27.03.2017 | Грамадства Мастацтва

«У іхныя задумы ня веру», — Аляксей Марачкін пра конкурс на мэмарыял у Курапатах і закрытае паседжаньне журы

Абвешчаны конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мэмарыялу) «Курапаты». Заяўкі прымаюцца да 26 красавіка.

Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры, піша газэта «Звязда».
Матэрыялы будуць разгледжаныя журы на закрытым пасяджэньні не пазьней за 1 траўня.

Аляксей Марачкін

Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафэсійную адукацыю. «Заяўкі на ўдзел падаюцца да 26 красавіка па адрасе: Менск, праспэкт Пераможцаў, 11, кабінэт 308. Кантактны тэлефон: +375 17 203 91 31», — паінфармавалі ў міністэрстве. Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены 25 красавіка не пазьней 17.00 па адрасе: Менск, вуліца Някрасава, 3, Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў Беларусі.

«Бліжэйшым часам будуць адкрыты дабрачынныя рахункі ў беларускіх рублях і замежнай валюце для збору сродкаў на стварэньне памятнага знаку ў Курапатах» — дадалі ў міністэрстве.

Як паведамляецца, мэта конкурсу — пошук найбольш выразнага мастацкага ўвасабленьня вобраза ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэньня. «Кампазыцыйнае і плястычнае выкананьне памятнага знаку (мэмарыялу) павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях клясычнага і нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва, адлюстроўваць галоўную ідэю — дзеля ўшанаваньня памяці ўсіх нявінна загінулых ахвяраў ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі», — растлумачылі ў Мінкультуры.

У 2002 годзе на Дзяды ля Крыжа Пакуты быў усталяваны абраз «Маці Божая Курапацкая ўсіх нявінна расстраляных» мастака Аляксея Марачкіна. Як ён ставіцца да абвешчанага конкурсу на мэмарыял у Курапатах?

 

Марачкін: «Курапаты — сакральнае месца, па якім вымяраецца сумленьне нацыі, адносіны да продкаў, да нявінна загінулых. Каплі б была нармальная дзяржава, яна бы апекавалася Курапатамі зь першага дня, як толькі Зянон Станіслававіч Пазьняк адкрыў гэтыя Курапаты. І так і нагі там не было сёньняшняга начальніка краіны. А збоку толькі праяжджаў і бачыў крыжы, якія яму не спадабаліся. Што можа зрабіць гэтая ўлада? Абвясьціць конкурс, зрабіць закрытае журы? Нічога добрага ня будзе. Ужо фактычна народная мэмарыялізацыя адбылася. Усталяваныя крыжы, і гэта вельмі ў народных традыцыях. Нават калі крыж будзе з гадамі падгніваць, то будуць ставіць новыя, яшчэ лепшыя. А крыжы розныя бываюць — і з ручнікамі, і з разьбой народнай. Гэта жывы арганізм, па мёртвых — жывыя крыжы. А ўся іхная задума — мэмарыял, капліцы — я ў гэта ня веру».

Аляксей Марачкін — старшыня журы грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял», які ладзяць грамадзкая ініцыятыва “Экспэрты ў абарону Курапатаў”, суполка мастакоў “Пагоня” і шмат іншых арганізацыяў. Вынікі конкурсу мелі быць праведеныя пасьля выставы пра Курапаты, але хвароба мастака (яму нядаўна зрабілі апэрацыю на сэрцы) прыпыніла справу.

Народны мэмарыял у Курапатах ужо зроблены, улады могуць толькі афіцыйна прызнаць яго, — заявіў раней Свабодзе кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі. Каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька лічыць пагрозай для Курапатаў даручэньне Лукашэнкі правесьці конкурс і пабудаваць мэмарыял ва ўрочышчы. А былая навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная заклікае пакінуць Курапаты ў спакоі.

24 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. «Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (ня Брэсцкую крэпасьць) мэмарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мэмарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы», — цытуе Аляксандра Лукашэнку інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.

Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты ў 1988 годзе ўжо двойчы абвяшчаўся конкурс на стварэньне мэмарыялу — пры канцы 1980-х і напачатку 1990-х. Вылучаліся розныя ідэі, праекты, ініцыятывы, у тым ліку і досыць кантравэрсійныя кшталту падковы, якую прапаноўваў Беларускі фонд міру. Але далей за абмеркаваньні справа ня рухалася. На курапацкім пагорку на закладным камяні прымацаваная шыльда, на якой напісала, напісана, што тут у адпаведнасьці з рашэньнем Савету міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе ўсталяваны помнік ахвярам рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. Помніку ад дзяржавы так і не зьявілася за амаль 30 гадоў. А за гэты час у Курапатах паўстаў Народны мэмарыял, былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў на ахвяраваньні людзей.

25 сакавіка актывісты БРСМ, «Белай Русі» і Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусіправялі талаку ва ўрочышчы Курапаты. Напярэдадні ў Курапатах секлі дрэвы. Падчас талакі актывісты прыбіралі дрэвы. Ва ўрочышчы працавала тэхніка.

Радыё Свабода


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика