Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды апублікаваў у Twitter відэа адкрыцьця помніка беларускаму пісьменьніку Якубу Коласу ў Цяньдзіньскім унівэрсытэце замежных моваў – паведамляе Радыё Свабода.
Гэта першы помнік беларусу ў Кітаі — Якуб Колас быў адным зь першых беларускіх пісьменьнікаў, чые творы пераклалі на кітайскую. У 1950 годзе, яшчэ пры жыцьці Коласа, на кітайскую пераклалі верш «Абаронцам роднай зямлі» (таксама апублікаваныя па-кітайску ягоныя апавяданьні «Васіль Чурыла» і «Макарка Навак», аповесьць «Дрыгва» і верш «Вецер»).
У жніўні Якубу Коласу паставілі бюст у Ташкенце — сталіцы Ўзбэкістану. Таксама імя Коласа атрымала прылеглая вуліца. У канцы мінулага году ў цэнтры Вільні павесілі мэмарыяльную дошку Якубу Коласу на будынку, дзе месьцілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва».