Хутары набываюць сёння многія, але асобныя гаспадары ствараюць вакол іх уласнае культурнае жыццё. У сядзібе Вайцюшкі не першы год ладзяцца хатнія музычныя фэсты, на некаторыя з якіх можна паспець яшчэ гэтым летам!
Сядзіба Змітра Вайцюшкевіча хаваецца ў лесе пры самым беразе Нёмана і знаходзіцца непадалёк ад горада Бярозаўка, за 170 кіламетраў ад Мінска. Старую хату артыст набыў тут яшчэ восем гадоў таму, калі з’явілася патрэба ва ўласным куточку: «Гэтыя мясціны я ўспрымаю як сваю радзіму, дзе пахаваныя мае бацькі, якія родам з суседняй Бярозаўкі. А я, адбыўшыся, сюды вярнуўся, – кажа Зміцер. – З хутарам звязаная цікавая гісторыя. Калісьці ў маладыя гады мой бацька заляцаўся да дачкі гаспадара гэтай хаты і часам куляў тут чарку». Хата паступова рамантавалася, абрастала рэчамі і набывала сваю атмасферу, а сям’я Вайцюшкевічаў адчула сябе сапраўднымі хутаранамі: «У хутарскіх іншая ментальнасць, гэта дакладна. Яны па-іншаму сустракаюць гасцей і праводзяць, гэта цэлая філасофія жыцця на ўскрайку, наводшыбе. Калі ў мяне пытаюцца, ці не баімся мы тут жыць, то я кажу, што пад Мінскам жыць страшней, бо тут людзей няма, а зайцоў баяцца няма сэнсу”, – разважае Зміцер.
Збіраць сяброў на Каляды, Купалле ды на ўласныя канцэрты пад адкрытым небам артыст пачаў, калі трапіў у «чорныя спісы» і пазбавіўся магчымасці выступаць. Раней у такіх сітуацыях музыкі пераходзілі на фармат кватэрнікаў, цяпер жа з’явіліся «сядзібнікі», якія нечым нагадваюць пра адраджэнне шляхетных традыцый з нетаропкімі летнімі забавамі і музычнымі вечарамі пад шатамі дрэваў.
Гасцямі Вайцюшкоў бываюць зоркі беларускага бамонду: “Стэфан Эрыксан у нас гасцяваў, ён хросны бацька нашых дзяцей. Някляеў прыязджаў, а з ім разам і спецыяльная служба з Наваградка, якая ў кустах сядзела, ці, можа, нам падалося, – смяецца Вайцюшкевіч. – Сям’я Жыбуляў бывае, літаратары Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч. Маладыя паэты прыязджалі, купаліся ў Нёмане ды забылі на галінцы свае майткі, мы ў іх гонар наступны фестываль назвалі “Сямейнік”. Пару дзён таму нечакана прыехаў спявак Герман, які вядзе на АНТ ранішнюю перадачу, я быў у шоку, але прыемны вечар атрымаўся”.
Вайцюшкевіч рады бачыць у сваіх уладаннях не толькі сяброў з літаратурна-музычна-
Прасіць калег выступіць на сваёй сядзібе Вайцюшкевічу адначасова і прасцей, і складаней: “Я сам нятанны артыст па беларускіх мерках. Таму калі я як гаспадар тэлефаную, пытаюся “Колькі ты каштуеш?” і спрабую збіць цану, то многія з мяне кпяць, – кажа Зміцер. – Але паколькі я плачу з уласнай кішэні, якая не напаўняецца, калі цябе забараняюць, то даводзіцца дамаўляцца, быць вінным”.
Фестывалі, якія Вайцюшкевіч ладзіць больш з памкнення стварыць свята вакол сябе, – не танная забава. Для прыбытку ж гаспадары здаюць пакоі ў аграсядзібе Вайцюшкі турыстам. Пераночыць прыязджаюць невялікія кампаніі: “У асноўным беларусы, не шанцуе часам расіянам у нас спыняцца, бо яны тады выслухоўваюць нашае меркаванне. Хаця пакуль прыязджалі нейкія, відаць, нацыянал-здраднікі, якім нічога не трэба было тлумачыць”.
Аграэкасядзіба Вайцюшкі не імкнецца выконваць любую прыхамаць кліента за яго грошы, хутчэй пастаялец тут будзе адчуваць сябе ў артыста ў гасцях. “Гэта не зусім гатэль і не зусім рэстарацыя, – кажа Зміцер. – Мы хацелі б бачыць свайго сталага кліента, які разумее, дзе ён знаходзіцца, паважае гаспадароў і нашыя беларускія традыцыі. У мяне маленечкі, але статус артыста ёсць, і наразаць салаты няма часу. Я вельмі люблю гатаваць і люблю частаваць гасцей, але так, на замову “кушаць подана”, – ну неяк псіхалагічна з гэтым цяжкавата”.
Самае каштоўнае, што Вайцюшкевіч абяцае гасцям сваёй аграэкасядзібы, – гэта спакой і цішыня: “Вогнішча, рака, шыкоўнае паветра і, галоўнае, цішыня, якой некаторыя нават баяцца. Тут можна слухаць птушак, думаць, крычаць, і нават музыка тут часам непатрэбная, яна гучыць тут дзіўна”.
26 ліпеня – “Ліпеньскі сямейнік” у Вайцюшках“. Дыскрымінацыі паводле сямейнага статусу няма, у госці запрашаюцца таксама ўсе самотныя і халастыя. Зміцер Вайцюшкевіч абяцае вясёлы адпачынак для дарослых і малых: гульні, арт-кірмаш, майстэрні, а ўвечары канцэрт, што ператворыцца ў сімвалічнае святкаванне дня народзінаў гаспадара, з якім яго віншавалі пару дзён таму.
2 жніўня – Фестываль беларускага шансону “Пад ліпамі”. Як і ўсё беларускае, гэты шансон мае інтэлігентны твар і больш нагадвае аўтарскую песню, чым крымінальныя балады. Пад ліпамі выступяць барды Віктар Шалкевіч, Зміцер Бартосік, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Вайцюшкевіч, а таксама альтэр-эга Сяргея Пукста Георгій Дабро. Акрамя таго, будзе кінапаказ чорна-белай стужкі з праекта “Тузін Немаўля”, якую Сяргей Пукст агучыць у якасці тапёра. “Сёлета сцэну мы зрабілі лепшую за Віцебскі амфітэатр, так што дождж выступоўцам будзе не страшны”, – кажа Вайцюшкевіч.
9 жніўня – Джазавы вечар у Вайцюшках. Для аматараў джаза на вясковых прасторах сыграюць Алена і Павал Аракеляны.
Прыязджаць на фэсты можна ўжо ў пятніцу, а ад’язджаць – у нядзелю ўвечары. З сабой трэба мець спальнікі, намёты, ежу і посуд. Цана на ўсе імпрэзы для дарослых – 100 тыс., дзецям да 12 гадоў бясплатна.
Аляксандра Дорская