы з вядомымі музыкамі Гародні, якая адбудзецца 17 кастрычніка ў мастацкай галерэі “Крыга” (вул. Савецкая, 3-11).
Гародня як малавядомая сталіца беларускага андэграўнду 90-х паўстае ў размове з музыкам, паэтам і журналістам Алесем Дзянісавым. Эксклюзіўна і спецыяльна перад творчай сустрэчай толькі на budzma.by!
Слухалі “Мрою” і супрацьстаялі гопнікам
– Як ты сам трапіў у андэграўнд-тусоўку?
– У 11-м класе, а быў гэта 1992-і, я пачаў адрошчваць валасы. Пачатак 90-х – гэта час росквіту трэш-металу, таму сярод “нефармальнага люду” было шмат металістаў. Усе гэтыя заходнія плыні хутка даходзілі да Гародні: бо тут было польскае радыё, тэлебачанне, людзі туды-сюды ездзілі. Тады не было нейкіх падзелаў па напрамках. Усе нефармалы тусаваліся разам, слухалі трэш-метал, адначасова – Цоя, Шаўчука, “Мрою” і супрацьстаялі гопнікам.
– Хто такія гопнікі?
– Камсамолу з чырвонымі павязкамі ўжо не было, а гопнікі – гэта моладзь з невялікім інтэлектам, якая слухала шансон альбо “Ласковый май” ды хацела камусьці “наваляць”.
Я ўжо фактычна не застаў часу “раёнавання”, то бок падзелу моладзевымі групоўкамі горада на раёны з наступнымі канфліктамі. Рок-музыка ў нейкім сэнсе акурат аб’яднала людзей з розных раёнаў, такі геаграфічны падзел пайшоў на спад у пачатку 90-х. Заставаліся некаторыя раённыя групоўкі, але яны былі ўжо анахранізмам. Былі, напрыклад, “качкі” з групоўкі “Бетон” – яны займаліся спортам і рэкетам. “Аджымалі” кіёскі, стралялі адзін аднаго…
“Праходзь, цяпер ты свой”
– Дзе збіраліся гарадзенскія нефармалы?
– Асноўнае месца, куды маглі прыйсці музыкі, мастакі, – так званая “Кофейня” на Віленскай у Старым горадзе. Там гатавалі каву на пяску, шмат людзей тусавалася розных музычных поглядаў. Калі я прыйшоў туды, мяне шчыра прынялі. Макар з гурта “Seven “B” сустрэў каля ўвахода і сказаў нешта кшталту: “Праходзь, цяпер ты свой”. Я яшчэ нічога не граў, так, у школе толькі нешта брынькалі на гітары.
Наогул, для мяне тады, калі ты насіў доўгія валасы ды падрапаныя джынсы, ты быў “сваім чалавекам”. Усе тады былі разам праз агульную бяду: у любы момант можна было атрымаць па галаве толькі за свой выгляд.
– А калі пачаў граць прафесійна?
– У 1994-95 я пачаў займацца ў студыі гітары і пачаў граць разам са знаёмым хлопцам – Дзімам Рачыцкім. Ён граў небунтарскі папсовы рок-н-ролл. Для сваёй музыкі ён быў таленавітым музыкам, але ўсё гэта было не маё. Мне было класна таму, што я вучыўся і мог развівацца. Пару гадоў пайграў, кінуў, ну і сышоўся з Вундэрам у 96-м, з якім мы і зрабілі “Кальян”. Знайшлі Юлю, якая вельмі хацела навучыцца граць на бас-гітары, потым далучыўся акардэаніст Андрэй “Сокал”… Першым бубначом, дарэчы, у нас быў Стасік Пачобут! Знайшлі кропку для рэпетыцыяў у СШ №1. Пасля перакалясілі паўгорада, бо “кропку” было складана знайсці .
– То бок былі праблемы з тым, каб знайсці месца для рэпетыцыяў?
– Праблемаў з “кропкамі” было неяк больш, чым цяпер. Не было тады асабліва шмат фірмаў альбо прадпрыемстваў, якія б здавалі нешта ў арэнду. Таму шукалі нейкія ПТВ, школы, падвалы, гаражы… Калі ты працаваў на прадпрыемстве – мог неяк дамовіцца, інакш складана. Плюс вельмі складана было з апаратурай, можа, не так, як у 70-80-я, але значна складаней, чым цяпер.
“Кафейню” неўзабаве зачынілі, а калі адчынілі зноў, яна ўжо перастала быць культавым месцам. Звычайна людзі сустракаліся на канцэртах: у кінатэатрах, у ДК “Юнацтва”, ДК тэкстыльшчыкаў альбо ў Палацы піянераў. Значная частка нефармалаў тусавалася ў скверыку каля плошчы Савецкай. Знакамітая “Клетка” ў парку Жылібера з’явілася ўжо ў 2000-х.
Не даяце пляцоўкі? Ну і фіг з вамі!
– Як уплываў андэграўнд на культурнае жыццё ў горадзе?
– Складанае пытанне… Думаю, што ніяк. Андэграўнд ёсць андэграўнд. Выхадаў на нейкія сцэны і фестывалі не было, ды і фестываляў тады асабліва не было.
Для большасці тусоўкі андэграўнд быў паказчыкам незалежнасці. Мы не хацелі залежаць ад месцаў, падзеяў, людзей. Не даяце нам пляцоўкі? Ну і фіг з вамі!
Найбольш палітызаваная частка тусоўкі стварыла Канфедэрацыю дзейных суполак “Разам”, якая арганізоўвала і пратэсты супраць ГЭС, і флэшмобы ў абарону свабоды слова, зрывалі судовыя паседжанні, і шмат чаго іншага. Тады адбыўся яшчэ адзін раскол – бо палова тусоўкі гэтага не прыняла.
– Гарадзенская нефармальная тусоўка неяк адрознівалася ад мінскай?
– Дагэтуль усе кажуць, што Гародня – сталіца панк-року, радзіма анарха-панку, сярод нацыкаў ходзяць чуткі, што да нас лепш не прыязджаць, бо можна адхапіць. Насамрэч гэта ўжо не зусім так, як раней. Трэба быць шчырымі. Але горад застаўся вядомы тым, што ўсё новае да нас прыходзіла хутчэй: першыя эксперыменты з хардкорам, цікавыя электронныя праекты… А калі браць трохі раней… Той жа Макар і “Seven “B” наогул маглі б выйсці на сусветны ўзровень! Не было ўмоваў.
Тут было шмат класных музыкаў. Панкі ў нейкім сэнсе панізілі планку – гэта вельмі дэмакратычны стыль, дзе прынята лічыць: “Я ўмею граць тры акорды, і гэта крута!” Няважна, як ты граеш, галоўнае – пра што ты спяваеш. Наогул, было шмат добрых музыкаў, якія, на жаль, не пайшлі далей.
Беларуская мова – мова пратэсту!
– А ў плане беларускасці ў параўнанні з Мінскам? Больш яе тут было ці менш?
– Яшчэ адно адрозненне: тут было заўсёды мала беларускамоўных гуртоў. Большасць людзей у першай палове 90-х наогул спявала па-ангельску. ThePost, які спяваў па-расійску, быў нечым несамавітым. Першыя гурты, якія заспявалі па-беларуску, – гэта панкавыя “Кальян” і Devation. Яны прарвалі своеасаблівую блакаду беларускай мовы ў Гародні.
– Як у вашу тусоўку тады наогул трапіла беларускасць?
– Беларушчына ў тусоўку трапляла праз анарха-панкаў. Я калісьці пытаўся ў Стаса Пачобута, маўляў, чаму па-беларуску? Ён сказаў: “Гэта свая мова, хоць я і паляк, а ўсе навокал размаўляюць па-расійску… але жыву я ў Беларусі”.
