Пад такім назовам у літоўскім выдавецтве “Homo Liber” толькі што выйшаў унікальны чатырохмоўны альманах паэзіі. Выхад згаданага альманаха стаў вынікам творчага сумоўя падчас сёлетняга паэтычна-мастацкага пленэру ў Друскеніках. Змест альманаха склалі творы дваццаці ўдзельнікаў пленэру з Літвы, Польшчы, Украіны і Беларусі. Беларускі бок на паэтычным форуме прадстаўлялі Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Сяржук Сыс, Аксана Данільчык, а таксама перакладчык і музыка Алесь Мікус.
Варта адзначыць, што паэтычна-мастацкі пленэр сёлета адбыўся ў другі раз па ініцыятыве Саюза літоўскіх пісьменнікаў. Куратарам па яго арганізацыі і правядзенні выступіла намеснік Старшыні СЛП, вядомая літоўская пісьменніца Бірутэ Янушкайтэ.
22 снежня ў Вільні ў памяшканні Саюза літоўскіх пісьменнікаў адбылася прэзентацыя альманаха. Ёй папярэднічала адкрыццё фотавыставы з Друскенінскага пленэру, якое адбылося ў гандлёва-выставачным цэнтры па адрасе Гедыміна, 9.
Вёў прэзентацыю старшыня Саюза літоўскіх пісьменнікаў Ёнас Ліняўскас. Сёлетні альманах “У каралеўскіх далонях” атрымаўся не менш прэзентабельным і дыхтоўным, чым папярэдні, які выйшаў па выніках мінулагодняга пленэру ў Нідзе. Больш за тое, разам з самім паэтычным фаліянтам на 470 старонак пабачыў свет музычны кампакт-дыск, які складаецца з дзвюх частак: у першай частцы перакладзеныя на літоўскую мову вершы беларускіх паэтаў, пакладзеныя на музыку літоўскім музыкам Марусам Салінасам (Marius Salynas), а ў другой – песні з перакладзеных на беларускую літоўскіх вершаў у выкананні беларускага гурту “Крывакрыж”.
Выступаючы падчас прэзентацыі альманаха намеснік старшыні СБП, паэт і бард Эдуард Акулін, падзякаваў літоўскім калегам за такі “напраўду каралеўскі падарунак акурат напярэдадні светлага свята Калядаў”. І рэзюмаваў : “ Мы нібыта вярнуліся ў залатыя часы Вялікага княства Літоўскага, калі нашыя народы жылі адзінай і дружнай сям’ёй у магутнай і непераможнай дзяржаве – ад Балтыйскага да Чорнага мора… Каб, урэшце рэшт, зразумець і ўсвядоміць галоўнае: мы былі,ёсць і будзем! Пакуль не развучымся абагаўляць Слова, пакуль не перастанем маліцца вершамі…”
Дыск (дыгі-пак) ці альманах (472 ламінаваных старонак) можна замовіць, адправіўшы заяўку на адрас электроннай пошты: [email protected]. У заяўцы будзьце ласкавыя пазначыць Вашае прозвішча, імя, імя па-бацьку, паштовы адрас і індэкс, а таксама патрэбную колькасць асобнікаў альманаху або дыску. Замова прыйдзе Вам поштаю на працягу 3-4 дзён. Дасылаць грошы загадзя не трэба – замову Вы атрымаеце проста на пошце пры атрыманні. Кошт дыску – 25 тыс., кошт альманаху – 50 тыс.
На здымках:
1. Вядучы вечарыны, старшыня СЛП Ёнас Ліняўскас.
2. Выступае куратар праекта , намеснік старшыні СЛП Бірутэ Янушкайтэ.
3. Словы падзякі ад намесніка старшыні СБП Эдуарда Акуліна.