– Калі б усе навокал размаўлялі па-беларуску і прыціскалі расійскамоўных, размаўлялі б па-расійску?
– Так, гэта была мова пратэсту. Тады сам факт таго, што ты спяваеш па-беларуску, шакаваў. Гэта было “дрэнна”, “непаліткарэктна”, “апазіцыйна”… Цяпер сітуацыя з музыкай змянілася ў лепшы бок, хоць, што цікава, у 90-х беларушчыны на афіцыйным узроўні было значна больш: былі ж класы, падручнікі і г.д.
У анарха-панк-тусоўку я “вхож”, але я сам па сабе…
– Ці існуе нефармальны рух у Горадні цяпер?
– У разуменні 90-х – канечне, не. Не вельмі люблю гэтае слова, бо кожны бомж – таксама нефармал, ён супраць сістэмы…
– Добра, андэграўнд.
– Ведаеш, да нас некалі прыязджалі палякі і расказвалі, як у іх развальваліся суполкі. Мы здзіўляліся: “Як? Вы ж такіх самых поглядаў, слухаеце тую самую музыку!” А потым мы самі прыйшлі да гэтага. Цяпер нават нейкія рэшткі гарадзенскіх анціфа-скінхэдаў – і тыя падзеленыя…
Што мне не падабаецца? Па-першае, адсутнасць моцнай пазіцыі па палітычных пытаннях. Гэта не значыць, што трэба спяваць пра палітыку, але трэба мець пазіцыю. Як, напрыклад, можна граць у моладзевым цэнтры бээрэсэмаўскім? Для нас гэтае пытанне б нават не абгаворвалася.
– Але тусоўкі нейкія існуюць, не?
– Цяпер шмат тусовак, але гэтыя людзі не аб’яднаныя паміж сабой, не цікавяцца адно адным. Я, напрыклад, займаюся скейтбордамі, нас 15 чалавек, і ўсё на гэтым, а да рэпераў нам няма справы, разумееш? Ёсць анарха-панк-тусоўка, я туды “вхож”, але я там ужо не зусім свой. Мяне могуць паклікаць на канцэрт, мы можам дапамагчы адно аднаму, але не больш за гэта. Яны таксама ператварыліся фактычна ў закрытую секту, якая не робіць актыўных сацыяльных дзеянняў, акрамя, можа, “Ежы замест бомбаў” – гэта іх адзіны выхад на грамадства.
Моладзь павінная гарэць, а яны ходзяць у вузенькіх нагавіцах
– Цяпер, калі ты бачыш на вуліцы патлатага чувака ў рваных джынсах, табе гэта нешта кажа пра яго?
– Раней выгляд быў не толькі візітоўкай, але і фактарам рызыкі – за гэта можна было “адхапіць”. Ты ішоў з выкінутым сцягам альбо адкрытым забралам, бо грамадства не ўспрымала цябе. Цяпер выгляду надаецца большае значэнне, але акурат у сэнсе “шмотніцтва”, пагоні за фірмамі і г.д. Сёння палова людзей ходзіць у рваных джынсах, бо такая мода. За завушніцы цябе раней лічылі п…сам, калі бачылі тату, казалі:“Ты зэк”, а сёння гэта сустракаецца на кожным кроку. Выглядам сёння ты ніякага пратэсту не зробіш.
Цяпер сярод моладзі папулярнае хіпстарства: слухаць The Toobs, Akute і г.д. Я не кажу, што гэта дрэнна, але хіпстарства – нейкі вялы і хілы духам рух. Можа, я ўжо старпёр і пачынаю нагаворваць… Але мне заўжды падавалася, што моладзь павінная гарэць, змагацца, варушыцца. А яны сабе ходзяць у вузенькіх нагавіцах, са сваімі прычасонамі, а позіркі нібыта кажуць: “Не чапайце мяне!”
Размаўляў Алесь Кіркевіч, фота – Хрысціны Марчук, з архіва Алеся Дзянісава